Па падазрэнні ў датычнасці да выбуху ў кавярні ў Санкт-Пецярбургу затрыманая Дар’я Трэпава, паведамляецца ў тэлеграм-канале Следчага камітэта Расіі. МУС Расіі апублікавала відэа першага допыту Трэпавай.
«Па падазрэнні ў датычнасць да выбуху ў кавярні ў Санкт-Пецярбургу супрацоўнікамі СК Расіі супольна з аператыўнымі службамі затрыманая Дар’я Трэпава», — гаворыцца ў паведамленні.
Высвятляюцца матывы здзяйснення Трэпавай злачынства, з ёй праводзяцца следчыя дзеянні, паведаміла афіцыйная прадстаўніца СК РФ Святлана Пятрэнка. Паводле яе словаў, следства будзе вырашаць пытанне пра меру стрымання для Трэпавай.
Пазней МУС Расіі апублікавала відэа першага допыту Трэпавай.
— Разумееш, за што затрыманая?
— Разумею.
— За што?
— Я б сказала, за знаходжанне на месцы забойства Уладлена Татарскага.
— Што ты зрабіла?
— Я прынесла туды тую статуэтку, якая выбухнула.
— А хто табе перадаў гэтую статуэтку?
— Можна я пазней раскажу? — уздыхаючы, пытае Трэпава.
На гэтым відэа абрываецца.
Газета «Фантанка» паведаміла, што яе затрымалі на арандаванай кватэры знаёмага яе мужа. Паводле інфармацыі выдання, у Трэпавай былі на руках білеты на авіярэйс ва Узбекістан.
Нагадаем, у Санкт-Пецярбургу ўвечары 2 красавіка ў выніку выбуху быў забіты ваенны блогер і папулярызатар вайны Максім Фамін, больш вядомы пад псеўданімам Уладлен Татарскі. Замах адбыўся падчас яго творчага вечара, які праходзіў на Васільеўскім востраве ў кавярні Street Food Bar № 1, што належала структурам заснавальніка ПВК Вагнера Яўгена Прыгожына.
Магутнасць выбуховага прыстасавання ў кавярні склала больш за 200 грамаў тратылу. Паводле апошніх звестак, у выніку выбуху пацярпелі 32 чалавекі. Следчыя кваліфікавалі здарэнне як тэракт. Распачатая крымінальная справа.
Раніцай 3 красавіка МУС Расіі абвясціла Дар’ю Трэпаву, падазраваную ў датычнасці да выбуху ў кавярні ў Пецярбургу, у вышук.
Што вядома пра Дар’ю Трэпаву
Як паведамляе Baza, Трэпава вядомая ў коле феміністак і пецярбургскіх палітактывістаў як «Даша Тыковка» (такі нікнэйм быў у яе ў Твітары). Раней яна працавала прадаўцом у краме вінтажнага адзення. Нядаўна з’ехала з Пецярбурга ў Маскву. Напярэдадні выбуху ў кавярні вярнулася ў Пецярбург.

Трэпава замужам за Дзмітрыем Рылавым — яго падазравалі ў суўдзеле і шукалі. Лібертарыянская партыя, чальцом якой ён з’яўляецца, заявіла, што Рылаў даўно не ў Расіі і можа быць не датычны да выбуху.
«Я лічу, што маю жонку падставілі. Я ў поўнай упэўненасці, што яна б ніколі не змагла зрабіць нешта такое па сваёй волі. Так, мы разам з Дар’яй сапраўды не падтрымліваем вайну ва Украіне, але лічым, што такія дзеянні недапушчальныя. Я знаходжуся ў стапрацэнтнай упэўненасці, што яна б ніколі не пагадзілася на такое, калі б ведала», — заявіў сам Рылаў праекту SVTV News.
Дзве сяброўкі Трэпавай расказалі Агенцтву, што дзяўчына не падтрымлівала вайну, але не прытрымлівалася радыкальных поглядаў.
«У яе былі антываенныя погляды, яна на мітынгі выходзіла, яе затрымлівалі некалькі разоў», — сказала адна з сябровак.
Пра тое ж кажа і іншая яе сяброўка, якая ведае яе са школы. Пры гэтым абедзве не памятаюць, каб Трэпава выказвала радыкальныя погляды.
Паводле інфармацыі з базаў дадзеных, Трэпаву затрымлівалі ў Санкт-Пецярбургу на акцыі пратэсту 24 лютага 2022 года — яна атрымала 10 дзён арышту. Яе таксама затрымлівалі на акцыях у падтрымку Навальнага ў пачатку 2021 года.