Ва Украіне пачаўся завочны судовы працэс над расійскім вайскоўцам, выхадцам з Алтайскага краю, які пасля акупацыі Кіеўскай вобласці адправіў дадому з Мазыра дзве вялікія пасылкі з нарабаванымі рэчамі. Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода».

Расіяніна абвінавачваюць у парушэнні законаў і звычаяў вайны па ч. 1 арт. 438 Крымінальнага кодэкса Украіны. Гэтае злачынства караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 8 да 12 гадоў.
Згодна з матэрыяламі справы, у перыяд акупацыі Кіеўскай вобласці ў лютым — сакавіку 2022 года расійскі вайсковец знаходзіўся ў вёсцы Бліставіца Бучанскага раёна.
У адным з прыватных дамоў ён скраў фільтр для вады, мужчынскія красоўкі, кабель, ноўтбук Lenovo 330−15ARR, адкрутку і балгарку Makita, дзве бензапілы STIHL MS-180, электрычныя нажніцы Forte WB616, дзве адкруткі, у тым ліку адну ўдарную, страхавальны пояс.
2 красавіка 2022 года, адступіўшы з Кіеўскай вобласці, расіянін з Мазыра адправіў экспрэс-поштай СДЭК у Алтайскі край дзве пасылкі вагой 11,240 кг і 28,720 кг.
Раней следчыя Нацыянальнай паліцыі Украіны высветлілі асобу як мінімум 18 расійскіх вайскоўцаў, якія рабавалі дамы ўкраінцаў у Бучы і Бучанскім раёне Кіеўскай вобласці, а потым пасылкамі з Мазырскага аддзялення экспрэс-пошты СДЭК адпраўлялі скрадзенае дадому.
Праваахоўныя органы Украіны паведамілі, што падчас акупацыі Кіеўскай вобласці, якая доўжылася з 24 лютага да канца сакавіка 2022 года, расіяне выслалі з Мазыра не менш за 58 тон нарабаваных рэчаў.
Нагадаем, у траўні 2022 года Генпракуратура Украіны заявіла, што высветліла імя першага падазраванага, які адпраўляў з Мазыра пасылкі з нарабаваным і нібыта ўдзельнічаў у забойствах мірных грамадзян у Бучы. Ім аказаўся ўраджэнец Мазыра Сяргей Калацэй. У Генпракуратуры яго назвалі камандзірам падраздзялення Расгвардыі з Ульянаўскай вобласці. Мазыранін катэгарычна адхіліў сваю датычнасць да таго, што адбывалася ў Бучы, заявіўшы, што не служыць у расійскіх войсках, не мае расійскага грамадзянства і не ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях ва Украіне.