Украінскія вайскоўцы паведамілі, што УСУ працягваюць вядзенне наступальнай аперацыі на Мелітопальскім напрамку. У Мінабароны РФ заявілі, што адбілі 14 атак падраздзяленняў ВСУ на чатырох напрамках. Аналітыкі Інстытута па вывучэнні вайны ўпэўненыя, што ўкраінскія сілы дасягнулі тактычных поспехаў у працы. Пераказваем галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 545-ы дзень вайны.

Генштаб УСУ: Наступальная аперацыя на Мелітопальскім напрамку і чатыры пабітыя пункты кіравання праціўніка
«За суткі вораг нанёс 2 ракетныя і 43 авіяцыйныя ўдары, здзейсніў 45 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях УСУ і населеных пунктах. У выніку расійскіх тэрарыстычных атак, на жаль, ёсць загінулыя і параненыя сярод цывільнага насельніцтва. Разбурэнні зазналі жылыя дамы і іншая цывільная інфраструктура. Імавернасць нанясення ракетных і авіяцыйных удараў па ўсёй тэрыторыі Украіны застаецца высокай», — расказалі ў Генштабе УСУ.
Паводле звестак украінскіх вайскоўцаў, за мінулыя суткі адбылося каля 30 баявых сутыкненняў.
- На Валынскім і Палескім напрамках аператыўная абстаноўка без істотных зменаў.
- На Северскім і Слабажанскім напрамках праціўнік абстраляў з мінамётаў і артылерыі больш за 20 населеных пунктаў.
- На Купянскім напрамку артылерыйскім і мінамётным абстрэлам праціўніка падвергліся населеныя пункты Двурэчная, Сінькоўка, Кіслоўка, Бераставое Харкаўскай вобласці.
- На Ліманскім напрамку вораг нанёс авіяцыйныя ўдары ў раёнах Цвердахлебавага, Тарскога, Белагораўкі і Серабранскага лясніцтва Луганскай вобласці. Артылерыйскім абстрэлам праціўніка падвергліся каля 15 населеных пунктаў.
- На Бахмуцкім напрамку праціўнік вёў беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Кляшчэеўкі Данецкай вобласці. Нанёс авіяцыйныя ўдары ў раёнах, якія ўваходзяць у склад Курдзюмаўкі Данецкай вобласці. Ад варожых артылерыйскіх абстрэлаў праціўніка пацярпелі больш чым 20 населеных пунктаў.
- На Аўдзееўскім напрамку пад шчыльным агнём авіяцыі і артылерыі праціўніка УСУ працягваюць стрымліваць наступ расійскіх войскаў у раёне Аўдзееўкі.
- На Мар'інскім напрамку УСУ працягваюць стрымліваць наступ расійскіх войскаў у раёне Мар'інкі і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці.
- На Шахцёрскім напрамку вораг нанёс авіяцыйны ўдар у раёне Старамаёрскага Данецкай вобласці. Артылерыйскім абстрэлам падвергліся Вуглядар, Прачыстоўка, Новаўкраінка, Вялікая Навасёлка, Благадатнае, Ураджайнае Данецкай вобласці.
- На Запарожскім напрамку праціўнік нанёс авіяцыйныя ўдары ў раёнах Малой Такмачкі і Рабоціна Запарожскай вобласці. Ад артылерыйскіх абстрэлаў праціўніка пацярпелі больш чым 30 населеных пунктаў.
- На Херсонскім напрамку ад артылерыйскіх абстрэлаў праціўніка пацярпелі больш за 25 населеных пунктаў.
«УСУ працягваюць вядзенне наступальнай аперацыі на Мелітопальскім напрамку, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах, ажыццяўляюць мерапрыемствы контрбатарэйнай барацьбы», — адзначылі ў Генштабе.
Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі за мінулыя суткі пабілі 4 пункты кіравання, раён канцэнтрацыі асабовага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі, а таксама тры артылерыйскія сродкі на агнявых пазіцыях праціўніка. Украінская авіяцыя нанесла шэсць удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі праціўніка.

Мінабароны РФ: Адбілі 14 атак падраздзяленняў УСУ, знішчылі 39 БПЛА
— На Купянскім напрамку падраздзяленні Заходняй групоўкі войскаў адбілі пяць атак штурмавых атрадаў 41-й, 66-й, 67-й механізаваных і 25-й паветрана-дэсантнай брыгад УСУ ў раёнах населеных пунктаў Сінькоўка Харкаўскай вобласці, Навасёлаўскае і Райгародка Луганскай вобласці.
Страты праціўніка склалі да 65 вайскоўцаў, чатыры баявыя машыны пяхоты, два аўтамабілі, гаўбіца Д-20, а таксама радыёлакацыйная станцыя контрбатарэйнай барацьбы вытворчасці ЗША AN/TPQ-50.
Акрамя таго, у раёне населенага пункта Табаеўка Харкаўскай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 103-й брыгады тэрытарыяльнай абароны.
— На Запарожскім напрамку падраздзяленнямі расійскай групоўкі войскаў, ударамі авіяцыі і агнём артылерыі адбітыя чатыры атакі падраздзяленняў 65-й механізаванай і 82-й дэсантна-штурмавой брыгад УСУ ў раёнах населеных пунктаў Успенаўка і Рабоціна Запарожскай вобласці.
За суткі забітыя больш чым 125 украінскіх вайскоўцаў, знішчаныя тры баявыя машыны пяхоты, дзве баявыя браніраваныя машыны і дзевяць аўтамабіляў.
У выніку эфектыўнай контрбатарэйнай барацьбы на гэтым напрамку за суткі пабітыя: 11 гармат і чатыры мінамёты праціўніка, у тым ліку дзве артылерыйскія сістэмы М777 і тры гаўбіцы М119 вытворчасці ЗША; самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі — Krab польскай вытворчасці і Саеѕаг французскай вытворчасці; а таксама гармата FH-70 вытворчасці Вялікабрытаніі.
— На Данецкім напрамку падраздзяленні Паўднёвай групоўкі войскаў ва ўзаемадзеянні з авіяцыяй і артылерыяй адбілі тры атакі штурмавых груп УСУ ў раёнах населеных пунктаў Новаміхайлаўка і Аўдзееўка Данецкай вобласці.
Страты праціўніка на гэтым напрамку склалі да 235 украінскіх вайскоўцаў, пяць баявых машын пяхоты, два аўтамабілі, дзве артылерыйскія сістэмы М777, самаходная артылерыйская ўстаноўка Krab, гаўбіца «Мста-Б», а таксама радыёлакацыйная станцыя контрбатарэйнай барацьбы AN/TPQ-36.
— На Чырвоналіманскім напрамку зладжанымі дзеяннямі падраздзяленняў групоўкі войскаў Цэнтр", ударамі армейскай авіяцыі, агнём артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм адбітыя дзве атакі штурмавых груп 63-й механізаванай брыгады УСУ на поўдзень ад населенага пункта Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці.
Страты праціўніка склалі звыш 50 вайскоўцаў, тры баявыя браніраваныя машыны, а таксама дзве гаўбіцы Д-30.
— На Паўднёва-Данецкім напрамку ўдарамі авіяцыі і агнём артылерыі групоўкі войскаў «Усход» нанесенае паражэнне чатыром канцэнтрацыям жывой сілы і тэхнікі УСУ ў раёнах населеных пунктаў Макараўка, Старамаёрскае і Ураджайнае Данецкай вобласці.
Страты праціўніка склалі да 240 вайскоўцаў забітымі і параненымі, дзве баявыя браніраваныя машыны, артылерыйская сістэма М777, а таксама гармата FH-70.
— На Херсонскім напрамку ў выніку комплекснага агнявога паражэння забітыя да 15 украінскіх вайскоўцаў, знішчаныя два аўтамабілі, дзве артылерыйскія сістэмы М777, а таксама гаўбіца Д-30.
У Мінабароны Расіі таксама расказалі пра ўдары па тэрыторыі Украіны за суткі:
- аператыўна-тактычная авіяцыя, ракетныя войскі і артылерыя пабілі жывую сілу і ваенную тэхніку ў 139 раёнах. Акрамя таго, у раёне горада Арэхаў Запарожскай вобласці пабіты камандна-назіральны пункт падраздзялення 46-й аэрамабільнай брыгады УСУ, а ў раёне населенага пункта Васількаўка Днепрапятроўскай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 1-й танкавай брыгады УСУ.
- сродкі супрацьпаветранай абароны перахапілі чатыры рэактыўныя снарады сістэмы залпавага агню і HIMARS, знішчылі 39 украінскіх беспілотных лётных апаратаў.

Ваенная разведка Вялікабрытаніі: Расійскі аэрадром у Сольцах, хутчэй за ўсё, атакавалі з тэрыторыі РФ
19 жніўня расейскі стратэгічны бамбавік Ту-22М3 (паводле кадыфікацыі NATO: Backfire) з высокай імавернасцю быў знішчаны на авіябазе ў Сольцах Наўгародскай вобласці, што за 650 кіламетраў ад мяжы з Украінай, гаворыцца ў штодзённай зводцы ваеннай разведкі Вялікабрытаніі.
Адзначаецца, што Мінабароны Расіі заявіла, нібыта атаку здзейснілі беспілотным лётным апаратам коптарнага тыпу.
«Калі гэта праўда, то, хутчэй за ўсё, удары па расійскіх вайсковых аб’ектах ажыццяўляюцца з тэрыторыі Расіі, бо БПЛА коптарнага тыпу наўрад ці могуць даляцець да Сольцаў з-за межаў Расіі», — лічаць у Мінабароны Вялікабрытаніі.
Таксама паведамляецца, што гэта як мінімум трэцяя паспяховая атака на расійскія аэрадромы, таму паўстае пытанне пра здольнасць Расіі абараніць стратэгічныя аб’екты ў глыбіні краіны.
У ведамстве таксама нагадалі, што Расія часта выкарыстоўвала бамбардзіроўшчыкі Backfire для запуску недакладных цяжкіх супрацькарабельных ракет Х-22 па Украіне, а таксама для інтэнсіўнага бамбардавання Марыупаля некіравальнымі бомбамі.
Інстытут па вывучэнні вайны: Украінскія сілы дасягнулі тактычных поспехаў у Рабоціне
Украінскія войскі дасягнулі 20−21 жніўня тактычна значных поспехаў у Рабоціне на захадзе Запарожскай вобласці, гаворыцца ў справаздачы амерыканскага Інстытута па вывучэнні вайны (ISW), піша «Украінская праўда».
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 20 і 21 жніўня, сведчаць, што ўкраінскія сілы дасягнулі цэнтральнай часткі Рабоціна (10 км на поўдзень ад Арэхава) і прарвалі некаторыя расійскія абарончыя ўмацаванні на поўдзень ад Малой Такмачкі (9 км на паўднёвы ўсход ад Арэхава).
Раней ISW ужо ацэньваў, што ўкраінскія атакі на Рабоціна тактычна важныя, бо ўкраінскае наступленне ў гэтым раёне можа дазволіць УСУ пачаць дзейнічаць у абыход самых шчыльных расійскіх мінных палёў.
«Прасоўванне ўкраінскіх войскаў праз палі ў гэтым раёне, імаверна, пацвярджае гэтую ацэнку. Настойлівае прасоўванне ўкраінскіх войскаў у раёне Рабоціна таксама, імаверна, мае на мэце аслабіць расійскія сілы, якія прыклалі значныя намаганні, рэсурсы і асабовы склад для ўтрымання пазіцый вакол Рабоціна», — падкрэслілі ў Інстытуце.
Ключавыя высновы ISW:
- расійскія блогеры працягваюць сцвярджаць, што расійскім войскам не хапае тэхнікі, яны пакутуюць ад нізкага баявога духу па ўсёй лініі фронту;
- Мінабароны Расіі стварае новыя вайсковыя фарміраванні, магчыма, для таго, каб больш баяздольныя часткі, якія абараняюцца цяпер у Херсонскай вобласці, маглі перакідвацца на важнейшыя ўчасткі фронту;
- расійскія войскі вялі наступальныя дзеянні ў раёне Крамянной, Бахмута і на лініі Аўдзееўка — Данецк, прасоўваліся ў раёне Бахмута.

Ва ўмовах ваенных дзеянняў мы не можам аператыўна праверыць дакладнасць звестак афіцыйных асобаў пра канфлікт. Любыя паведамленні праціўнікаў пра свае і чужыя страты варта ўспрымаць з пэўнай доляй скепсісу.