У беларусаў, што збеглі ад дыктатуры, ужо былі свае эмігранцкія пашпарты. Расказваем, каму і за колькі іх выдавалі
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прыняла рэзалюцыю пра «вырашэнне канкрэтных праблем, з якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнанні». У тым ліку прапануецца абмеркаваць магчымасць выдаваць пашпарты грамадзянам Беларусі ў выгнанні. Такі прыклад у гісторыі ўжо быў — у міжваеннай Еўропе шырока выкарыстоўваліся пашпарты БНР. Расказваем, чаму яны з’явіліся, як выдаваліся і колькі людзей імі скарысталася.

Рэгістрацыйныя карткі, каб не трапіць у лагер

Усё пачалося ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года, калі была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Аформіцца ў паўнавартасную дзяржаву БНР, на жаль, не змагла: яе ўлады не паспелі распрацаваць заканадаўства, не змаглі стварыць судовую сістэму і пачаць збіраць падаткі з насельніцтва.

Зрэшты, гэта было практычна нерэальна. Наш нацыянальны рух стаў сур’ёзна развівацца толькі ў пачатку ХХ стагоддзя (прыкметна пазней, чым у суседзяў), таму для большасці беларусаў быў характэрны нізкі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці. У краіне так і не сфармавалася нацыянальная буржуазія (кажучы сучаснай мовай — прадпрымальнікі), якая магла б быць зацікаўленая ў стварэнні сваёй дзяржавы. А сярод прыхільнікаў незалежнасці, якія ў выніку падтрымалі БНР, не хапала адзінства.

Руководители белорусских представительств и миссий в европейских странах. Сидят (слево направо): Евгений Ладнов, Василь Захарко, Петр Кречевский, Леанард Заяц. Октябрь 1919 года. Фото: Белорусский архив-музей литературы и искусства, radabnr.org, commons.w
Кіраўнікі беларускіх прадстаўніцтваў і місій у еўрапейскіх краінах. Сядзяць (злева направа): Яўген Ладноў, Васіль Захарка, Пётра Крэчэўскі, Леанард Заяц. Кастрычнік 1919 года. Фота: Беларускі архіў-музей літаратуры і мастацтва, radabnr.org, commons. w

Да таго ж стварэнне народнай рэспублікі адбывалася на фоне акупацый (нямецкай, польскай, савецкай), якія змянялі адна адну. Гэтыя краіны выступалі супраць беларускай дзяржаўнасці. Прадстаўнікі БНР, не маючы войска і матэрыяльных рэсурсаў, былі вымушаныя супрацоўнічаць то з адным, то з іншым рэжымам, які выкарыстоўваў іх у сваіх інтарэсах. А эліты заходніх краін, якія пасля Першай сусветнай вайны вызначалі лёсы свету, папросту не ведалі пра існаванне Беларусі. Таму разлічваць на прызнанне з іх боку было нерэальна.

Апісаная вышэй сітуацыя выглядае надзвычай песімістычнай, нават катастрафічнай. Але прадстаўнікі БНР усё роўна зрабілі надзвычай шмат. Яны адкрывалі беларускія пачатковыя школы, публікавалі беларускамоўныя падручнікі, зрабілі першыя крокі да стварэння першага беларускага ўніверсітэта. Але адным з іх самых уражвальных дасягненняў стала стварэнне і выдача пашпартоў БНР, па якіх беларусы маглі выязджаць за мяжу і жыць у краінах Заходняй Еўропы.

З праблемай выдачы дакументаў сутыкнуўся ўжо першы ўрад БНР — Народны сакратарыят, які ўзначаліў Язэп Варонка. Як пісаў гісторык Валянцін Мазец, у той час немцы затрымлівалі жыхароў Беларусі, якія служылі ў расійскай арміі, не прапускалі іх на радзіму і адпраўлялі ў лагеры для ваеннапалонных. Напрыклад, такім чынам 8 красавіка 1918-га ў Мінску арыштавалі 146 чалавек і адправілі іх у лагер у Коўне (цяпер — Каўнас).

Паспорт гражданки БНР. Документ хранится в фондах Гродненского историко-археологического музея. Фото: TUT.BY
Пашпарт грамадзянкі БНР. Дакумент захоўваецца ў фондах Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. Фота: TUT.BY

Нагадаем, што тады ішла Першая Сусветная вайна, Беларусь была акупаваная немцамі. Апошнія да гэтага ваявалі з Расійскай імперыяй, у склад якой уваходзіла нашая краіна.

Каб вырашыць гэтую праблему, 14 красавіка таго ж года Рада БНР вырашыла адправіць дэлегацыю да мясцовай нямецкай адміністрацыі, якая базавалася ў Мінску. На наступны дзень два яе прадстаўнікі былі прынятыя. Пасля размовы рашэнне аказалася станоўчым: у будучыні затрымлівацца не будуць як мірныя жыхары, так і былыя вайскоўцы, якія пакажуць адпаведныя рэгістрацыйныя карткі Народнага сакратарыята. Як расказвала гісторык Дарота Міхалюк (у кнізе «Беларуская Народная Рэспубліка 1918−1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці»), гэтыя карткі былі таксама патрэбныя, каб дабіцца ад немцаў дазволу на перамяшчэнне па Беларусі.

Такія дакументы сапраўды пачалі афармляць: паводле падлікаў Мазца, з красавіка да кастрычніка 1918-га іх выдалі больш за 200. Міхалюк адзначае, што такія пасведчанні Народны сакратарыят БНР выдаваў у тым ліку жыхарам Вільні, Навагрудскага, Ваўкавыскага, Пружанскага, Лепельскага, Слуцкага, Мінскага і нават Чэрыкаўскага паветаў. Людзі атрымлівалі дакументы, што з’яўляюцца беларусамі з пункту гледжання грамадзянства. Напрыклад, Вацлаву Маліноўскаму выдалі пасведчанне, што ён уладальнік маёнтка Беласточак у Заблудаўскай воласці Беластоцкага павета Гродзенскай губерні (гаворка пра сучасны Заблудаў у складзе Польшчы).

Паспорт гражданки БНР. Документ хранится в фондах Гродненского историко-археологического музея. Фото: Игорь Мельников, TUT.BY
Пашпарт грамадзянкі БНР. Дакумент захоўваецца ў фондах Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. Фота: Ігар Мельнікаў, TUT.BY

Карткі таксама выдаваліся людзям, якія выязджалі ва Украіну і Расію, а яшчэ ўцекачам, што вярталіся на радзіму. Напрыклад, пасведчанне Народнага сакратарыята БНР за № 1042 выдалі на імя Янкі Купалы: «Паказчык гэтага, грамадзянін-беларус Янка Луцэвіч (Беларускі паэт Янка Купала) быў камандзіраваны ў месца Смаленск у свой час Народным Сэкрэтарыятам Беларускай Народнай Рэспублікі дзеля збору калекцый для Беларускай выставы ў месцы Менску, а так сама для высвятленьня, у якім становішчы знаходзіцца там яго сямейства і звароту сям'і ў м. Менск, дзе ён мае пастаяннае месцажыхарства» (тут і далей — цытаты з захаваннем арфаграфіі арыгіналу).

10 тысяч бланкаў, падвойнае грамадзянства — дзяржздрада

Як пісала Міхалюк, менавіта вясной 1918 года пачалі выдавацца і паўнавартасныя пашпарты БНР (хоць адпаведны закон прынялі пазней: паводле версіі аўтаркі — у канцы 1918-га, паводле іншай — у канцы 1919-га). Апошнія друкаваліся ў выдавецтве Язэпа Галеўскага ў Берліне. Як пісаў даследчык Сяргей Шупа (у кнізе «Падарожжа ў БНР»), усяго ў розны час надрукавалі 10 тысяч бланкаў для пашпартоў БНР, але няма звестак, колькі з іх выкарысталі для выдачы дакументаў.

Пашпарт быў на 12 старонках. На яго вокладцы размяшчаўся дзяржаўны герб БНР — «Пагоня». У дакуменце адзначаліся дата і месца нараджэння, нацыянальнасць, асаблівыя прыкметы: колер валасоў і вачэй, рост. Пашпарт можна было выкарыстоўваць для паездкі за мяжу, былі спецыяльныя старонкі, каб ставіць адзнакі пра ўезд і выезд. Захаваліся дакументы са светла-ружовымі і цёмна-сінімі вокладкамі. Урадавыя чыноўнікі БНР таксама выкарыстоўвалі спецыяльныя дыпламатычныя пашпарты.

Хто мог прэтэндаваць на яго атрыманне? У даследаванні Дароты Міхалюк адзначаецца наступнае: «Лічылася, што грамадзянінам БНР з’яўляецца кожны чалавек, які да 1914 года пражываў на тэрыторыі ў межах БНР і карыстаўся раней правамі расійскага грамадзяніна. Такія людзі аўтаматычна станавіліся грамадзянамі БНР. Грамадзянства распаўсюджвалася таксама на ваеннапалонных і ўцекачоў, якія ў 1915 годзе былі эвакуяваныя з тэрыторыі Беларусі». Дарэчы, падвойнае грамадзянства лічылася «дзяржаўнай здрадай».

Паспорт гражданки БНР. Документ хранится в фондах Гродненского историко-археологического музея. Фото: Игорь Мельников, TUT.BY
Пашпарт грамадзянкі БНР. Дакумент захоўваецца ў фондах Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. Фота: Ігар Мельнікаў, TUT.BY

Гэты абзац варта расшыфраваць асобна. У 1914-м пачалася Першая сусветная вайна. У яе ў тым ліку на баку Антанты ўступіла Расійская імперыя, у складзе якой тады знаходзілася Беларусь. У 1915-м Германія, якая прадстаўляла супрацьлеглы блок, прарвала фронт і захапіла частку тэрыторыі нашай краіны, што выклікала эвакуацыю насельніцтва (часта прымусовую).

Застаецца зразумець пытанне з тэрыторыяй. У Трэцяй Устаўной грамаце — менавіта яна абвясціла незалежнасць БНР — адзначалася наступнае: «Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічэбную перавагу беларускі народ, а ласьне: Магілеўшчыну, беларускія часьці Меншчыны, Гродзеншчыны (з Гроднай, Беластокам і інш.), Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігоўшчыны і сумежныя часьці суседніх губерняў, заселеныя беларусамі».

Але да позняй вясны 1918-га ў беларусаў не было выразна акрэсленых межаў. Толькі ў траўні таго года пры Народным сакратарыяце замежных справаў БНР стварылі камісію, якая пачала гэтую працу. За аснову ўзялі «Этнаграфічную карту беларускага племені» 1903 года навукоўца Яўхіма Карскага і яе абноўленую версію за 1917 год. Гэта была першая лінгвістычная карта, якая трактавала беларускую мову як самастойную.

Праўда, этнічныя межы Карскі вызначыў выключна на аснове моўнага крытэра (то-бок палічыў беларускімі толькі тыя тэрыторыі, дзе пераважалі дыялекты беларускай мовы), без уліку іншых фактараў, такіх як, напрыклад, фальклор. Таму некаторыя раёны Палесся ён лічыў украінскімі. Канцэпцыя межаў БНР трохі змянілася пасля таго, як у камісіі з’явіўся навуковец Мітрафан Доўнар-Запольскі.

У выніковай версіі карты БНР абапіраліся не толькі на распрацоўкі прафесараў Карскага і Доўнар-Запольскага, але і на стратэгічныя мэты. Напрыклад, паўночна-заходняя мяжа на карце ахапіла тэрыторыю Граеўскага павета Ломжынскай губерні (цяпер — Польшча), якую нельга лічыць этнічна беларускай. Але толькі такім спосабам БНР атрымлівала суседства з Германіяй ва Усходняй Прусіі. Некаторыя дзеячы БНР бачылі ў гэтай краіне будучага гаранта бяспекі межаў патэнцыйнай беларускай дзяржавы і галоўнага гандлёвага партнёра.

Карта территорий, на которые претендовала БНР. Изображение: TUT.BY
Карта тэрыторый, на якія прэтэндавала БНР. Выява: TUT.BY

У цэлым жа карта вышэй не мусіць здзіўляць чытачоў. У той час усе дзяржавы, якія аднавілі сваю незалежнасць, імкнуліся прэтэндаваць на як мага большыя землі, якія затым спрабавалі адстаяць і захаваць. Нешта ў іх атрымалася, а нешта не. Умоўна кажучы, Беларусь страціла Вільню, затое атрымала Брэст, на які прэтэндавалі ўкраінцы. Тыя, у сваю чаргу, «прыдбалі» іншыя гарады. Як бы там ні было, «папрацаваць» гэтыя межы не паспелі. Каб кантраляваць заяўленыя тэрыторыі, патрэбная была армія, а яе ў БНР не было.

У кантэксце нашага тэксту важнае наступнае: патэнцыйнымі атрымальнікамі дакументаў сталі людзі, якія пражывалі (цяпер або ў мінулым) на тэрыторыі, на якую прэтэндавала БНР. Зрэшты, як выявілася пазней, гэтыя дакументы давалі і замежнікам, пра што гаворка пойдзе ніжэй.

Румыны, татары і грэкі з пашпартамі БНР

Дзе можна было атрымаць пашпарт БНР? Першапачаткова — на тэрыторыі Беларусі. Потым — за яе межамі, бо ў канцы 1918-га краіну акупавала Чырвоная армія, якая пазней абвясціла БССР. Рада БНР — найвышэйшы дзяржаўны орган Рэспублікі — з’ехала на Захад: спачатку ў Вільню, потым у Гродна, пасля чаго ў Каўнас.

Тым часам за мяжой пачалі адкрывацца прадстаўніцтвы рэспублікі. Напрыклад, у ліпені 1918 года ва Украіне прынялі Закон пра грамадзянства. Пасля гэтага каля 16 тысяч жыхароў Адэсы зарэгістраваліся ў беларускім консульстве, якое ўзначальваў навуковец-мовазнавец і грамадскі дзеяч Сцяпан Некрашэвіч, і атрымалі там пашпарты.

У 1919-м місія БНР у краінах Балтыі адкрыла рэгістрацыйна-пашпартныя аддзелы або бюро ў Тамерфорсе (цяпер Тамперэ, Фінляндыя), Рэвелі (цяпер Талін, Эстонія), Лібаве (цяпер Ліепая, Латвія).

У 1920-м у латвійскай прэсе з’явілася абвестка, у якой беларусам прапаноўвалася атрымаць пашпарты. Акрамя тых гарадоў, што ўжо згадваліся, гаворка таксама ішла пра консульства ў Рызе.

Объявление в латышской прессе с призывом к белорусам получать паспорта БНР. Февраль 1920 года. Фото: radabnr.org
Абвестка ў латвійскай прэсе з заклікам да беларусаў атрымліваць пашпарты БНР. Люты 1920 года. Фота: radabnr.org

Зрэшты, прычына з’яўлення гэтай публікацыі была вельмі празаічнай. Як пісаў Сяргей Шупа, «за некалькі месяцаў працы місіі ўсе рэсурсы незарэгістраванага беларускага насельніцтва ў Латвіі амаль дарэшты вычарпаліся. Консульскія прыбыткі спыніліся. Місія адчайна змагалася за фізічнае існаванне». Таму шэф місіі Канстанцін Езавітаў часам даваў слабіну: «з беларускім пашпартам у Латвіі жылі ўжо не толькі звычайныя румыны, караімы (нешматлікая этнічная група, караімская мова адносіцца да кыпчакскай групы цюркскіх моваў. — Заўв. рэд.) і татары, але і грэкі, хазары і нават адзін невядома адкуль занесены скіф».

Дыпламатычная місія БНР працавала і ў Берліне. Як адзначаў той жа Шупа, у 1919 годзе міністр фінансаў Васіль Захарка перадаў прэм’ер-міністру Антону Луцкевічу 935 бланкаў пашпартоў БНР, падрыхтаваных берлінскай місіяй. Даследчык дадае наступныя падрабязнасці: «Замежныя пашпарты выдаваліся падданым БНР на шэсць месяцаў за 50 марак для праезду ў „старыя“ дзяржавы, за 25 — у наваствораныя на тэрыторыі былой Расіі, а „з саўсім бедных і быўшых ваеннапалонных“ плата бралася ў суме толькі 5 марак». Дадамо яшчэ трохі статыстыкі. Як пісаў гісторык Андрэй Чарнякевіч (у кнізе «БНР. Трыумф пераможаных»), за травень — кастрычнік 1920 года місія выдала звыш 80 замежных пашпартоў і візаў.

Дипломатический паспорт Белорусской Народной Республики Марии Кречевской. 1922 год. Фото: Национальный архив Чехии, TUT.BY
Дыпламатычны пашпарт Беларускай Народнай Рэспублікі Марыі Крэчэўскай. 1922 год. Фота: Нацыянальны архіў Чэхіі, TUT.BY

Консульскія зборы рабіліся невялікай, але важнай крыніцай даходу рэспублікі. Толькі адно консульства БНР у Літве з лістапада 1920 года і ў наступныя паўгода атрымала даход за кошт консульскіх збораў у 128 721 нямецкую марку і 80 пфенігаў. Ці шмат гэта? У 1921-м курс складаў каля 90 марак за даляр. То-бок гаворка ішла прыкладна пра 1430 даляраў — на тыя часы немалыя грошы (з улікам інфляцыі сума адпавядае прыкладна 22,5 тысячы сучасных даляраў).

Але часта беларусы былі проста бедныя. У красавіку 1921 года беларускае генеральнае консульства адкрылася ў Канстанцінопалі (цяпер — Стамбул). Узначальваў яго Іван Ермачэнка. Сферай адказнасці гэтай установы былі ўсе Балканы, хоць беларускія консульскія аддзелы таксама працавалі ў Сербіі і Балгарыі. У чэрвені 1921 года Ермачэнка пісаў прэм’ер-міністру БНР Вацлаву Ластоўскаму: «Выдаваць пашпарты я ўжо пачаў і да гэтага дня ўжо выдаў 20 пашпартоў, але грошай за ўсе гэтыя пашпарты я атрымаў толькі 5 лір (200 марак). Гэта атрымліваецца, таму што тут усе беларусы настолькі бедныя, што нават мне сорамна бывае называць якую-небудзь цану». Консульства ў Канстанцінопалі працавала да чэрвеня 1922 года.

Белорусское консульство в Константинополе (Стамбул). Консул Иван Ермаченко (справа) и сакретарь. 1921-1922 годы. Фото: radabnr.org
Беларускае консульства ў Канстанцінопалі (Стамбул). Консул Іван Ермачэнка (справа) і сакратар. 1921−1922 гады. Фота: radabnr.org

Акрамя гэтага, місіі БНР знаходзіліся ў Кіеве, Празе, Гданьску, Капенгагене і многіх іншых гарадах.

Калі спынілася выдача пашпартоў БНР, дакладна невядома. Але, мяркуючы па ўсім, гэта адбылося ў першай палове 1920-х гадоў — пасля таго, як нашую краіну паводле Рыжскага міру падзялілі паміж сабой Масква і Варшава, а ў Мінску была адноўленая падкантрольная бальшавікам БССР.

Але значэнне выдачы пашпартоў велізарнае. Гаварыць пра прызнанне БНР з боку краін, дзе працавалі місіі рэспублікі, вядома, не выпадае. Але выдадзеныя імі дакументы гэтыя краіны прызнавалі. Як адзначаў Шупа, сотні людзей перасякалі па іх еўрапейскія межы ў міжваенны час. БНР дапамагла беларусам і абараніла іх — а менавіта для гэтага і існуе дзяржава.

Чытайце таксама