«Пачуццё дэпрэсіі». Беларус са штаба Камалы Харыс расказаў «Люстэрку», як для дэмакратаў прайшоў дзень выбараў
Читать по-русски


/

Проста цяпер у ЗША падлічваюць вынікі выбараў прэзідэнта. Для дэмакратаў сітуацыя досыць напружаная — Камала Харыс усё больш саступае Дональду Трампу. Але многія з іх усё яшчэ захоўваюць пазітыў і спадзяюцца, што да фінальнага падліку сітуацыя зменіцца, лічыць Глеб Вашкевіч. Беларус некалькі месяцаў таму далучыўся да штаба Харыс як валанцёр. Ён расказаў «Люстэрку», як прайшоў дзень галасавання для штаба дэмакратаў і што яны думаюць пра вынік выбараў.

Глеб Вашкевич на вечеринке демократов, на которой все следят за итогами выборов. Чикаго, США, 5 ноября 2024 года. Фото: личный архив
Глеб Вашкевіч на вечарынцы дэмакратаў, на якой усе сочаць за вынікамі выбараў. Чыкага, ЗША, 5 лістапада 2024 года. Фота: асабісты архіў

«Пераканаў траіх у апошні момант прагаласаваць за Камалу»

У ЗША 21-гадовы Глеб Вашкевіч жыве ўжо больш за тры гады, вучыцца ва ўніверсітэце ў Чыкага і працуе мадэллю. Валанцёрам у штаб Камалы Харыс ён запісаўся чатыры месяцы таму. На гэтае рашэнне, тлумачыў хлопец, паўплывалі пратэсты ў Беларусі і вайна ва Украіне — так ён зразумеў, «якой цаной даецца дэмакратыя».

У штаб дэмакратаў у сваім горадзе Глеб прыехаў 5 лістапада каля пяці вечара пасля заняткаў ва ўніверсітэце.

— Прапускаць пары не мог — былі важныя семінары. Таму я паехаў крыху пазней, — расказвае беларус. — Пакуль не закрыліся ўчасткі, нашая асноўная задача заключалася ў тым, каб скарыстацца апошняй магчымасцю тэлефанаваць выбаршчыкам. У асноўным мы тэлефанавалі ў Пенсільванію, Мічыган і Вісконсін — гэтыя штаты знаходзяцца ў блізкім часавым поясе. Гэта рабілася, бо заставалася ўпэўненасць (і яна дагэтуль ёсць), што ўсё будзе вырашацца літаральна пяццю тысячамі галасоў у гэтых штатах (на вынік выбараў у ЗША часцей за ўсё ўплываюць так званыя штаты, што вагаюцца, выбар якіх не відавочны з самага пачатку. — Заўв. рэд.). Таму мы пабеглі абзвоньваць выбаршчыкаў. Я змог пагаварыць наўпрост з васьмю-дзевяццю людзьмі. І я нават пераканаў траіх у апошні момант пайсці і прагаласаваць за Камалу.

Такімі званкамі валанцёры штаба займаліся і раней, удакладняе Глеб. Як лічыць беларус, база выбаршчыкаў у дэмакратаў засталася з мінулых выбараў — і сёлета валанцёры зноў тэлефанавалі і агітавалі за свайго кандыдата. Праўда, часцей за ўсё людзі кідалі трубкі. Як расказвае хлопец, сем-восем званкоў з дзесяці заканчваліся менавіта так. Але кагосьці ўсё ж удавалася пераканаць.

— Мы тэлефанавалі са штаба. Ён выглядае як такі невялікі офісны кабінет, дзе стаяць некалькі сталоў. Звычайна за кожным сядзела па тры-чатыры чалавекі, якія адказвалі за той ці іншы штат. Напрыклад, сёння мы бяром сабе Пенсільванію, стол насупраць — Мічыган. А на наступны дзень наадварот, — апісвае Глеб працу валанцёраў. — Наогул штаб вельмі падобны да офісаў, якія паказваюць у фільмах. Такі невялікі, беленькі. І стацыянарныя тэлефоны, каб, калі што, звязацца з камандай у іншым горадзе.

Офис штаба Камалы Харрис в Чикаго, США, октябрь 2024 года. Фото: личный архив Глеба Вашкевича
Офіс штаба Камалы Харыс у Чыкага, ЗША, кастрычнік 2024 года. Фота: асабісты архіў Глеба Вашкевіча

«Уразіла, што ўсе вакол гэтак жа весяліліся»

Бліжэй да 21.00 большасць участкаў у краіне закрылася, і валанцёры пачалі згортвацца. Але іх дзень на гэтым не скончыўся. У Штатах папулярныя так званыя watching parties (даслоўна «вечарынкі з праглядам»), звязаныя з выбарамі: людзі збіраюцца ў публічных месцах і ўсе разам сочаць за падлікам галасоў. На такую вечарынку перамясціліся і дэмакраты разам з Глебам.

— Пасля закрыцця ўчасткаў мы перабраліся ў бар недалёка ад штаба, — расказвае ён. — Там было вельмі шмат людзей (напэўна, каля сотні). У гэтым раёне жыве шмат людзей польскага паходжання, таму атрымалася такая польска-амерыканская вечарынка. Была вельмі пазітыўная атмасфера. Мы там сядзелі, слухалі прамовы сенатараў, якія пераабіраюцца (у ЗША разам з прэзідэнтам выбіраюць сенатараў, кіраўнікоў раёнаў і гэтак далей. — Заўв. рэд.), і паралельна глядзелі на вынікі. Многія дасталі камп’ютары, паставілі проста на барную стойку, а на экранах была карта з галасаваннем па штатах. І мы сядзелі, адгадвалі, абмяркоўвалі, якая розніца паміж вынікамі 2020 года і 2024-га. Гадзіны дзве-тры прабылі там.

У бары, дзе сабраліся прадстаўнікі штаба, у асноўным былі сябры партыі, палітыкі і актывісты. Простым гараджанам, вядома, прысутнічаць не забаранялі.

— Хоць я не думаю, што там былі б радыя рэспубліканцам, — жартуе Глеб. — Наогул я бачыў шмат рэкламы ў Instagram, што такія вечарынкі праходзілі і ў іншых барах. Таму неабыякавыя амерыканцы, хутчэй за ўсё, ішлі туды, у нашым бары ад пачатку збіраліся дэмакраты. Дарэчы, людзей майго ўзросту было не так шмат. Я ўжо зразумеў з перадвыбарчай кампаніі, што маіх аднагодкаў тут не вельмі цікавіць палітыка. На жаль, яны пакуль не разумеюць, навошта гэтыя выбары і ў чым іх важнасць.

Настроі ў прыхільнікаў Камалы Харыс цягам вечара мяняліся, расказвае Глеб. Калі ўчасткі толькі закрыліся, большасць была настроеная аптымістычна.

— Вядома, я не прысутнічаў у штабе Ціханоўскай, калі былі выбары ў 2020 годзе, але мне расказвалі тыя, хто быў там. І я бачыў фота, як усё адбывалася. Таму мне падалося, што атмасфера ў нас была вельмі падобная, — дзеліцца Глеб. — Было вельмі шмат надзеі, што насамрэч перамены магчымыя. Асабліва ў Амерыцы, дзе сумленна лічаць галасы. І пасля таго, як каманду Харыс падтрымалі многія зоркі — Джэніфер Лопес, Тэйлар Свіфт і Беёнсэ, у нас як бы была ўпэўненасць, што перамога на нашым баку. Тым больш па першых экзітполах Камала Харыс вельмі моцна лідзіравала.

Члены штаба Камалы Харрис мониторят результаты голосования вечером 5 ноября 2024 года. Чикаго, США. Фото: личный архив Глеба Вашкевича
Чальцы штаба Камалы Харыс манітораць вынікі галасавання ўвечары 5 лістапада 2024 года. Чыкага, ЗША. Фота: асабісты архіў Глеба Вашкевіча

Але калі ўсё больш штатаў па выніках галасавання выбірала Трампа, настрой Глеба пачаў мяняцца. Хоць усе вакол, расказвае ён, рэагавалі не так эмацыйна.

— Спачатку абвясцілі галасы вялікіх гарадоў і сталіцы, а яны заўсёды падтрымліваюць дэмакратаў. Але калі сталі ўжо лічыць усе акругі, маленькія мястэчкі, вёскі, то Трамп пачаў даганяць. І пасля гэтага асабіста ў мяне настрой сапсаваўся вельмі моцна, — дзеліцца ён. — Узнікла нават пачуццё дэпрэсіі, прыкрасці і суму. Але мяне ўразіла, што ўсе вакол гэтак жа весяліліся. Я нават не зразумеў: ці то яны ўсведамляюць, што ўсё яшчэ можа памяняцца ў апошні момант, ці то проста змірыліся, што Трамп мае такую падтрымку. А магчыма, людзі даўно ў палітыцы, таму ўжо не рэагуюць так эмацыйна.

Каля 22.30−23.00 паводле чыкагскага часу прыхільнікі Харыс сталі паступова разыходзіцца. Калі менавіта абвесцяць вынікі выбараў афіцыйна, пакуль невядома: гэта можа адбыцца ўжо раніцай 6 лістапада паводле амерыканскага часу, а можа праз пару дзён.

— Гэта такая асаблівасць ЗША. У Беларусі вынікі выбараў звычайна абвяшчаюць па ўсёй краіне. Няма такога, што Магілёўская вобласць абвяшчае раней, Мінск пазней. А тут у кожнага штата аўтаномія, кожны лічыць па-свойму, — тлумачыць суразмоўца. — Дапусцім, Флорыда можа абвясціць вынікі літаральна за паўгадзіны, а Мічыган і Вісконсін могуць лічыць два дні.

«Гэта прэзідэнтка, якая патрэбная Амерыцы»

Расказваючы пра падзеі 5 лістапада, Глеб уздыхае: ноч цяжкая. Прызнаецца, што спаць не збіраецца да апошняга, а для заспакаення ўжо заварыў сабе рамонкавую гарбату. У працэсе размовы хлопец перыядычна адцягваецца і абнаўляе вынікі.

— Я вельмі здзіўлены, наколькі Трамп перасягнуў свае вынікі за 2020-ы, асабліва ў вясковай мясцовасці. Ужо расказваў, што, нягледзячы на такія папярэднія вынікі, большасць дэмакратаў нібыта заставалася на пазітыве. А я сядзеў, і мне нават хацелася плакаць, — прызнаецца беларус. — Хоць мне тлумачылі, што тут выбары як «Еўрабачанне» — у апошні момант усё можа памяняцца. Як было ў 2020-м, калі апошнімі палічылі бюлетэні тых, хто галасаваў дома, і за кошт іх Байдэн у апошні момант вырваў перамогу ў Трампа. Мне здаецца, дэмакраты разлічваюць на нешта падобнае. Але я бачу вельмі аптымістычныя прагнозы на перамогу Трампа, і, здаецца, у Камалы ўсё менш шанцаў.

Глеб Вашкевич на митинге Камалы Харрис в Висконсине, США, 24 октября 2024 года. Фото: личный архив
Глеб Вашкевіч на мітынгу Камалы Харыс у Вісконсіне, ЗША, 24 кастрычніка 2024 года. Фота: асабісты архіў

Камала Харыс планавала выступіць перад прыхільнікамі ноччу 6 лістапада, але ў апошні момант адмяніла выступ. Глеб ужо бачыў кандыдатку ў прэзідэнты асабіста: гэта было 24 кастрычніка ў штаце Вісконсін.

— На мітынгу я стаяў літаральна за чатыры-пяць метраў ад яе. І калі Камала выйшла, я заплакаў. У чалавека такая шалёная энергетыка, яна настолькі пазітыўная, настолькі моцная спікерка і робіць настолькі добрае ўражанне, што я проста заплакаў — эмоцыі на гэтым мітынгу былі проста неймаверныя. Глядзеў на яе і разумеў — гэта прэзідэнтка, якая патрэбная Амерыцы, каб аднавіцца пасля Трампа, пасля пандэміі і павесці краіну наперад, — упэўнены суразмоўца.

Планы на будучыню (і тым больш на выпадак перамогі Трампа) у штабе Харыс пакуль не абмяркоўвалі, расказвае Глеб:

— Пра яго перамогу мы нават не хочам гаварыць. Але калі, цьху-цьху-цьху, заўтра раніцай я прачнуся (мы гаварылі з Глебам пасля паўночы 6 лістапада паводле амерыканскага часу. — Заўв. рэд.) і ўбачу, што ён выйграў, думаю, спачатку мы абмяркуем, як наогул жыць з гэтым наступныя чатыры гады. Бо гэты чалавек не паважае ні іншых людзей, ні адрозныя ад яго ўласных каштоўнасці. І, вядома, гэта будуць няпростыя чатыры гады для Амерыкі. А пасля, думаю, пачнём ужо рыхтавацца да кампаніі 2028 года. Бо ў любым выпадку гэта апошні тэрмін Трампа, на трэці не можа ісці паводле Канстытуцыі. Таму, вядома, гэта будзе магчымасць для новых дэмакратаў, а можа, для той жа Камалы Харыс зноў выйсці на арэну і паказаць, як Трамп разбурыў краіну ў параўнанні з тым, што яна можа прапанаваць добрага.

Чытайце таксама