Былога намесніка міністра абароны Расіі Паўла Папова затрымалі па крымінальнай справе пра махлярства. Пра гэта 29 жніўня паведаміла прэс-служба Следчага камітэта РФ.

Паводле інфармацыі следства, у 2021−2024 гадах Папоў, адказваючы за развіццё, абслугоўванне і працу парку «Патрыёт», «узбагачаўся за кошт гэтай установы, дзейнічаючы сумесна з дырэктарам парку Вячаславам Ахмедавым і намеснікам начальніка Галоўнага ўпраўлення інавацыйнага развіцця Мінабароны РФ Уладзімірам Шасцяровым, якія раней прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці».
Папоў арганізаваў выкананне будаўнічых і рамонтных работ, а таксама пастаўку розных матэрыяльных каштоўнасцяў сабе на загарадны ўчастак у Краснагорскім раёне Падмаскоўя за кошт парку «Патрыёт». Акрамя таго, праз сваіх падначаленых ён прымушаў кіраўнікоў камерцыйных арганізацый, якія маюць дамоўныя адносіны з паркам «Патрыёт», выконваць будаўніча-мантажныя работы ў сябе ў загарадных апартаментах, не аплачваючы іх. Пасля пабудовы дома і добраўпарадкавання ўчастка Папоў працягваў забяспечваць за кошт парку тэхнічнае і гаспадарчае абслугоўванне свайго ўчастка плошчай каля трох гектараў.
Акрамя названага ўчастка з дамамі, ва ўласнасці Папова і яго сям'і знаходзяцца шматлікія аб’екты нерухомасці ў прэстыжных раёнах Масквы, Маскоўскай вобласці і Краснадарскага краю агульным коштам больш за 500 млн расійскіх рублёў (5,4 млн даляраў паводле курсу на 29 жніўня 2024 года).
«Законнасць набыцця названай маёмасці таксама правяраецца ў рамках крымінальнай справы», — паведамілі ў СКР.