Прапаганда спрабавала ачарніць Польшчу — але, здаецца, тым самым прызнала, што ў Беларусі ёсць канцлагеры і «фабрыка смерці». Вось у чым рэч
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Днямі дзяржаўныя СМІ апублікавалі цэлы вал аднатыпных матэрыялаў, прысвечаных 90-годдзю адкрыцця лагера ў Бярозе-Картузскай (сучаснай Бярозе ў Брэсцкай вобласці). Іх аўтары называлі гэтую ўстанову «польскім канцлагерам», ды яшчэ і «адным з самых страшных» і «жахлівых» у гісторыі XX стагоддзя. Таксама прапагандысты менавалі лагер у Бярозе-Картузскай «фабрыкай смерці», сцвярджалі, што ў ім утрымлівалася мноства беларусаў, і называлі лічбы ў 8−10 тысяч палонных. Гэты лагер — сапраўды адна з самых ганебных старонак у гісторыі міжваеннай Польшчы, прычым так лічаць і самі палякі. Але аповед пра яго ў выкананні прапагандыстаў аброс такой вялікай колькасцю хлусні, перабольшанняў і ацэначных меркаванняў, што пачаў нагадваць твор у жанры альтэрнатыўнай гісторыі. Расказваем, што з іх сцверджаннямі не так і што насамрэч было ў Бярозе больш за 80 гадоў таму.

З чым звязаная цікавасць прапаганды да лагера ў Бярозе-Картузскай

Гісторыя польскага лагера ў Бярозе-Картузскай добра вядомая, задакументаваная і даўно апісаная без усялякіх прыхарошванняў — у тым ліку і польскімі гісторыкамі. Паколькі гэты аб’ект знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, ён увесь час забіраў увагу айчынных навукоўцаў, журналістаў, а яшчэ дзяржаўных прапагандыстаў.

Бывшее здание лагерной администрации и обелиск на месте лагеря в Березе. 2010 год. Фото: Christian Ganzer, Hamburg. Собственная работа, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Былы будынак лагернай адміністрацыі і абеліск на месцы лагера ў Бярозе, 2010 год. Фота: Christian Ganzer, Hamburg, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Некаторыя з іх, як ураджэнец Бярозы Сяргей Кнырэвіч, прысвяцілі значную частку жыцця збору сведчанняў вязняў лагера і відавочцаў, каб гістарычная памяць пра тыя падзеі жыла і была максімальна аб’ектыўнай. Іншыя, як гісторык, супрацоўнік газеты Міністэрства абароны «Во славу Родины», дзяржагенцтва БЕЛТА і сябра рэдкалегіі часопіса «Беларуская думка» Алег Ліцкевіч, час ад часу публікавалі тэндэнцыйныя артыкулы, у якіх выдавалі за аб’ектыўныя факты свае дапушчэнні, здагадкі і дадумванні.

Так, у адным з артыкулаў Ліцкевіча ёсць асобны раздзел «Тэракт ці правакацыя?». У ім аўтар спрабуе пераканаць чытачоў, што польскія ўлады самі арганізавалі забойства ўласнага міністра ўнутраных справаў Браніслава Пярацкага, каб выкарыстоўваць яго смерць як падставу для стварэння лагера ў Бярозе (насамрэч замах на чыноўніка арганізавалі ўкраінскія нацыяналісты).

Вось што пісаў Ліцкевіч: «Левыя арганізацыі Польшчы ўжо ў той час лічылі, што за забойствам Пярацкага стаяць польскія спецслужбы. Гэты замах параўноўвалі з падпалам Рэйхстага ў 1933 годзе, пасля якога ў нацысцкай Германіі пачаліся рэпрэсіі супраць палітычных праціўнікаў». Як нескладана заўважыць, тут няма ніякіх доказаў — толькі згадваюцца чыесьці меркаванні.

Яшчэ адзін аргумент Ліцкевіча на карысць правакацыі заключаецца ў тым, што польскія ўлады «нібыта чакалі нагоды» і адрэагавалі на забойства міністра «з падазронай аператыўнасцю», а менавіта — на трэці дзень пасля замаху. У які тэрмін улады мусяць рэагаваць на забойства высокапастаўленага чыноўніка, каб не выклікаць падазрэнняў, Ліцкевіч не тлумачыць.

Похороны Бронислава Перацкого в городе Новы-Сонч, Польша, июнь 1934 года. Фото: audiovis.nac.gov.pl, commons.wikimedia.org
Пахаванне забітага міністра ўнутраных справаў Польшчы Браніслава Пярацкага ў горадзе Новы-Сонч, Польшча, чэрвень 1934 года. Фота: audiovis.nac.gov.pl, commons.wikimedia.org

Адзначым, што ў артыкуле Ліцкевіча, апублікаваным яшчэ ў 2010 годзе, ужо прысутнічае набор звыклых для цяперашняй прапаганды штампаў пра польскі лагер. Так, ужо ў першым абзацы аўтар характарызуе яго як «адзін з самых жудасных канцлагераў за ўсю гісторыю XX стагоддзя» — нават больш жудасны, чым савецкі ГУЛАГ і гітлераўскія «лагеры смерці».

Але ў цэлым тэма лагера ў Бярозе заставалася рэдкай госцяй у СМІ і цікавіла больш гісторыкаў, чым журналістаў ці прапагандыстаў. Гэта і нядзіўна: у тую эпоху ў Беларусі адбываліся нашмат больш маштабныя і крывавыя падзеі накшталт голаду ва Усходняй Беларусі ў пачатку 1930-х гадоў, сталінскіх рэпрэсій і Другой сусветнай вайны. На гэтым жахлівым фоне лагер у Бярозе, які закрануў насамрэч адносна невялікую колькасць беларусаў (пра гэта мы раскажам далей), выглядаў не такім жахлівым і шакавальным.

Усё змянілася пасля падзей 2020 года, калі ўлады «прызначылі» Польшчу галоўным ворагам. Да набору адкрыта паланафобскіх рашэнняў і заяваў, што распальваюць міжнацыянальную варожасць (накшталт абвяшчэння дня ўварвання савецкіх войскаў на тэрыторыю Польшчы Днём народнага адзінства, руйнавання магіл польскіх патрыётаў, якія змагаліся супраць нацыстаў, і «наездаў» на беларусаў з картамі паляка), дадалася і дэманізацыя і без таго кепскага польскага лагера ў Бярозе.

Папулярызацыя міфа пра антыбеларускі польскі лагер у Бярозе-Картузскай хутка зрабілася адной з важных задач дзяржаўнай прапаганды. І матэрыялізавалася ў самой Бярозе. У жніўні 2021 года тут абнавілі невялікі савецкі абеліск, прысвечаны ахвярам лагера, і дапоўнілі яго дзвюма гранітнымі плітамі з надпісамі «Памяці ахвяр польскай акупацыі Заходняй Беларусі 1921−1939 гг.» і «Канцэнтрацыйны лагер у Бярозе-Картузскай 1934−1939 гг.». У верасні таго ж года ў філіяле Бярозаўскага гістарычна-краязнаўчага музея адкрылася часовая экспазіцыя пра лагер, а да Дня народнага адзінства ў 2022 годзе яна стала пастаяннай.

Навошта Польшча пабудавала лагер у Бярозе-Картузскай і ці сапраўды ён быў канцлагерам?

На думку польскага гісторыка з Беластока Войцеха Сляшыньскага, перадумовы да магчымага паўстання лагера ў Бярозе-Картузскай у Польшчы сапраўды з’явіліся яшчэ да забойства міністра ўнутраных справаў Браніслава Пярацкага ўкраінскімі нацыяналістамі. У 1926 годзе ў краіне адбыўся «травеньскі пераварот», які прывёў да ўсталявання рэжыму санацыі («аздараўлення») пад кіраўніцтвам Юзафа Пілсудскага. Але перадумовы — гэта, вядома, не прычына. Адной з мэтай рэжыму санацыі было «аздараўленне» (ва ўяўленні дзеячаў самога рэжыму) палітычнага жыцця Польшчы, для чаго пры некаторых абставінах дапускалася выкарыстоўваць жорсткія і недэмакратычныя метады. То-бок пераварот зрабіў прынцыпова магчымым стварэнне ўстановы накшталт лагера ў Бярозе-Картузскай — але не стаў прычынай яго стварэння.

Непасрэдна да стварэння лагера прывяло тое самае забойства міністра ўнутраных справаў Польшчы Браніслава Пярацкага. Арганізатарамі і выканаўцамі забойства былі сябры Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН), незадаволеныя яго палітыкай «пацыфікацыі» («супакаення») Заходняй Украіны, якая, як і Заходняя Беларусь, уваходзіла ў склад польскай дзяржавы.

Але ўрад рэжыму санацыі вырашыў, што вінаватыя ў гібелі міністра наогул усе сілы, якія «дэстабілізавалі» грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне. Таму пасля забойства Пярацкага арыштавалі не толькі ўкраінскіх, але і польскіх нацыяналістаў — а заадно і камуністаў. Але арыштамі ўсё не абмежавалася.

На паседжанні ўрада 17 чэрвеня 1934 года было прынятае рашэнне стварыць у Польшчы лагер для ізаляцыі, у які можна было б адпраўляць арыштаваных уладамі людзей без рашэння суда. Прычынай арышту магла стаць дзейнасць, якую палічылі б шкоднай для бяспекі, міру і грамадскага парадку. Такая расплывістая фармулёўка дазволіла ўладам у вельмі шырокіх межах ацэньваць, хто з грамадзян — парушальнік грамадскага парадку, а хто — не. Непасрэдным вынікам гэтага рашэння і стала з’яўленне лагера ў былых салдацкіх казармах ў Бярозе-Картузскай.

Одна из казарм, использовавшихся для размещения заключенных лагеря в Березе-Картузской. 2006 год. Фото: Aleksandrs Čaičics - Own work, Public Domain, commons.wikimedia.org
Адна з казармаў, якія выкарыстоўваліся для размяшчэння зняволеных лагера ў Бярозе-Картузскай, 2006 год. Фота: Aleksandrs Čaičics, commons.wikimedia.org

Менавіта рашэнне польскага ўрада адпраўляць у лагер людзей без прысуду стала той прычынай, з якой некаторыя даследчыкі лічаць яго канцэнтрацыйным лагерам. Канцлагерам называюць спецыяльна абсталяваныя аб’екты для прымусовага ўтрымання пад вартай ваеннапалонных, інтэрнаваных, прадстаўнікоў нейкіх этнічных ці палітычных груп. Ад турмаў канцлагеры адрозніваюцца тым, што многіх людзей (напрыклад, палітычных праціўнікаў дзейнай улады) туды адпраўляюць без справядлівага суда, а часта — нават без выстаўлення абвінавачанняў.

Лагер для ізаляцыі ў Бярозе-Картузскай меў фармальныя прыкметы канцлагера. Польскія ўлады сапраўды адпраўлялі туды «палітычна нядобранадзейных» (то-бок цэлую палітычную групу, а не асобных людзей) без суда на тэрмін да трох месяцаў з магчымасцю падаўжэння яшчэ на тры месяцы.

Але ставіць з гэтай нагоды лагер у Бярозе-Картузскай у адзін шэраг з «класічнымі» канцлагерамі нацысцкай Германіі і сталінскага СССР — гэта вельмі вялікая памылка для саміх прапагандыстаў. Рэч у тым, што з такой шырокай інтэрпрэтацыяй пад вызначэнне «канцлагера» выдатна падыходзяць беларускія ізалятары — напрыклад, былая «Валадарка», ІЧУ на Акрэсціна ці СІЗА КДБ. У іх таксама ўтрымліваюцца палітвязні, якія часта чакаюць суда па 5−10 месяцаў запар, а ў асобных выпадках і значна даўжэй.

Нагадаем, паводле нормаў дзейнага ў Беларусі заканадаўства тэрмін утрымання ў СІЗА палітвязня (як «асобы, абвінавачанай у здзяйсненні цяжкіх або асабліва цяжкіх злачынстваў») без суда можа даходзіць да 18 месяцаў (па санкцыі генпракурора) — а калі пастаянна мяняць абвінавачанні можа наогул доўжыцца бясконца. Так, напрыклад, Эдуард Бабарыка прабыў у СІЗА без суда амаль тры гады.

Люди, вышедшие из ЦИП на Окрестина 13 августа 2020 года. Фото: TUT.BY
Людзі, якія выйшлі з ЦІП на Акрэсціна 13 жніўня 2020 года, дэманструюць атрыманыя там пабоі. Фота: TUT.BY

Калі лічыць лагер у Бярозе-Картузскай сапраўдным, паўнавартасным канцлагерам, давядзецца пагадзіцца з тым, што аналагічныя канцлагеры ў 2020-х гадах існуюць у самым цэнтры Мінска.

Ці праўда, што ў лагеры было шмат беларусаў? Каго наогул там утрымлівалі і колькі ўсяго зняволеных было?

Па публікацыях у дзяржаўных СМІ вандруе аднолькавая ацэнка: сцвярджаецца, што «паводле розных ацэнак, праз сцены канцлагера прайшло 8−10 тысяч чалавек». Як правіла, без усялякіх спасылак на гэтыя самыя ацэнкі. Важна, што падчас пералічэння нацыянальнасцяў зняволеных звычайна падкрэсліваецца вялікая колькасць беларусаў сярод іх. Так, у публікацыі дзяржагенцтва БЕЛТА беларусы пастаўленыя на першае месца ў спісе нацыянальнасцяў зняволеных, прычым адзіны кітаец аказаўся на апошнім месцы: «беларусы, палякі, габрэі, украінцы, немцы і нават адзін кітаец». Гэта стварае ўражанне, нібыта спіс складзены паводле змяншэння — а значыць, беларусаў у лагеры было не проста шмат, а больш за ўсіх.

Пачнём з агульнай колькасці людзей, якія прайшлі праз лагер. Калі дапусціць, што яна сапраўды сягала 10 тысячам чалавек, то, падзяліўшы на пяць гадоў існавання лагера, атрымаем вялікую лічбу па 2 тысячы зняволеных у сярэднім.

Але такі падлік будзе некарэктным. Насамрэч агульная колькасць вязняў лагера ў Бярозе-Картузскай даходзіла да 9 тысяч чалавек. Але ільвіная іх доля — 6 тысяч чалавек — з’явілася ў лагеры толькі ў апошнія тыдні яго існавання, пасля пачатку нямецкага, а потым і савецкага ўварвання ў Польшчу. Сярод гэтых «навасёлаў» ваеннага часу пераважалі этнічныя немцы з ліку жыхароў Польшчы, якіх улады падазравалі ў шпіянажы на ворага (ад 3 да 3,5 тыс. чалавек). Таксама сярод гэтых вязняў былі нямецкія ваеннапалонныя, падазроныя з пункту гледжання ўладаў украінцы і людзі, якія здзейснілі крымінальныя злачынствы.

Апошні вязень мірнага часу Тадэвуш Бяшчыньскі трапіў у лагер 29 жніўня 1939 года (за два дні да пачатку вайны) — і яго парадкавы нумар быў 3091. Пры гэтым заўважым, што зафіксаваныя некалькі дзясяткаў выпадкаў, калі адным і тым жа людзям, якія атрымлівалі дадатковы тэрмін знаходжання ў лагеры, прысвойваўся новы парадкавы нумар (то-бок рэальная колькасць зняволеных была нават меншая). Такім чынам, у сярэднім праз лагер у Бярозе праходзіла каля 600 чалавек за год.

Заўважым, што колькасць людзей, якія знаходзіліся ў лагеры за адзін раз, вельмі моцна вагалася. У кастрычніку 1934 года тут было 390 зняволеных, у снежні 1935 года — 85, у красавіку 1938 года (на піку) — 800, а ў жніўні 1939-га — 524. Нават у самым вялікім значэнні гэтая велічыня не ідзе ні ў якае параўнанне з колькасцю зняволеных у велізарных канцлагерах нацысцкай Германіі і ГУЛАГа, дзе ўтрымліваліся мільёны чалавек і з якімі лагер у Бярозе-Картузскай параўноўвае прапаганда. Напрыклад, у пачатку 1940 года ва ўсіх лагерах, калоніях і турмах ГУЛАГа ў СССР за адзін раз утрымлівалася больш за 1,85 млн чалавек. Ды і ў сучаснай Беларусі ёсць значна буйнейшыя месцы пазбаўлення волі. Напрыклад, ПК № 2 у Бабруйску, дзе ўтрымліваюць каля 2400 чалавек — у тым ліку больш за 100 палітвязняў.

Тут важна адзначыць, што і ў лагеры ў Бярозе-Картузскай сядзелі не толькі палітвязні. Так, на 1 траўня 1939 года ў ім лічылася 158 палітычных зняволеных, 307 «крымінальнікаў» і 38 чалавек, абвінавачаных у здзяйсненні эканамічных злачынстваў. У цэлым жа сярод даваенных зняволеных лагера было 55% палітвязняў-камуністаў, 4% украінскіх нацыяналістаў, 2% польскіх нацыяналістаў, 1% прыхільнікаў нямецкага нацызму — а таксама 35% крымінальнікаў і 2% людзей, якія ўчынілі эканамічныя правапарушэнні.

Закрытый магазин жителя Варшавы, обвиненного в спекуляциях продуктами питания и отправленного в лагерь в Березу-Картузскую. Фото: Narodowe Archiwum Cyfrowe, Public Domain, commons.wikimedia.org
Закрытая крама жыхара Варшавы, абвінавачанага ў спекуляцыях прадуктамі харчавання і адпраўленага ў лагер у Бярозу-Картузскую. Фота: Narodowe Archiwum Cyfrowe, Public Domain, commons.wikimedia.org

Цяпер пяройдзем да пытання пра колькасць беларусаў у лагеры. Згодна з захаванымі дакументамі, іх сярод усіх зняволеных лагера за ўсе гады яго існавання было 6% — то-бок каля 180 чалавек. Прыкладна такую ж долю (6,1%) беларусы мелі ў агульнай колькасці насельніцтва міжваеннай Польшчы. Згаданы Сяргей Кнырэвіч ацэньвае агульную колькасць беларусаў у лагеры аналагічна: прыкладна ў 150−200 чалавек. І сцвярджае, што большасць з іх былі камуністамі (некалькі дзясяткаў — беларускімі нацыяналістамі).

На гэтым месцы варта спыніцца, каб усвядоміць сутнасць маніпуляцыі, якую спрабуе распаўсюдзіць дзяржпрапаганда. Яе аўтары вельмі абураныя існаваннем «канцлагера» і «фабрыкі смерці», праз які прайшло каля 180 беларусаў за пяць гадоў. І пры гэтым не выказваюць ніякай заклапочанасці ў сувязі з тым, што проста цяпер у турмах сядзіць каля 1400 палітзняволеных беларусаў — а агульная іх колькасць за апошнія чатыры гады ўжо перавысіла 5 тысяч (а фактычна можа быць яшчэ большай). 180 і 5000 — проста параўнайце гэтыя лічбы, каб зразумець, як суадносяцца паміж сабой маштабы пераследу беларусаў-іншадумцаў у міжваеннай Польшчы пад уладай аўтарытарнага рэжыму санацыі 90 гадоў таму і ў сучаснай Рэспубліцы Беларусь.

Большую частку зняволеных лагера складалі палякі (43%). На другім месцы былі габрэі (33%), за імі ішлі ўкраінцы (17%), потым беларусы (6%), а замыкаў спіс 1% немцаў. Пры гэтым сярод палякаў — вязняў лагера большасць (63%) складалі крымінальнікі. А вось большасць зняволеных з ліку ўкраінцаў (89%), беларусаў (84%) і габрэяў (76%) былі «палітычнымі».

Відавочна, што лагер у Бярозе-Картузскай выкарыстоўваўся даваеннымі ўладамі Польшчы для барацьбы са сваімі палітычнымі праціўнікамі без усялякай прывязкі да іх этнічнай прыналежнасці. Ён быў такім жа антыбеларускім, як і антыўкраінскім, антыгабрэйскім і ўласна антыпольскім. Акрамя таго, паўторымся, маштаб пераследу палітычных апанентаў уладаў у Польшчы не ішоў ні ў якае параўнанне з аналагічнымі працэсамі ў суседніх Германіі і СССР.

Вельмі сімвалічны лёс некалькіх вядомых беларусаў — вязняў лагера ў Бярозе. Рэлігійны і грамадска-палітычны актывіст Вячаслаў Багдановіч, які двойчы абіраўся дэпутатам у польскі Сейм, трапіў у лагер у 1939 годзе як праціўнік аўтакефаліі праваслаўнай царквы Польшчы (ён лічыў, што яна мусіць заставацца часткай РПЦ). Неўзабаве пасля прыходу савецкіх войскаў у Заходнюю Беларусь Багдановіча затрымалі супрацоўнікі НКУС — пасля гэтага яго след губляецца. Паводле самай імавернай версіі, яго расстралялі ў турме ў Вілейцы неўзабаве пасля арышту.

Журналіст і паэт Сяргей Хмара ўтрымліваўся ў лагеры ў Бярозе двойчы. Пасля прыходу савецкіх войскаў ён пакінуў лагер і два месяцы жыў у Слоніме — але праз два тыдні яго арыштавалі. Хмару ўдалося збегчы падчас пешага пераходу з мінскай турмы ў магілёўскую. Падчас вайны паэта двойчы арыштоўвалі немцы: першы раз — за адмову ўдзельнічаць у пагромах у гета, а другі — за «нацыяналістычную» беларускую дзейнасць і прапаганду. З нямецкіх засценкаў Хмара таксама здолеў збегчы — і ўрэшце дабраўся да Канады, дзе і дажыў да старасці.

Ці сапраўды лагер у Бярозе-Картузскай быў «фабрыкай смерці»?

Тэзіс пра тое, што лагер у Бярозе-Картузскай быў «фабрыкай смерці», вельмі лёгка правяраецца дакументальна. За ўсе пяць гадоў існавання памерла 13 яго вязняў (прычым большасць — у бальніцы ў Кобрыне). Яшчэ адзін чалавек скончыў жыццё самагубствам. Змяшчэнне польскага лагера ў адзін шэраг з сапраўднымі «фабрыкамі смерці» — канцлагерамі нацыстаў накшталт Асвенціма (1,1 мільёна загінулых), Трэблінкі-2 (больш за 800 тысяч загінулых) ці Белжаца (434,5 тысячы загінулых) — гэта відавочная маніпуляцыя.

Вядома, смерць нават 14 зняволеных — вялікая трагедыя і відавочнае злачынства, якое ляжыць на сумленні даваенных уладаў Польшчы. Іншая рэч, што адбылося гэта злачынства больш за 80 гадоў таму. І, расказваючы пра яго, дзяржаўная прапаганда зноў ва ўпор не заўважае вельмі падобных падзей, якія адбываюцца на беларускай зямлі проста цяпер.

Пачынаючы з 2020 года ў Беларусі памерла за кратамі ўжо не менш за шэсць палітвязняў (Аляксандр Кулініч, Ігар Леднік, Вадзім Храсько, Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч, Вітольд Ашурак). Яшчэ адзін сучасны палітвязень, Дзмітрый Дудойць, скончыў жыццё самагубствам. Акрамя таго, у шпіталях памерлі палітвязні Алена Амеліна і Сяргей Шчацінка, якія трапілі туды з ЦІП на Акрэсціна і Асіповіцкага ІЧУ.

17-гадовы Дзмітрый Стахоўскі, фігурант крымінальнай справы за ўдзел у «масавых беспарадках» 9−11 жніўня 2020 года, скончыў жыццё самагубствам, скокнуўшы з 16-павярховага будынка. Таксама ў бальніцы памёр дастаўлены туды з аўтазака пасля затрымання амапаўцамі Аляксандр Віхор.

Витольд Ашурок. Фото из Facebook 
Вітольд Ашурак. Фота: Facebook

Такім чынам, менш чым за чатыры гады ў Беларусі загінула ўжо не менш за 11 палітвязняў і людзей, затрыманых за ўдзел у палітычна матываваных пратэстах. Тэмпы гібелі такіх людзей у Беларусі цалкам супастаўныя з хуткасцю, з якой гінулі людзі ў ізаляцыйным лагеры ў Бярозе-Картузскай. Заўважым, што апошняе адбывалася больш за 80 гадоў таму — калі ў свеце быў значна ніжэйшы ўзровень медыцыны, а стандарты жыцця (у прыватнасці, харчавання) былі зусім іншымі. Карыстаючыся логікай прапагандыстаў, цяперашнюю пенітэнцыярную сістэму Беларусі таксама цалкам можна назваць «фабрыкай смерці».

Ці быў лагер у Бярозе-Картузскай «адным з самых жудасных канцлагераў»?

Ці можна назваць лагер у Бярозе-Картузскай «адным з самых жудасных канцлагераў»? Гэта ацэначнае меркаванне, справядлівасць якога залежыць ад вельмі многіх фактараў. Па-першае, трэба вызначыцца, адным з колькіх менавіта. Калі зрабіць кола ацэнкі жудаснасці дастаткова шырокім, то рана ці позна лагер у Бярозе-Картузскай у яго трапіць — роўна як і, напрыклад, ІЧУ на Акрэсціна: відаць, многія беларусы пагодзяцца, што гэтая ўстанова цалкам можа ўвайсці ў спіс самых жудасных канцлагераў у гісторыі.

Акрамя таго, варта акрэсліць нейкія крытэры гэтай самай жудаснасці. Сапраўды, умовы ўтрымання зняволеных у лагеры ў Бярозе-Картузскай былі бесчалавечнымі. Яго вязні сутыкаліся з незаконнымі фізічнымі і псіхічнымі катаваннямі. Хоць фармальна тэрмін зняволення абмяжоўваўся трыма месяцамі з магчымасцю падаўжэння на такі ж тэрмін, рэкордны час знаходжання зняволенага ў лагеры склаў 2,5 года (заўважым, што ў сучаснай Беларусі па палітычна матываваных справах можна атрымаць 25 гадоў).

Зняволеныя ў польскім лагеры жылі па жорсткім раскладзе. Ім забаранялася размаўляць, курыць, атрымліваць пасылкі з прадуктамі. У бараках часта праводзіліся начныя ператрусы. Не ўсім вязням хапала вады, каб памыцца раніцай. Сярод катаванняў, з якімі сутыкаліся зняволеныя, была прабежка праз шыхт наглядчыкаў, якія білі іх дубінкамі. Была ў лагеры і бібліятэка — праўда, толькі з палітычна выверанымі кнігамі (зняволеныя-ўкраінцы пазней жартавалі, што пытанні тактыкі і стратэгіі палітычнай барацьбы яны засвойвалі па кнігах Пілсудскага).

Акрамя таго, зняволеныя ў Бярозе-Картузскай шмат працавалі, прычым часта іх праца не мела практычнага сэнсу, а разглядалася толькі як адзін са спосабаў перавыхавання іншадумцаў. Вязняў маглі запрагаць замест коней, каб вазіць драўніну, камяні, гной. Некаторыя працы ўсё ж былі карыснымі — напрыклад, умацаванне шашы Бяроза — Кобрын, паглыбленне ракі, якая працякае праз Бярозу, добраўпарадкаванне манастыра.

Парушальнікаў лагернай дысцыпліны адпраўлялі ў карцар — памяшканне без вокнаў, у якім стаяла толькі памыйнае вядро. Спаць у карцары даводзілася проста на бетоне, на які наглядчыкі маглі выліць пару-тройку вёдраў халоднай вады для дадатковага «камфорту». Зняволеныя маглі сядзець там месяцамі. Перад выхадам з лагера вязень мусіў падпісаць дэкларацыю лаяльнасці або абавязанне пакінуць краіну.

Такое абыходжанне з людзьмі сапраўды жудаснае. Але наўрад ці нешта з пералічаных вышэй прыкладаў моцна здзівіць беларускіх палітвязняў, якія рэгулярна сутыкаюцца з вельмі падобным абыходжаннем і катаваннямі.

На жаль, чалавечая гісторыя ведае нямала выпадкаў, калі доступ да безабаронных зняволеных атрымлівалі адкрытыя садысты. Жорсткасць і выдасканаленасць прыдуманых імі катаванняў бывала такой, што неяк ранжыраваць паміж сабой іх жудаснасць, здаецца, проста немагчыма. Ды і як вызначыць, што жудаснейшае: забіванне да смерці жалезнымі прутамі, выдзіранне пазногцяў з паліваннем ран алкаголем або правядзенне страшных медыцынскіх эксперыментаў на жывых людзях?

Не менш жудаснымі выглядаюць і выдасканаленыя псіхалагічныя катаванні, якія прыдумлялі для вязняў некаторых канцлагераў іх стваральнікі. Так, у 1942 годзе нямецкія нацысты арганізавалі лагер у Тэрэзіенштаце (цяперашні горад Тэрэзін у Чэхіі). Сюды пажылых габрэяў, якія мелі разнастайныя заслугі перад Германіяй, адпраўлялі на пенсію — нібыта мірна і спакойна дажываць свой век. Фактычна ж канцлагер стаў «пацёмкінскай вёскай» для інспекцыі з боку Міжнароднага Чырвонага Крыжа. Габрэям у Тэрэзіенштаце нават дазволілі арганізаваць гарадское самакіраванне, якое карысталася «правам» выбіраць людзей для адпраўкі ў лагеры смерці.

У якасці крытэру, які хоць неяк дазваляе параўнаць жахлівасць і жудаснасць канцлагераў, можна прапанаваць усё тую ж колькасць забітых і закатаваных да смерці людзей. І тут адзіны польскі ізаляцыйны лагер з 14 смерцямі за 5 гадоў не ідзе ні ў якае параўнанне з вялізнымі лагернымі сістэмамі, створанымі ў таталітарных дзяржавах таго часу.

Улады нацысцкай Германіі ў 1933−1945 гадах стварылі 25 асноўных і больш за 1100 дапаможных канцэнтрацыйных лагераў, праз якія прайшлі мільёны чалавек. Толькі ў самым вялікім з іх, сапраўднай «фабрыцы смерці» ў Асвенціме, загінуў больш чым мільён чалавек. Кожная з чатырох самых вялікіх газавых камер гэтага лагера, у якіх нацысты забівалі людзей, змяшчала да 2000 чалавек. То-бок за адзін раз у іх забівалі 8 тысяч чалавек — у 2,5 разу больш чалавек, чым тых, хто проста прайшоў праз зняволенне ў Бярозе-Картузскай за пяць гадоў.

Прибытие очередной партии заключенных в концлагерь Освенцим. Май/июнь 1944 года. Фото: Yad Vashem, Public Domain, commons.wikimedia.org
Прыбыццё чарговай партыі зняволеных у канцлагер Асвенцім, травень-чэрвень 1944 года. Фота: Yad Vashem, commons.wikimedia.org

У сталінскім СССР з 1930 года існавала велізарная сістэма канцэнтрацыйных і папраўчых лагераў ГУЛАГ, якая ўключала амаль 500 лагерных упраўленняў і амаль 30 тысяч лагерных аддзяленняў і пунктаў. Праз яе, паводле ацэнак гісторыкаў, прайшло каля 20 мільёнаў чалавек, з якіх каля двух мільёнаў загінула.

Любы гістарычны факт складана ацэньваць у адрыве ад кантэксту. Будзе памылкай разглядаць польскі ізаляцыйны лагер у Бярозе-Картузскай, які забіў 14 чалавек за пяць гадоў, у адрыве ад сістэм канцлагераў суседніх краін, якія развіваліся ў той жа час. Толькі на фоне каласальных машын для катаванняў і забойстваў сваіх апанентаў, створаных у нацысцкай Германіі і СССР у 30-я — 40-я гады мінулага стагоддзя, становіцца зразумелы тагачасны маштаб злачынстваў жорсткага аўтарытарнага польскага рэжыму санацыі.

Падзеі ў Бярозе-Картузскай у 1934−1939 гадах — гэта трагедыя. Якая, зрэшты, па сваёй жудаснасці, ацэненай з пункту гледжання колькасці ахвяр, нават побач не стаіць з жахлівымі злачынствамі гітлераўскага і сталінскага рэжымаў.

Чытайце таксама