У мікрараёне Чыгуначны ў падмаскоўнай Балашысе (Расія) кілер параніў з пісталета Макарава з глушыцелем супрацоўніка Мінабароны РФ, піша The Moscow Times.

Нападнік не змог скончыць пачатае, бо ахоўнік ахвяры адкрыў агонь у адказ. У доме, побач з якім здарылася перастрэлка, прапісаныя як мінімум тры чалавекі, звязаныя з расійскім ВПК і сілавымі ведамствамі.
Спроба замаху адбылася ў мінулую сераду ў двары жылога дома на вуліцы Шостая ў ЖК «Вольгіна парк», калі мужчына, які падвергнуўся нападу, выходзіў з пад’езда. Як паведаміла крыніца ў праваахоўных органах РІА «Новости», невядомы ўсчаў страляніну ранняй раніцай, пасля чаго ўцёк.
Baza, Shot і Mash напісалі, што нападнік мэтаскіравана чакаў сваёй ахвяры ля пад’езда і адкрыў агонь, як толькі тая выйшла. Мяркуючы з відэа, пасля некалькіх стрэлаў у спіну пацярпелы пабег да прыпаркаванага ля пад’езда аўтамабіля, адкуль з’явіўся іншы мужчына з пісталетам і пачаў страляць у адказ. Кілер збег і, паводле інфармацыі тэлеграм-каналаў, уцёк на бэжавых «Жыгулях».