Мы паглядзелі, напэўна, галоўны беларускі фільм апошніх гадоў — днямі ён перамог на «Паўночным ззянні». Вось чаму гэта важнае кіно
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Кінафестываль «Паўночнае ззянне — 2023» абвясціў імёны пераможцаў. Гран-пры беларускага конкурсу атрымаў дакументальны фільм «Радзіма» рэжысёраў Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзяка. Мы паглядзелі гэтую карціну і расказваем, у чым сакрэт яе поспеху, чаму яна перамагае на міжнародных фестывалях (дарэчы, праца намінаваная на прэмію Еўрапейскай кінаакадэміі — яе яшчэ называюць «еўрапейскім Оскарам»), у чым, на думку яе аўтараў, вытокі падзей 2020 года і як яны звязаныя з дзедаўшчынай у войску. Папярэджваем, што ў гэтым тэксце ёсць спойлеры, аднак для пераважнай часткі аўдыторыі яны будуць (на жаль) неактуальныя — чаму, мы растлумачым ніжэй.

Кадр з дакументальнага фільма «Радзіма» (2023, Швецыя, Украіна, Нарвегія). Аператар: Сяргей Канаплянік
Кадр з дакументальнага фільма «Радзіма» (2023, Швецыя, Украіна, Нарвегія). Аператар: Сяргей Канаплянік

«Радзіма», якая выйшла сёлета, ужо паспела сабраць некалькі ўзнагародаў на буйных фестывалях дакументальнага кіно ў еўрапейскіх краінах: Даніі (CPH:DOX), Германіі (Wiesbaden goEast), Польшчы (Кінафорум у Кракаве) і іншых, а таксама трапіла ў афіцыйны спіс намінантаў прэміі Еўрапейскай кінаакадэміі (European Film Awards, EFA, або, неафіцыйна, «еўрапейскі Оскар») у намінацыі «Еўрапейскі дакументальны фільм». У першы і пакуль адзіны раз з беларусамі гэта адбылося 20 гадоў таму — у 2003 годзе «Мы живём на краю» дакументаліста Віктара Аслюка намінавалі ў катэгорыі «Еўрапейскі кароткаметражны дакументальны фільм».

Фільм з’явіўся ў выніку працы дуэта. Аляксандр Міхалковіч вядомы як фатограф, перформер і рэжысёр дакументальнага кіно. У дзясятыя гады ён некалькі разоў станавіўся прызёрам Belarus Press Photo — прэстыжнага і, на жаль, ужо няіснага конкурсу, на якім узнагароджваліся найлепшыя фатографы краіны. Перадумовы цяперашняга поспеху Міхалковіча, яго цікавасці да тэмаў гвалту і ўціску асобы з боку аўтарытарна-таталітарнай машыны можна знайсці ўжо ў тых працах. Альбом Belarus Press Photo 2011 года, у якім былі і фатаграфіі Аляксандра, зробленыя падчас яго ўласнай службы ў войску, праз два гады абвясцілі экстрэмісцкім.

0:00/ 0:00
В ЭФИРЕКачествоАвто 1  СкоростьОбычная  

У 2014 годзе Міхалковіч перамог на Belarus Press Photo у намінацыі «Арт-фатаграфія» з праектам «Заставить интернет помнить Холокост» — Аляксандр шукаў архіўныя фатаграфіі рэпрэсій і забойстваў перыяду Другой сусветнай вайны і, абыходзячы сістэмы мадэрацыі, загружаў іх на карты Google і ў сацыяльныя сеткі (напрыклад, папулярную тады Foursquare), тым самым спрабуючы нагадаць карыстальнікам гэтых сэрвісаў пра Халакост. Яго праекты закраналі такія манументальныя канцэпцыі, як гісторыя і палітыка, калектыўная і асабістая памяць, тэхналогіі і традыцыі.

У 2018-м Міхалковіч зняў дакументальную карціну «Моя бабушка с Марса». У ёй гісторыя стукала ў дзверы ягонай уласнай сям'і: аўтар расказваў пра сваю бабулю, якая, выйшаўшы на пенсію, пераехала ў Крым, але пасля анексіі паўвострава сутыкнулася з іншымі рэаліямі.

0:00/ 0:00
В ЭФИРЕКачествоАвто 1  СкоростьОбычная  

Дарэчы, гэты фільм стаў ахвярай цэнзуры: у тым жа 2018-м «Мою бабушку с Марса» не паказалі ў нацыянальнай праграме мінскага кінафестывалю «Лістапад» (а разам з ім карціны Андрэя Куцілы, Мікіты Лаўрэцкага і Юліі Шатун, а таксама Андрэя Кудзіненкі) — тады дырэкцыю форуму наогул адхілілі ад выбару фільмаў для беларускага конкурсу. Зрэшты, у 2019-м, апошнім «ліберальным» годзе, «Бабушку» ўсё ж уключылі ў «лістападаўскую» афішу.

Для працы над «Радзімай» Міхалковіч аб’яднаў свае намаганні з Ганнай Бадзяка — журналісткай праграмы «Людскія справы» на тэлеканале «Белсат». Для яе гэта быў дэбют у кіно. «Мне здаецца, мы ўдала дапаўнялі адно аднаго. Я адказваў за прадзюсаванне, лагістыку, тэхніку. Ганна — за пошук гераіняў па сваіх журналісцкіх каналах, камунікацыю, згладжванне вострых момантаў у працэсе вытворчасці. Здаралася, я празмерна дамінаваў на пляцоўцы, што адбівалася на матэрыяле. Усвядоміўшы гэта, я часам цалкам дэлегаваў абавязкі рэжысёра Ганне», — расказваў у інтэрв'ю Міхалковіч.

Кадр з дакументальнага фільма «Радзіма» (2023, Швецыя, Украіна, Нарвегія). Аператар: Сяргей Канаплянік
Кадр з дакументальнага фільма «Радзіма» (2023, Швецыя, Украіна, Нарвегія). Аператар: Сяргей Канаплянік

Калі не ведаць пра тое, што над фільмам працавалі двое рэжысёраў, здагадацца пра гэта падчас прагляду немагчыма. «Швоў» або «стыкаў» у карціне няма — гэта суцэльнае выказванне. «У пэўным сэнсе я працавала з наступствамі заганнай гвалтоўнай сістэмы, пра якую Аляксандр сведчыў знутры, таму нашыя перспектывы добра дапаўнялі адна адну», — тлумачыла ў інтэрв'ю «Люстэрку» Бадзяка. Дзякуючы выбранаму падыходу стваральнікам «Радзімы» ўдалося сумясціць прыватнае і агульнае, расказаць гісторыю людзей і краіны, стварыўшы пры гэтым партрэт эпохі.

У карціне дзве асноўныя сюжэтныя лініі. Першая — гісторыя жанчыны, сын якой быў знойдзены мёртвым падчас яго службы ў беларускім войску. Пакуль яна спрабуе дамагчыся справядлівасці, на экране паралельна разгортваецца другая лінія — хлопца Мікіты, які рвецца ў войска (хоць усе яго сябры ад яе «косяць»). «Усе загагуліны, якія ў галаве, добра падрэдагаваныя прастакутным армейскім распарадкам. Выйдзе нешта добрае, сярэдняе. І будзе ўсё нармальна», — кажа хлопцу ягоны бацька, які ўхваляе выбар сына.

Кадр з дакументальнага фільма «Радзіма» (2023, Швецыя, Украіна, Нарвегія). Аператар: Сяргей Канаплянік
Кадр з дакументальнага фільма «Радзіма» (2023, Швецыя, Украіна, Нарвегія). Аператар: Сяргей Канаплянік

Трэцяя, умоўная лінія гучыць за кадрам. Гэта радкі з лістоў, напісаных самім Міхалковічам падчас ягонай службы і адрэдагаваных Бадзяка (са словаў Аляксандра, менавіта Ганна прапанавала выкарыстаць іх у карціне). Такія лісты маглі б належаць як загінуламу сыну першай гераіні, так і Мікіту — гэты ход рэжысёраў удала аб’ядноўвае першыя дзве лініі. У цэлым жа аўтары праз нязначныя на першы погляд штрыхі ствараюць агульны шчымлівы настрой і ювелірна перадаюць дух дзедаўшчыны, які пануе ў войску.

«Усе імкнуцца кіраваць адзін адным. Але асцярожна, спрабуючы на зуб невядомага чалавека», — так аўтар лістоў перадае першыя крокі нядаўніх прызыўнікоў да будучага гвалту. «Тут цікава пішуцца лісты. Часцяком праз дзень-два забываеш, пра што хацеў напісаць», — працягвае ён. Альбо: «Салдаты малююць каляндар, потым з задавальненнем перакрэсліваюць пражытыя суткі, месяцы, перыяды. Чакаюць, калі стануць дзядамі. [Я] забываю пра ранейшае жыццё». Так Міхалковіч і Бадзяка апускаюць гледачоў у вір армейскага забыцця, у які правальваюцца прызыўнікі.

Калі б не было ў карціне гісторыі загінулага салдата, фільм рызыкаваў бы застацца ілюстрацыяй жыцця ў беларускім вайсковым «балоце». Але рэжысёры на гэтым не спыніліся. Трагедыю, якая адбылася з сынам жанчыны, яны зарыфмавалі са сцэнамі гвалту ў войску, сведкам якіх становіцца аўтар лістоў. Але разуменне, што беларускае войска ператвараецца ў Левіяфана — біблейскага марскога змея, які звычайна сімвалізуе зло велізарнай сілы, — прыходзіць дзякуючы незвычайнай працы Міхалковіча і Бадзяка з часам і храналогіяй падзей, якая звычайна важная для дакументальных фільмаў. Што маецца на ўвазе?

Кадр з дакументальнага фільма «Радзіма» (2023, Швецыя, Украіна, Нарвегія). Аператар: Сяргей Канаплянік
Кадр з дакументальнага фільма «Радзіма» (2023, Швецыя, Украіна, Нарвегія). Аператар: Сяргей Канаплянік

Гісторыя маці і яе загінулага сына адбываецца за некалькі гадоў да пратэстаў 2020-га. Але ніякага акцэнту на датах у карціне няма. Тыя падзеі, што ў рэальнасці былі разнесеныя ў часе, тут нібы спрасаваныя. У выніку храналагічна розныя сюжэтныя лініі пераплятаюцца адна з адной, становячыся часткамі адзінага цэлага. Напрыклад, на экране з’яўляюцца сілавікі, якія стаяць у адным з ачапленняў, — і на гэтым моманце фонам гучаць тэксты лістоў. Дзякуючы гэтаму лёгка ўявіць, што сярод іх быў і Мікіта.

Уводзячы ў фільм падзеі 2020 года, масавыя мірныя пратэсты і іх брутальны разгон сілавікамі, стваральнікі фільма расстаўляюць выразныя акцэнты: гвалт не з’явіўся з ніадкуль. Яго перадумовы спелі даўно, а вузел супрацьстаяння сілавой дзяржавы і народа завязваўся гадамі. «Можа, яна думае, што вайна пачалася ці не заканчвалася ніколі», — гучыць у карціне рэпліка пра адну з гераіняў. Так адной фразай перадаецца ўся атмасфера эпохі кіравання Аляксандра Лукашэнкі. Гэтай маштабнасцю і канцэптуальнасцю «Радзіма» выгадна вылучаецца на фоне многіх іншых фільмаў, у якіх фігуруюць беларускія падзеі трохгадовай даўніны.

Паказаўшы пратэсты, стваральнікі карціны потым зноў вяртаюцца да прыватнага жыцця, такім чынам закальцоўваючы гісторыю. Маме загінулага прызыўніка так і не ўдаецца да канца дамагчыся справядлівасці. Мікіта вяртаецца дадому з войска цэлым. Але насенне нянавісці ў такіх людзях, як ён, ужо пасеянае. «Прызнаюся, назіраючы за сінхронным выкананнем камандаў, адчуў асалоду ад улады», — піша дадому аўтар лістоў, які спрабаваў супрацьстаяць дзедаўшчыне, але потым быў вымушаны сам удзельнічаць у ёй, каб не трапіць «пад раздачу».

Кадр з дакументальнага фільма «Радзіма» (2023, Швецыя, Украіна, Нарвегія). Аператар: Сяргей Канаплянік
Кадр з дакументальнага фільма «Радзіма» (2023, Швецыя, Украіна, Нарвегія). Аператар: Сяргей Канаплянік

У дадатак фільм эстэтычна і вельмі якасна, сучасна зроблены — гаворка як пра відэашэраг, так і пра гук. У карціне шмат візуальных і гукавых перабівак, удала ўплеценых ў агульную нітку апавядання. Вось на экране гучыць інфармацыя Цэнтрвыбаркама пра вынікі прэзідэнцкіх выбараў. Прозвішча пераможцы, дарэчы, не называюць — усім яно вядомае і так. А ў кадры тым часам з’яўляюцца вуліцы пустога, зануранага ў чвэрцьвяковую спячку (да 2020 года Лукашэнка знаходзіўся ва ўладзе ўжо 26 гадоў). У цэлым «Радзіма» выгадна адрозніваецца ад многіх дакументальных карцін узроўнем здымкі і мантажу — па гэтых параметрах яна магла б пасупернічаць з гульнявымі фільмамі з сур’ёзнымі бюджэтамі.

А асабліва захапляе фінал. Набліжаецца Новы год, у сваім віншаванні Аляксандр Лукашэнка робіць выгляд, што ў краіне нічога не адбылося. У гэты момант скрыўлены болем твар маці загінулага салдата паказаны буйным планам, а гукі феерверкаў і салюту з вуліцы гучаць як стрэлы і выбухі. Тым часам ваенная тэхніка пакідае горад. З яе ад’ездам здаецца, што Левіяфан вяртаецца ў свае глыбіні. Бітва з дзяржаўнай машынай прайграная. Але завяршальныя сцэны фільма даюць надзею, што героі — за сталом родныя Мікіты — выгналі дэмана гвалту з сябе.

Як паглядзець гэтую карціну? На жаль, пакуль гэта можна зрабіць толькі на міжнародных фестывалях. І гэта кепская навіна — бо «Радзіма», як і іншыя сучасныя карціны, дазваляюць прагаварыць мовай мастацтва не толькі траўмы беларускага грамадства 2020 года, але і шэраг іншых праблем, якія сфармаваліся ў краіне за чвэрць стагоддзя.

Чытайце таксама