Лукашэнка падзяліўся «інсайдам», пра які не казаў расіянам: «Заходнія спецслужбы кажуць пра Беларусь як пра магчымае месца эскалацыі»
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


З сярэдзіны верасня да пачатку лістапада ЗША чакае істотнай эскалацыі абстаноўкі на фронце з боку як Масквы, так і Кіева. Пра гэта са спасылкай на «звесткі беларускіх спецслужбаў» расказаў Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступе 17 верасня на канцэрце да Дня адзінства.

Александр Лукашенко на концерте ко Дню единства. 17 сентября 2024 года, Минск. Скриншот трансляции
Аляксандр Лукашэнка на канцэрце да Дня адзінства. 17 верасня 2024 года, Мінск. Скрыншот трансляцыі

Паводле палітыка, гэтая інфармацыя была агучаная ў закрытай частцы перамоваў прадстаўнікоў беларускіх дэмсілаў са службовымі асобамі ЗША. Сустрэча, як заявілі «беларускія спецслужбы», нібыта адбылася «ў адной з краін», называць якую Лукашэнка ў сваім выступе не стаў «з пэўных прычын».

— Агучылі (прадстаўнікі ЗША. — Заўв. рэд.) наступныя тэзісы: з сярэдзіны верасня да пачатку лістапада ЗША чакаюць істотнай эскалацыі ваеннай абстаноўкі з боку як Масквы, так і Кіева на фронце. Я хачу, каб гэта пачулі і расіяне. Мы да іх пакуль не даводзілі гэтай інфармацыі. Заходнія спецслужбы кажуць пра Беларусь як пра магчымае месца эскалацыі, — зачытаў Лукашэнка з паперкі інфармацыю ад «беларускіх спецслужбаў».

Ён адзначыў, што гаворка ідзе не пра ўступленне беларускіх войскаў у вайну ва Украіне, а «пра рэакцыю ў адказ Кіева на пралёты расійскіх беспілотнікаў праз тэрыторыю Беларусі — аж да нападаў на аб’екты памежнай інфраструктуры» нашай краіны.

— То-бок амерыканцы паказалі Кіеву, калі складуцца абставіны, атакаваць нашую інфраструктуру па паўднёвай мяжы. Прычына — расійскія беспілотнікі лётаюць над… побач з тэрыторыяй Беларусі. Мушу вам адкрыта заявіць. Мы дамовіліся па каналах з украінцамі, што мы не будзем у СМІ падсвятляць факты залёту беспілотнікаў і расійскіх, і ўкраінскіх на нашую тэрыторыю.

Як растлумачыў Лукашэнка, чужыя дроны залятаюць у Беларусь, бо «і тыя, і іншыя дрэнна кіруюць беспілотнікамі», а таксама эфектыўна працуе сістэма радыёэлектроннай барацьбы.

— Адзін з іх (беспілотнікаў. — Заўв. рэд.) мы знайшлі аж пад Бабруйскам — у цэнтры Беларусі. І гэта былі ўкраінскія беспілотнікі, а не расійскія. Хоць і з іншага боку бывае, — заявіў Лукашэнка.