У Расіі зноў трэсла інтэрнэт — гэта звязваюць з імаверным тэставаннем уладамі «Чабурнэту». Што гэта значыць для Беларусі
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Увечары 30 студзеня былі недаступныя сайты і праграмы даменнай зоны RU. У верасні 2023 года ў Расіі назіраліся перабоі з доступам да YouTube, а ў ліпені ненадоўга цалкам адключаўся міжнародны інтэрнэт. Праект «Сетевые свободы» лічыць: гэта звязана з тым, што расійскія ўлады працягваюць эксперыменты са стварэннем нацыянальнага сэрвісу даменных імёнаў — то-бок «суверэннага рунэту». Ці магчымае з’яўленне расійскага «Чабурнэту» ўжо найбліжэйшым часам і як гэта можа паўплываць на Беларусь?

Што здарылася ўвечары 30 студзеня

Нядаўні збой у рунэце быў звязаны з праблемамі ў працы DNS — Domain Name System. Гэта сістэма для пераўтварэння звыклых даменных імёнаў кшталту zerkalo.io ў лічбавыя IP-адрасы (напрыклад, 5.255.255.77 для сайта расійскага «Яндэкса»).

Узнікла праблема з лічбавымі подпісамі DNSSEC, якія абараняюць дадзеныя ад падмены і пацвярджаюць іх сапраўднасць. «Дамены ў файле зоны RU падпісаліся няправільна», — адзначаў спецыяліст па блакаваннях Філіп Кулін.

Логотип премии Рунета. Фото: Wikimedia / Dmitry Rozhkov
Лагатып прэміі рунэту. Фота: Wikimedia / Dmitry Rozhkov

«Расійскія ўлады даўно папярэджвалі, што паспрабуюць перавесці ўсіх карыстальнікаў краіны на нацыянальны сервер DNS. Імаверна, менавіта гэта цяпер і адбываецца з масай сайтаў у зоне RU», — лічыць праект «Сетевые свободы».

Нацыянальная сістэма даменных імёнаў, пра якую ідзе гаворка, у тэорыі мусіць абараніць рунэт ад знешняй пагрозы — патэнцыйнага забірання даменаў верхняга ўзроўню (.RU і .РФ). Але яна ж можа дазволіць расійскім уладам пайсці на самастойную ізаляцыю расійскага сегмента інтэрнэту, піша «Медуза».

Што такое «Чабурнэт»

Слова «Чабурнэт» з’явілася пасля таго, як у 2014 годзе сенатар, чалец Савета Федэрацыі ад Ліпецкай вобласці Максім Каўджарадзэ прапанаваў стварыць у Расіі незалежнае ўнутрырасійскае сеціва і назваць яго «Чабурашка». У выніку ў рунэце для апісання гэтай з’явы і нарадзіўся іранічны тэрмін «Чабурнэт».

Дарэчы, расійскі Савет бяспекі ў тым жа годзе нават абмяркоўваў «адключэнне Расіі ад глабальнага інтэрнэту».

Интернет-мем по мотивам сети "Чебурашка". Фото: X / vits2014
Інтэрнэт-мем па матывах навінаў пра магчымае стварэнне ўнутрырасійкага сеціва «Чабурашка». Фота: X / vits2014

А ў 2019 годзе ў Расіі набыў моц закон пра «суверэнны інтэрнэт», якім і стваралася згаданая ў першым раздзеле нацыянальная сістэма даменных імёнаў. У той час заяўлялася, што пакуль няма «перспектывы адключэння Расіі ад інтэрнэту».

Што адбываецца з рунэтам цяпер і якія «суверэнныя інтэрнэты» ўжо існуюць

Толькі за першую палову 2023-га Раскамнагляд пазбавіў расіян доступу больш чым да 855 тысяч сайтаў. У снежні 2023 года жыхарам гэтай краіны таксама забаранілі рэгістравацца на расійскіх сайтах праз замежныя email-адрасы. Старыя рэгістрацыі з замежных паштовых скрыняў пакінулі ў сіле.

Перад краінай маячыць перспектыва жалезнай заслоны — гэта адбудзецца, калі карыстальнікі страцяць апошнія сэрвісы, пакуль не «зачышчаныя» Раскамнаглядам, не змогуць карыстацца VPN для абыходу блакаванняў ці наогул акажуцца ізаляванымі ад глабальнага сеціва і замкнёныя ўнутры «Чабурнэту», пісала «Медуза» ў канцы 2023 года.

Цяпер у РФ забароненыя як «экстрэмісцкія» і заблакаваныя сацсеткі Instagram і Facebook (карыстацца імі можна толькі з VPN), запаволены экс-Twitter (Х). Сцвярджаецца, што Раскамнагляд ужо стварае інфраструктуру, якая дазволіць закрыць доступ да YouTube так, каб не закрануць іншыя сэрвісы Google.

Иллюстрация: "Код Дурова"
Сайты і сэрвісы, пацярпелыя падчас збою ў Расіі 30 студзеня 2024 года. Ілюстрацыя: «Код Дурова»

Блакаванне мэсэнджараў Telegram і папулярнага ў РФ WhatsApp таксама не выключанае: Раскамнагляд першапачаткова запатрабаваў, каб такая магчымасць была прадугледжаная падчас распрацоўкі абсталявання для «суверэннага рунэту».

Расійскія магчымасці па фільтрацыі інтэрнэту залежаць ад закупак тэхнічных сродкаў процідзеяння пагрозам (ТСПП). Крэмль планаваў закупляць іх як мінімум да канца 2024 года. Аднак закупкі, як мяркуецца, часткова былі сарваныя санкцыямі супраць Расіі.

Да канца 2023-га ў РФ таксама планавалі запусціць пілотны праект «абароненага інтэрнэту», які будзе даступны толькі грамадзянам краіны па персанальным ідэнтыфікатары. Эксперты адзначалі, што ўся неабходная для гэтага інфраструктура ў РФ ужо створаная. Праўда, ідзе ўжо 2024 год, а «абаронены інтэрнэт» у Расіі так і не запусціўся.

Самы вядомы падобны праект рэалізаваны ў Кітаі. Там з 2003 года працуе «Залаты шчыт», таксама вядомы як «Вялікі кітайскі файрвол». Ён абмяжоўвае доступ жыхароў краіны да замежных сайтаў, а кітайскія рэсурсы не могуць спасылацца і публікаваць навіны, узятыя з замежных навінавых сайтаў ці СМІ, без спецыяльнай ухвалы. Вэб-старонкі фільтруюцца па ключавых словах, звязаных з дзяржаўнай бяспекай, а таксама па чорным спісе адрасоў сайтаў.

Иллюстрация "Великого Китайского файрвола». Фото: Instagram / anthonyfredaart
Ілюстрацыя на тэму «Вялікага кітайскага файрвола». Фота: Instagram / anthonyfredaart

Асноўныя папулярныя сусветныя сацсеткі, мэсэнджары і сэрвісы ў КНР недаступныя. Аднак ёсць мясцовыя аналагі: своеасаблівы мікс Telegram, Instagram, Facebook і VK — WeChat з больш чым мільярдам актыўных карыстальнікаў за месяц; DouYin — кітайскі TikTok (сэрвіс кароткіх відэа) з 518 млн актыўных карыстальнікаў за месяц; сэрвіс мікраблогаў Weibo таксама з паўмільярднай аўдыторыяй і іншыя.

«Люстэрка» падрабязна пісала і пра паўночнакарэйскі варыянт «суверэннага сеціва». Праўда, там абарона грамадзян ад непажаданай інфармацыі пастаўленая яшчэ на ўзроўні аперацыйнай сістэмы для камп’ютараў «Пульгын пёль» («Чырвоная зорка»). Усе ПК абавязкова мусяць быць зарэгістраваныя ў паліцыі, спецыяльнае падраздзяленне якой («група 109») кантралюе іх выкарыстанне.

Існуе ў КНДР і эрзац-інтэрнэт пад назвай «Кванмён» («Яркі»). Гэта своеасаблівы агульнанацыянальны інтранэт — лакальная сетка, якая ахоплівае ўсю краіну. Тэхнічна яна грунтуецца на тых самых прынцыпах, што і звычайны інтэрнэт, — з тым выключэннем, што з сусветным сецівам фізічна ніяк не звязаная.

Зал доступа в «Кванмён» в Народном дворце учебы в Пхеньяне, 2014 год. Фото: Wikimedia / Bjørn Christian Tørrissen
Зала доступу ў «Кванмён» у Народным палацы навучання ў Пхеньяне, 2014 год. Фота: Wikimedia / Bjørn Christian Tørrissen

Асноўная частка кантэнту ў «Кванмёне» — паўночнакарэйскага паходжання. Імаверна, ён дазваляе абменьвацца паведамленнямі ў форме электроннай пошты — але не мае нічога падобнага да сацсетак. Некаторыя сайты «Кванмёна», асабліва звязаныя з тэхнічнымі навукамі, уяўляюць сабой скапіяваныя з «сапраўднага» інтэрнэту рэсурсы. Вядома, такому «рэпосту» папярэднічае ўважлівае вывучэнне сайта цэнзарамі, якія мусяць ацаніць, ці не ўяўляе ён якой-небудзь пагрозы.

Як гэта ўсё паўплывае на Беларусь

У Беларусі дзяржава наважылася на блакаванне інтэрнэту толькі ў экстрэмальнай сітуацыі: напярэдадні апошніх прэзідэнцкіх выбараў і падчас душэння пратэстаў супраць фальсіфікацыі іх вынікаў. Гэты выпадак паказаў, што тэхнічна ўлады цалкам здольныя пакінуць усю краіну без доступу да глабальнага сеціва.

Таксама ўлады працягваюць кропкава блакаваць доступ да непажаданых рэсурсаў, спрабуюць кіраваць паводзінамі беларусаў у сацсетках і абяцаюць «дадатковыя меры абароны». У навагоднюю ноч 2024 года ў Беларусі блакавалі YouTube падчас відэазвароту лідаркі дэмакратычных сіл Святланы Ціханоўскай.

Але пра планы ўладаў па стварэнні свайго «суверэннага інтэрнэту» пакуль нічога не вядома.

У той жа час Беларусь інтэгруецца з Расіяй у межах Саюзнай дзяржавы — 29 студзеня Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісалі чарговы і аб’ёмны пакет дакументаў. Падрабязны іх змест пакуль не вядомы.

Владимир Путин и Александр Лукашенко на заседании Высшего госсовета Союзного государства 29 января 2024 года. Фото: пресс-служба Кремля
Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка на паседжанні найвышэйшага дзяржсавета саюзнай дзяржавы 29 студзеня 2024 года. Фота: прэс-служба Крамля

Паведамлялася толькі, што чарговы этап інтэграцыі закране блок гуманітарнага супрацоўніцтва, уключаючы стварэнне агульнай інфармацыйнай прасторы. Але інтэрнэт там закрануць толькі ўскосна — гаворка цяпер ідзе пра стварэнне саюзнага медыяхолдынгу. У планы ўладаў дзвюх краін уваходзіць аб’яднанне ўсіх рэсурсаў саюзнай дзяржавы: ад сацыяльных сетак і электронных выданняў да традыцыйнага тэле- і радыёвяшчання, друкаванай прэсы.

Пра інтэграцыю дзвюх дзяржаваў у інтэрнэт-прасторы, то-бок, напрыклад, збліжэнне нормаў заканадаўства, якія рэгулююць гэтую сферу, або пра стварэнне агульнага «суверэннага інтэрнэту» на гэты момант нічога не паведамлялася. Аднак расійскія рэсурсы папулярныя ў Беларусі — пашукавік «Яндэкс», паштовы і музычны стрымінгавы сэрвісы ад той самай кампаніі, сацсеткі «ВКонтакте» і «Аднакласнікі», пошта Mail.ru. Таму «закрыццё» гэтых рэсурсаў для вонкавага свету можа адбіцца і на беларусах. З іншага боку, калі Расіі ўдасца стварыць закрыты інтэрнэт, і гэты досвед у Менску палічаць станоўчым, беларускія ўлады напэўна паспрабуюць рэалізаваць нешта такое ў сябе.

Пры гэтым і ў Беларусі, і ў Расіі для «інфармацыйнай барацьбы ў інтэрнэце» разглядаюць як прыклад кітайскую сістэму. Так, у 2022 годзе, выступаючы на саміце Арганізацыі Дамовы пра калектыўную бяспеку (АДКБ) у Маскве, Лукашэнка заявіў, што «трэба падумаць сур’ёзна і, можа быць, пайсці шляхам Кітая ў інфармацыйнай барацьбе, асабліва ў інтэрнэце». А ў кастрычніку 2023-га газета «Союзное вече» парламенцкага сходу саюза Беларусі і Расіі публікавала меркаванне расійскай сенатаркі Маргарыты Паўлавай. Яна лічыць, што кіберпрастору трэба браць пад кантроль і «досвед Кітайскай Народнай Рэспублікі ў гэтых пытаннях можа быць вельмі карысны». Паводле Паўлавай, «ва ўмовах ментальнай вайны наспела неабходнасць уводзіць такую сістэму абароны».

Чытайце таксама