Ужо другі дзень Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца з афіцыйным візітам у Расіі. Учора ён правёў перамовы з Уладзімірам Пуціным, пасля якіх той выказаў сваё стаўленне да часовага спынення агню з Украінай. У пятніцу, выступаючы ў Савеце Федэрацыі, Лукашэнка раптам заявіў, што нашая краіна пакуль не збіраецца ўваходзіць у склад Расіі. І пачаў тлумачыць, што Беларусь важная для сваёй усходняй суседкі. Чаму ён раптам пра гэта загаварыў? Ды і навошта беларускага палітыка паклікалі ў Маскву, калі ніякіх гучных заяваў пакуль не прагучала? «Люстэрка» спытала пра гэта палітычнага аналітыка Аляксандра Фрыдмана.
Аляксандр Фрыдман лічыць, што, нягледзячы на статус афіцыйнага, візіт Лукашэнкі ў Расію не планаваўся як прарыўны. Паездкі такога ўзроўню звычайна рыхтуюцца і ўзгадняюцца загадзя. Тое, што прыезд беларускага палітыка супаў з пачаткам перамоваў ЗША з Расіяй наконт сітуацыі ва Украіне — выпадковасць, лічыць аналітык.
— Уладзіміру Пуціну падабаецца сустракацца з Лукашэнкам, прыемна расказваць гісторыі пра тое, як ён з амерыканцамі вёў перамовы, — мяркуе суразмоўца. — Інакш цяжка растлумачыць інфармацыю пра тое, што ў яго яшчэ і ў пятніцу ўвечары, 14 сакавіка, знайшоўся час, каб яшчэ раз пагутарыць з беларускім палітыкам. Я не думаю, што ў Лукашэнкі ёсць сур’ёзная роля дарадцы. Яго задача — удзячна слухаць. Хутчэй, гэта Пуцін даваў указанні і парады, што таму рабіць найбліжэйшым часам. Бо Беларусь наўпрост задзейнічаная ў вайне Расіі супраць Украіны. І тое, што Пуцін вырашыць з амерыканцамі, будзе ў той ці мной меры датычыць Лукашэнкі.
На думку Фрыдмана, заява Лукашэнкі, што найбліжэйшым часам Беларусь не збіраецца ўступаць у склад Расіі, таксама звязаная з перамовамі Пуціна і прадстаўнікоў ЗША па Украіне. Палітычны аналітык падкрэслівае, любы іх вынік будзе нявыгадны Лукашэнку.
— Ён разумее, што калі вайна спыніцца, то значэнне Беларусі як асноўнага саюзніка знізіцца. Значыць, можа, зменшыцца гатоўнасць Расіі субсідыяваць, а ціск з прымусам да інтэграцыі можа ўзмацніцца, — упэўнены палітычны аналітык. — Таму Лукашэнка і спрабуе даказаць, што ён свой, што ён на баку Расіі. Але не хоча, каб Беларусь пазбавілі незалежнасці, якая ў гэтым выпадку выдаецца за сінонім знаходжання яго ва ўладзе.
Нагадаем, выступаючы перад расійскімі сенатарамі, Лукашэнка таксама заявіў, што ў суседняй краіне часам «з'яўляюцца нейкія гарачыя галовы», якія «плодзяць наратывы пра незбалансаванасць выгадаў, утрыманства Мінска, неабходнасць уваходжання Беларусі ў склад Расіі, з’едліва гавораць пра наш саюз».
Чытайце таксама