У славацкім горадзе Ліптаўскі-Мікулаш, недалёка ад Татраў, абвясцілі рэжым надзвычайнага здарэння праз другі за тры дні напад мядзведзя на людзей. Пра гэта паведамляе Euronews.

Жыхароў папрасілі не пакідаць жылыя раёны, асабліва ў ранішні і вечаровы час. Паведамляецца, што ў зоне рызыкі знаходзіцца шэсць узброеных патрулёў. Яны вядуць назіранне, у тым ліку з дапамогай дронаў і прыладаў начнога бачання.
15 сакавіка ў выніку нападу мядзведзя загінула 31-гадовая грамадзянка Беларусі. Было каля пяці гадзін вечара, калі дарогу пары турыстаў з Беларусі перайшоў мядзведзь. Тыя паспрабавалі ад яго схавацца, пабегшы ў розныя бакі. У выніку горнаратавальнікі знайшлі жанчыну побач з адной са скалаў — на жаль, без прыкметаў жыцця. Відаць, яна атрымала смяротную траўму, зваліўшыся з вышыні каля 150 метраў. Вядома, што мядзведзь быў побач з жанчынай, калі яе цела знайшлі. Паліцэйскі, які таксама быў у складзе пошукавай групы, выкарыстаў табельную зброю, каб адпудзіць звера. Пасля гэтага ратавальнікі знайшлі і спадарожніка беларускі — ён не пацярпеў, але быў моцна напалоханы.
17 сакавіка ў выніку нападу мядзведзя пацярпелі пяць чалавек. Паводле звестак мясцовых уладаў, 49-гадовая жанчына была шпіталізаваная з траўмай пляча, 72-гадовы мужчына — з парэзам галавы. Дзесяцігадовая дзяўчынка і яшчэ двое дарослых атрымалі драпіны і сінякі.