Расійскія войскі працягваюць акружэнне Бахмута, баі за які ідуць з лета мінулага года, але УСУ трымаюць горад, хоць забяспечваць яго становіцца ўсё складаней. Пры гэтым найвышэйшае кіраўніцтва ўкраінскай дзяржавы і войска былі адзіным у меркаванні, што адступаць з Бахмута не варта. У нашым разборы мы спрабуем разабрацца, што цяпер адбываецца на гэтым участку фронту.
Абстаноўка ў Бахмуце ў першыя дні сакавіка
7 сакавіка расійскія войскі і байцы так званай ПВК Вагнера, відавочна, занялі ўсю ўсходнюю частку Бахмута за ракой Бахмутка — пра гэта паведаміла прэс-служба ўладальніка прыватнай ваеннай кампаніі Яўгена Прыгожына, а потым інфармацыю пацвердзіў Інстытут па вывучэнні вайны. Пры гэтым адзначаецца, што ўкраінскія сілы перайшлі ў заходнюю частку арганізавана, каб заняць новыя пазіцыі. Па стане на 8 сакавіка расійскія і прарасійскія сілы займалі да 50% тэрыторыі горада.

Украінскае кіраўніцтва між тым, нягледзячы на відавочна складаную сітуацыю, вырашыла адстойваць горад, а не эвакуяваць яго гарнізон. Яшчэ ў канцы лютага дарадца прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага па эканамічных пытаннях Аляксандр Раднянскі сказаў CNN, што ў выпадку неабходнасці УСУ адступяць з Бахмута — але 6 сакавіка на паседжанні Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага сам Зяленскі даручыў узмацніць абарону Бахмута і адправіць дапамогу абаронцам.
Пры гэтым украінскі лідар заявіў, што такога ж меркавання прытрымліваюцца галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны і галоўнакамандуючы Сухапутнымі войскамі Аляксандр Сырскі. Раней, нагадаем, нямецкае выданне Bild агучыла версію, што Зяленскі не хацеў адыходу войскаў з Бахмута насуперак меркаванню Залужнага — падобна, альбо прэзідэнт і галоўнакамандуючы ўлагодзілі супярэчнасці, альбо іх наогул не было.
Прасоўванне расійскіх войскаў па-ранейшаму вельмі павольнае, ніякіх прарываў фронту і глыбокіх ахопаў не назіраецца — войска РФ і найміты метр за метрам цаной вялікіх стратаў адсоўваюць УСУ, якія адыходзяць на новыя пазіцыі. Украінцы трымаюць абарону. Аналітыкі адзначаюць, што Расіі, імаверна, не хапае механізаваных сіл для наступу, а штурмавыя групы з адной толькі пяхоты да манеўранай вайны на акружэнне здольныя вельмі слаба.
Пры гэтым бранятэхніка таксама не заўсёды дапамагае расійскім вайскоўцам, калі абраная няправільная тактыка — лютаўскі наступ танкавых частак пад Вуглядарамскончыўся разгромам калоны і знішчэннем дзясяткаў адзінак тэхнікі. Кадры гібелі злучэння трапілі на відэа.
russian defense minister Shoigu: «Currently, combat operations in the Vuhledar area are going successfully.»
So true. pic.twitter.com/oCxcRRwK2l
— Defense of Ukraine (@DefenceU) February 10, 2023
Якая сітуацыя для ўкраінцаў і расіян
Становішча ўкраінскіх вайскоўцаў у горадзе вельмі няпростае. Кіраўнік расследавальнай групы Conflict Intelligence Team Руслан Лявіеў звярнуў увагу на карту, створаную энтузіястамі. На ёй выяўленыя ўсё яшчэ дзейныя дарогі на захад ад Бахмута — толькі па іх гарнізон горада можа забяспечвацца (або пры неабходнасці эвакуявацца). Лявіеў адзначыў, што частка дарог — грунтавыя, і ездзіць па іх (асабліва з пачаткам вясновай бездаражы) цяжка.

Украінскія вайскоўцы ў горадзе працягваюць весці баі, выкарыстоўваюць «качавальную» тактыку, калі разлікі хутка перамяшчаюцца з пазіцыі на пазіцыю і накрываюць агнявыя пункты праціўніка хуткім і дакладным агнём. Аднак дастаўка рыштунку па дарогах сапраўды вельмі цяжкая — «Настоящее время» паказала кадры руху па адной з грунтавых трасаў на захад ад Бахмута.
Как выглядит одна из последних дорог, по которой можно добраться в Бахмут и выехать отсюда. Она уже простреливается, поэтому на обочинах — горы разбитых машин. Эти кадры Настоящее Время публикует впервые https://t.co/WlPDDTk6pV pic.twitter.com/ncxOZncCC6
— Настоящее Время (@CurrentTimeTv) March 7, 2023
Пры гэтым і Яўген Прыгожын, які раней заяўляў, што Бахмут «амаль акружаны», цяпер агучвае менш аптымістычныя для расіян заявы. Паводле яго, Украіна сабрала буйныя сілы ў суседніх з Бахмутам населеных пунктах і збіраецца акружыць ужо саміх вагнераўцаў і зняць аблогу з горада.
«І атрымаецца „піражок“: начынка — гэта акружаныя намі часткі УСУ (у выпадку, вядома, калі будзе поўнае акружэнне Бахмута), а абалонка — гэта, уласна, ПВК Вагнера», — сказаў на заканчэнне Прыгожын і дадаў, што флангі яго атрадаў не прыкрытыя, а снарадаў мала. Украінскі бок пра тое, што для дэблакады горада плануецца наступ, не паведамляў.
Аднак 9 сакавіка Мінабароны Украіны працытавала ў сваім фэйсбуку словы галоўнакамандуючага Сухапутнымі войскамі генерал-палкоўніка Аляксандра Сырскага: «Актуальнасць утрымання Бахмута пастаянна толькі ўзрастае. Кожны дзень абароны горада дазваляе нам выйграць час для падрыхтоўкі рэзерваў і падрыхтавацца да будучых наступальных аперацый. У той жа час у баях за гэтую крэпасць вораг страчвае найбольш падрыхтаваную і баяздольную частку свайго войска — штурмавыя атрады Вагнера».

Нагадаем, баі за Бахмут ідуць з мінулага лета, гэтая бітва ўжо стала самай доўгай бітвай расійска-ўкраінскай вайны.
Як могуць развівацца падзеі і на што могуць разлічваць Кіеў і Масква
Відавочна, ні ваеннае, ні палітычнае кіраўніцтва Украіны не разлічвае, што Расія зможа хутка перакрыць дарогі на захад ад Бахмута і замкнуць кола вакол горада. У гэтых умовах працяг пазіцыйных баёў, якія вычэрпваюць прарасійскія сілы, можа быць выгадным УСУ, а не расіянам. Паколькі баі зводзяцца да бясконцых штурмаў умацаваных украінскіх пазіцый (як ужо гаварылася вышэй, часцяком не падтрыманых бранятэхнікай), яны прыводзяць да вялікіх стратаў.
Дарадца прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк заяўляў раней, што абарона Бахмута мае дзве мэты: выйграць час для папаўнення сіл УСУ і нанесці максімальна цяжкія страты расійскім вайскоўцам. Паводле ацэнак разведкі NATO, суадносіны колькасці забітых сярод расіян, што атакуюць, і ўкраінцаў, што абараняюцца, складае 5 да 1 — то-бок пяць расійскіх салдат і афіцэраў на аднаго ўкраінскага.
Нават калі страты расіян меншыя, чым мяркуюць заходнія разведчыкі, яны відавочна значна большыя, чым ва УСУ. Бок, які абараняецца, калі гаворка не пра хуткае акружэнне, пры іншых роўных умовах страчвае нашмат менш людзей, чым бок, які атакуе. Акрамя таго, традыцыйныя козыры расійскіх войскаў — велізарная колькасць артылерыі і боепрыпасаў — ужо перастаюць працаваць. Так, сам Прыгожын не раз скардзіўся на «снарадны голад», які перашкаджае паўнавартасна выкарыстоўваць гарматы і паспяхова ваяваць.

У выпадку, калі расійскія сілы пачнуць поўнае акружэнне Бахмута, ім трэба будзе замкнуць кальцо, пасля чаго сфармаваць дзве лініі абароны: адну — «тварам» да акружаных у горадзе частак, другую — знешнюю, каб не дапусціць прарыву блакады ўдарамі звонку. Гэта патрабуе часу і рэсурсаў — падобна, кіраўніцтва Украіны і камандаванне УСУ лічаць, што ў кароткія тэрміны Расія на такое не здольная. А значыць, можна працягваць знясільваць ворага і выбіваць яго пяхоту і тэхніку, несучы меншыя страты.
Акрамя таго, пакіданне Бахмута само па сабе праблем украінскага боку не вырашыць. Аналітыкі Інстытута па вывучэнні вайны лічаць (і мы з імі цалкам згодныя), што пасля гіпатэтычнага захопу горада расіяне змогуць паспрабаваць прасунуцца альбо на захад па трасе T0504 да Канстанцінаўкі, альбо на паўночны захад па трасе E40 да Славянска. На дарозе ў іх стануць новыя ўкраінскія ўмацаванні — але ў гэтых краях амаль уся мясцовасць уяўляе сабой тую ці іншую забудову. У ёй зручна абараняцца, але для Украіны гэта будзе азначаць новыя разбурэнні жылога фонду, новых уцекачоў і новыя пакуты мірных жыхароў.

Таму, калі ёсць магчымасць умацавацца на заходнім беразе Бахмуткі і трымаць пазіцыі, не баючыся хуткага акружэння, УСУ, хутчэй за ўсё, менавіта так і зробяць. Імаверна, камандаванне ацаніла колькасць даступных трасаў як дастатковую для забяспечання частак у гарадской мяжы і не лічыць, што салдаты застануцца без неабходных паставак.
Што да намераў Масквы, то яны больш цьмяныя: само ўзяцце горада мала што дае ёй у стратэгічным плане. Магчыма, мае ролю вобраз Бахмута, які ўжо склаўся ў СМІ, як аднаго з галоўных месцаў, за якія ідуць баі, — РФ ідэалагічна не хочацца пакідаць населены пункт, пра хуткае ўзяцце якога так доўга гаворыць прапаганда. Праўда, Прыгожын 4 сакавіка казаў пра тое, што вагнераўцы маюць падобную з УСУ тактыку — нібыта сцягваюць на сябе ўкраінскія войскі, каб «перамалоць» іх у пазіцыйнай вайне. Аднак у рэальнасці такое магчыма для тых, хто атакуе, альбо пры іх гіганцкай колькасці, альбо пры вялікай тэхнічнай перавазе.
Ва ўмовах, калі штурмавальныя атрады адпраўляюцца ў атаку без падтрымкі бранятэхнікі, са слабай разведкай і сувяззю і ва ўмовах «снараднага голаду» (апошнія звесткі пра недахоп снарадаў у наймітаў з’явіліся 9 сакавіка), пра тэхнічную і арганізацыйную перавагу над УСУ (якія пачалі сур’ёзна вучыцца сучаснай вайне задоўга да 2022 года) гаварыць наўрад ці даводзіцца. А тая акалічнасць, што ў так званай ПВК Вагнера ўжо месяц як спыненая вярбоўка зняволеных, робіць сумнеўнай і яе гіганцкую колькасную перавагу: чалавечыя рэзервы вагнераўцам папаўняць усё цяжэй.
Раней пра «перамолванне» УСУ як мэту бясконцых атак на Бахмут пісаў канал Grey Zone, звязаны з расійскімі ПВК, — аднак яго меркаванне не падзяляюць нават многія ў прарасійскім лагеры. Так, вядомы палявы камандзір Ігар Гіркін (Стралкоў) у сваім канале адзначаў, што штурмы «падарвуць наступальны патэнцыял «Вагнера», а нават узяцце Бахмута «не дасць абсалютна нічога».
Пры гэтым Мінабароны Расіі зусім неабавязкова мае агульныя з Яўгенам Прыгожыным мэты — адносіны паміж вайскоўцамі і стваральнікам ПВК цёплымі назваць нельга. Руская служба Бі-бі-сі падрабязна апісвала гэты канфлікт, падчас якога Яўген Прыгожын абражаў начальніка расійскага генштаба Валерыя Герасімава.

Аналітыкі Інстытута па вывучэнні вайны сцвярджаюць, што 8 сакавіка Прыгожын даў зразумець, што Міністэрства абароны Расіі выкарыстала атрады яго наймітаў, каб тыя неслі на сабе асноўны цяжар інтэнсіўных баёў за Бахмут, а пасля захопу горада можа адмовіцца ад вагнераўцаў, каб звычайныя расійскія падраздзяленні маглі працягваць наступ.
Магчыма, гэтая замена адбываецца ўжо цяпер: украінскія салдаты, якія ваююць у Бахмуце, згадвалі, што перахопы радыёперамоваў расіян сведчаць: наймітаў на пазіцыях усё часцей змяняюць рэгулярныя войскі. З тым, што справы ў ПВК Вагнера ідуць няважна, некаторыя расійскія каналы звязваюць і адмову расійскіх уладаў легалізаваць прыватныя ваенныя кампаніі ў РФ.
Мяркуем, што ўжо найбліжэйшыя дні пакажуць, ці апраўданыя чаканні расійскага боку і ці будзе контрнаступленне ўкраінцаў тут або на іншым участку фронту. Каманда Залужнага і Сырскага ўжо паказала мінулай восенню, што здольная на абсалютна раптоўныя для ворага дзеянні — пакуль усе чакалі вынікаў павольнага наступу на Херсон, УСУ нанеслі імклівы ўдар пад Балаклеяй і на Харкаўшчыне змусілі расійскае войска ўцякаць. Магчыма, наступныя крокі ўкраінскага камандавання здзівяць свет не менш.
Чытайце таксама


