Хто, як і калі прыдумаў БЧБ-сцяг. Успамінаем гісторыю стваральніка нацыянальнага сімвала беларусаў
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Сёння, 25 сакавіка, беларусы па ўсім свеце адзначаюць Дзень Волі. У гэты дзень у 1918 годзе была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі — першага дзяржаўнага ўтварэння, якое атаясамліваецца з сучаснай краінай і яе народам. Дзяржаўным сцягам БНР выбралі бел-чырвона-белы. Расказваем пра чалавека, які прыдумаў яго і дзякуючы якому ён стаў, без перабольшання, народным і нацыянальным сімвалам беларусаў, — архітэктара Клаўдзія Дуж-Душэўскага.

Як з’явіўся БЧБ-сцяг

Часам у сеціве ці нават у літаратуры можна сустрэць згадку пра легенду. У ёй расказваецца пра бітву, падчас якой князь зняў з сябе белую павязку, што намокла ад крыві, а потым пад гэтым імправізаваным сцягам павёў войска да перамогі. Але такой легенды ў беларускім фальклоры няма. Гэтая гісторыя з’явілася ўжо ў ХХ стагоддзі — напрыклад, яна згадвалася ў пераказе мовазнаўцы Вінцука Вячоркі ў адным са школьных падручнікаў, выдадзеных у пачатку 1990-х гадоў.

Легенда пра БЧБ-сцяг у адным са школьных дапаможнікаў, выдадзеных у Беларусі напачатку 1990-х гадоў. Фота: facebook.com/binklby
Легенда пра БЧБ-сцяг у адным са школьных дапаможнікаў, выдадзеных у Беларусі ў пачатку 1990-х гадоў. Фота: facebook.com/binklby

Насамрэч наш сцяг прыдумаў Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Калі гэта адбылося, на жаль, дакладна не вядома. Гэты дзеяч не пакінуў даты зацверджання свайго эскiза. Не засталося ў гісторыі і прозвішчаў людзей, якія прымалі яго працу. Бо за стварэнне сцяга ён узяўся пасля таго, як да яго ў сталіцы Расійскай імперыі Петраградзе (там Клаўдзій працаваў у Беларускім таварыстве дапамогі пацярпелым ад вайны) звярнуліся суайчыннікі з просьбай ліквідаваць прабел: у беларусаў ёсць герб «Пагоня», але няма свайго сцяга.

Ва ўспамінах за 1934 год Дуж-Душэўскі сцвярджаў, што эскізаў было некалькі: «Беларусы ўважалi сваiм дзяржаўным сцягам той, што i лiтоўцы, гэта значыць белую „Пагоню“ на чырвоным полi, але нацыянальнага сцяга не было. Мне давялося зрабiць некалькi праектаў нацыянальнага сцяга, i адзiн з iх быў прыняты: менавiта бел-чырвона-белы. Ад таго часу гэты сцяг i лiчыцца за беларускi».

Клавдий Дуж-Душевский. Изображение опубликовано в книге Владимира Орлова и Змицера Герасимовича "Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя" (2003), commons.wikimedia.org
Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Фота: кніга Уладзіміра Арлова і Змітра Герасімовіча «Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя» (2003), commons.wikimedia.org

Якія гэта варыянты, дакладна не вядома. У 1968 годзе даследчык Адам Мальдзiс запісаў успамiны Язэпа Дылы — апошняга прадстаўніка бальшавіцкага Часовага ўрада БССР, што застаўся жывы. Той сцвярджаў, што на Усебеларускiм з’ездзе, які прайшоў у 1917 годзе, нібыта выкарыстоўваўся чырвона-бела-блакiтны сцяг. Але іншых сведчанняў пра гэты сімвал няма. Таму мы дагэтуль не ведаем, што гэта, памылка ці фальсіфiкацыя. Бо адносна колераў сумневаў у Дуж-Душэўскага амаль не было — ён адразу ведаў, што гэта будуць белы і чырвоны.

Рэч у тым, што белы і чырвоны колеры ўвесь час выкарыстоўваліся ў народнай культуры беларусаў. Гэта амаль генетычны код нацыі. Белы і чырвоны прысутнічалі ў побыце, у вопратцы. Чырвонымі ніткамі ткалі ўзоры на ручніках, чырвоным поясам падпяразвалі белую кашулю.

Але самае галоўнае, што сцягі краін звычайна з’яўляюцца вытворнымі ад гербаў. Прасцей кажучы, яны схематычна перадаюць колеры гербаў. Нацыянальны гістарычны герб Беларусі — «Пагоня». Яна стала дзяржаўным сімвалам у Вялікім Княстве Літоўскім у другой палове XIV стагоддзя, хоць яе першая выява вядомая з ранейшых часоў. Яшчэ ў 1278 годзе ў «Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай» яна згадваецца як знак князя Нарымунта. Нават за расійскімі імператарамі «Пагоня» заставалася на гербах шматлікіх беларускіх гарадоў.

«У даўнія часы першасным сімвалам быў герб, а сцягі былі зусім розныя, — тлумачылі спецыялісты парталу TUT.BY. — Часцей за ўсё ў якасці „дзяржаўных“ выкарыстоўваліся сцягі (штандары) манархаў. Паступова з’яўляецца традыцыя менавіта дзяржаўных сцягоў — у еўрапейскіх краінах іх распаўсюд (з пэўнымі выключэннямі) адбываўся ў XIX — пачатку XX стагоддзя».

Образцы наклеек с бело-красно-белым флагом. Фото: Aliexpress
Прыклады налепак з бел-чырвона-белым сцягам і гербам «Пагоня». Фота: Aliexpress

Паводле даследчыкаў, колеры БЧБ-сцяга з’явіліся не проста так, бо ён асацыюецца менавіта з «Пагоняй»: «Сцяг — вытворны ад герба. <…> „Пагоня“ (на пунсовым полі срэбны вершнік, узброены мячом) мае два колеры — пунсовы (геральдычны „чырвоны“) і срэбны (геральдычны „белы“). Пунсовы колер адносіцца да „эмаляў“, срэбны — да „металаў“ (гэта групы колераў у геральдыцы). Эмалі і металы павінныя чаргавацца».

Таму бела-чырвоная колеравая гама, прыдуманая Дуж-Душэўскім, адпавядала традыцыям беларусаў, а таксама ўсім геральдычным правілам.

Заставалася размясціць гэтыя колеры ў пэўным парадку. У сеціве існуе легенда пра тое, як узнік зацверджаны эскіз: «Лютаўскім вечарам 1917-га Клаўдыюш, перабіраючы старыя кнігі, намагаўся ў бясконцых спробах вынайсці нацыянальны сцяг, які павінен быў стаць сімвалам адроджанай Беларусі. З колерамі ўсё было зразумела (белы і чырвоны), але праблемаю заставаўся малюнак. Пошукам вырашэння задачы перашкаджала дыскусія, якую ў суседнім пакоі вялі сябры па руху абуджэння. Раптам адзін з іх з крыкам „Дзе два беларусы, там тры партыі“ выскачыў з памяшкання як ашпараны. Гэта стала тым штуршком, які прывёў Клаўдыюша да адкрыцця: дзве белыя паласы на трохпалосным сцягу. Ранкам бел-чырвона-белы сцяг быў зацверджаны як прыгожы, лаканічны і адпавядаючы законам геральдыкі».

Упершыню (гаворка пра дакументальна пацверджаны факт) БЧБ-сцяг з’явіўся ў сакавіку 1917 года на будынку згаданага Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны ў Петраградзе.

«Неўзабаве Сцяг рушыў у Беларусь. 12 сакавiка ў Менску адбылося масавае свята — нацыянальны Дзень беларускага значка. У гэты дзень бел-чырвона-белыя значкi, какарды і сцяжкi можна было пабачыць паўсюль на вулiцах. Сцягi, пашытыя паводле эскiза Дуж-Душэўскага, былi разасланыя ў мясцовыя арганiзацыi. Радаслаў Астроўскi (беларускі палітычны дзеяч. — Заўв. рэд.) сведчыў, што ён сам атрымаў Сцяг у траўнi 17-га ў Слуцку, дзе ў той час працаваў. На тым Сцягу было вышыта золатам: „Няхай жыве вольная Беларусь“. У снежнi 1917 года ў Менску падчас Усебеларускага з’езду бел-чырвона-белы сцяг ужо аднадушна ўважаўся за нацыянальны сымбаль Беларусi…» — пісала «Наша Ніва».

Открытка времен БНР. Фото: wikimedia.org
Паштоўка часоў БНР з цытатай Францішка Багушэвіча. Фота: commons.wikimedia.org

Як адзначала гісторык Дарота Міхалюк у кнізе «Беларуская Народная Рэспубліка 1918−1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці», на Усебеларускім з’ездзе «бальшавіцкі камісар з Латвіі Рэзаўскі вусна зняважыў беларускі штандар, назваўшы яго „трохколернай анучай“, і дамагаўся, каб яго прыбралі. Рэакцыя прысутных сведчыла пра іх моцную эмацыйную сувязь з бел-чырвона-белымі колерамі, а таксама пра прызнанне іх нацыянальным сімвалам. Удзельнікі з’езда супакоіліся толькі дзякуючы паводзінам дэлегата беларускіх вайскоўцаў генерала Алексееўскага, які выйшаў перад дэлегатамі разам з мараком і жаўнерам, а потым пацалаваў штандар. Плішэвіч, селянін з Мінскай губерніі, заклікаў сабраных: „Трэба абараняць сцяг і шанаваць яго!“»

У жніўні 1918 года БЧБ-сцяг стаў адным з дзяржаўных сімвалаў БНР. Справа жыцця Дуж-Душэўскага была выкананая.

Лічыў сябе палякам, але стаў беларусам

Клаўдзій Дуж-Душэўскі нарадзіўся ў 1891 годзе ў Глыбокім. Цяпер гэта горад, тады — мястэчка Віленскай губерні. Ягоныя бацькі лічылі сябе «беларусамі польскай культуры». У сям'і было некалькі старэйшых дачок. Клаўдзій стаў першым і адзіным сынам у сям'і, дзякуючы чаму падчас Першай сусветнай вайны пазбег прызыву ў царскую армію.

Яго продкі ўдзельнічалі ў барацьбе супраць Расіі. Прадзед па лініі маці загінуў падчас паўстання 1831 года, дзед — падчас паўстання 1863 года, а сама маці першыя гады жыцця правяла ў віленскай Антокальскай турме. Па гэтай лініі продкі Клаўдзія былі шляхтай.

Бацька ж паходзіў з сялян, але зарабляў у іншай сферы. «Мае дзядзька і бацька былі будаўнікамі. З юных гадоў я ўдзельнічаў у будаўніцтве, дапамагаў майстрам, чарціў, складаў каштарысы дамоў, касцёла, будаўніцтва шашы і невялікіх мастоў. З’яўляючыся вучнем старэйшых класаў, я ужо кіраваў невялікімі будаўнічымі працамі і па ўказаннях бацькі складаў праекты», — згадваў стваральнік БЧБ у аўтабіяграфіі.

Клаўдзій Дуж-Душэўскі, студэнт Пецярбургскага горнага інстытута ў 1912 годзе. Фота: Isaac Tzinovek (Aizik Cinovec), facebook.com/groups/zapisybelarusaveda, commons.wikimedia.org
Клаўдзій Дуж-Душэўскі, студэнт Пецярбургскага горнага інстытута, у 1912 годзе. Фота: Isaac Tzinovek (Aizik Cinovec), facebook.com/groups/zapisybelarusaveda, commons.wikimedia.org

У 1899 годзе Клаўдзій пераехаў у Вільню разам з маці, каб атрымаць адукацыю. Мэта была дасягнутая: ён паступіў у пачатковую школу, пасля яе заканчэння — у рэальнае вучылішча. У гэты час беларус удзельнічаў у польскіх канспірацыйных гуртках. Яго жыццё змяніла сустрэча, якая адбылася ў 1910 годзе ў адной з кнігарняў. Там прадаваліся беларускія кнігі. Перабіраючы іх, Клаўдзій заўважыў аднаму з наведнікаў, што беларусы маюць бедную гісторыю.

«Раптам скуль узяўся чалавек лысы, няголены, з круглым чалом і, ідучы яшчэ, паднятым голасам стаў гаварыць: „Як, мы не маем гісторыі? Скажыце, калі ласка, хто мае багацейшую гісторыю, чым мы, беларусы?“ Зразу ён мне насыпаў так шмат, што перавярнуў усю маю гістарычную веду… Гэта быў Ластоўскі», — згадваў Дуж-Душэўскі.

Гаворка пра Вацлава Ластоўскага, таксама ўраджэнца Глыбокага — знакамітага грамадскага дзеяча, пісьменніка і навукоўца. Ён толькі што выдаў сваю першую кнігу «Кароткая гісторыя Беларусі», а ў будучыні стане прэм’ер-міністрам БНР.

Хутка адбылося знаёмства Дуж-Душэўскага з іншымі прадстаўнікамі беларускага нацыянальнага руху: братамі Антонам і Іванам Луцкевічамі, Вацлавам Іваноўскім. «Я хутка зразумеў, што я не паляк, і адразу далучыўся да руху беларускага абуджэння. Ужо пачаў чытаць лекцыі на беларускія тэмы ў польскіх гуртках, дзе мяне лічылі беларусам», — пісаў стваральнік БЧБ.

У 1912-м ён скончыў вучылішча і пераехаў у сталіцу імперыі — паступіў у пецярбургскі горны інстытут, дзе вучыўся наступныя сем гадоў. «Будучы студэнтам, я працаваў у розных галінах, як практыкант на заводах, у шахтах і г. д. У Сібіры самастойна працаваў на гідрагеалагічных працах, спачатку як майстар, пазней як гідратэхнік. У Жыгулеве на Волзе працаваў на цэментным заводзе», — згадваў Дуж-Душэўскі.

Клавдий Дуж-Душевский (слева) и Кастусь Езавитов. Рига, декабрь 1919 года. Фото: pawet.net, commons.wikimedia.org
Клаўдзій Дуж-Душэўскі (злева) і Кастусь Езавітаў. Рыга, снежань 1919 года. Фота: pawet.net, commons.wikimedia.org

А ў час, вольны ад навучання і працы, Дуж-Душэўскі ўдзельнічаў у беларускім нацыянальным руху. Ён быў старшынёй Саюза беларускіх студэнтаў, працаваў у беларускай касе ўзаемнай дапамогі, удзельнічаў у арганізацыі хору, выпускаў часопіс «Раніца», дапамагаў выдаваць газеты «Дзянніца» і «Светач». У 1913-м удзельнічаў у таемнай канферэнцыі з прадстаўнікамі іншых народаў Расійскай імперыі: украінцамі, літоўцамі і палякамі. Беларусь прадстаўлялі ён і Браніслаў Тарашкевіч — у будучыні стваральнік знакамітай «Граматыкі».

Кола беларускай інтэлігенцыі тады было дастаткова невялікім. Не дзіва, што Дуж-Душэўскі пазнаёміўся з Янкам Купалам, які тады таксама жыў у расійскай сталіцы, і нават узяў удзел у пастаноўцы студэнцкага тэатра — сыграў бацьку Паўлінкі ў аднайменнай п’есе беларускага класіка.

Праца ў структурах БНР і спробы яе ўратаваць

У 1917 годзе ў Расійскай імперыі пачалася рэвалюцыя. Манархію зрынулі. Дуж-Душэўскі вітаў перамены. Пра стварэнне ім сцяга расказвалася вышэй. Але і апрача гэтага жыццё архітэктара віравала.

Застаючыся студэнтам, беларус у сакавіку 1917 года паступіў на службу ў Міністэрства харчовай прамысловасці Расіі, дзе яго ўжо праз два месяцы прызначылі начальнікам аддзела. Адначасова ён працягваў удзельнічаць у беларускім нацыянальным руху (напрыклад, працаваў у камісіі па выпрацоўцы правілаў выбараў ва Устаноўчы сход, які мусіў вызначыць дзяржаўны лад і будучыню былой імперыі).

Восенню ў Петраградзе адбыўся дзяржаўны пераварот: да ўлады прыйшлі бальшавікі, якія, дарэчы, неўзабаве разагналі той самы Устаноўчы сход. Разам з іншымі службоўцамі Дуж-Душэўскі сышоў з міністэрства. Пэўны час быў беспрацоўным, потым уладкаваўся ў Белнацкам — аддзел бальшавіцкага наркамата (міністэрства) па нацыянальнасцях, які адказваў за беларускія справы (узначальваў той наркамат, дарэчы, яшчэ адносна малады і малавядомы Іосіф Сталін).

Слева — герб ВКЛ, справа — герб БНР. Фото: wikipedia.org
Злева — герб ВКЛ, справа — герб БНР. Фота: wikipedia.org

Летам 1918 года Дуж-Душэўскі прыехаў да маці ў Вільню, дзе сустрэўся са сваім знаёмым Вацлавам Ластоўскім. Незалежнасць БНР на той момант ужо была абвешчаная, а Ластоўскі быў сярод кіраўніцтва рэспублікі, якое адчайна намагалася здабыць міжнароднае прызнанне. Справа абцяжарвалася тым, што падзеі адбываліся падчас Першай сусветнай вайны, а тэрыторыю Беларусі акупавалі немцы.

Ластоўскі прапанаваў з’ездзіць у Берлін да кіраўніка камісіі па заключэнні міру Матыяса Эрцбергера, каб даведацца пра планы немцаў адносна Вільні. Тая сустрэча адбылася, але службовец не даў ніякіх абяцанняў, таму дэлегацыі давялося вярнуцца ні з чым.

Неўзабаве пасля вяртання ў Вільню Дуж-Душэўскаму прапанавалі пасаду міністра па справах беларусаў у Літве — гэтая краіна таксама абвясціла сваю незалежнасць. Але той адмовіўся. Сярод прычын называлася жаданне скончыць горны інстытут. Ці так яно было насамрэч, цяпер сказаць складана. Але калі гэта праўда, то іронія лёсу ў тым, што дыплома ці нават пасведчання пра яго заканчэнне Клаўдзій так і не атрымаў і пазней быў вымушаны скончыць літоўскі ўніверсітэт, каб мець магчымасць працаваць інжынерам.

Але тое было пазней. Пакуль жа ішоў 1919 год, Клаўдзій вярнуўся на радзіму. Незадоўга да гэтага бальшавікі — каб супрацьстаяць праекту БНР — абвясцілі там БССР. Дуж-Душэўскага гэта не збянтэжыла: ён пайшоў на працу да бальшавікоў губернскім геолагам. Праз месяц яго адправілі ў камандзіроўку ў Вільню для пакупкі абсталявання. Аднак горад тады акупавалі палякі, і Дуж-Душэўскі вымушаны быў там застацца (цікава, што, калі потым горад часова зноў занялі бальшавікі, ён ездзіў у Мінск і вяртаў грошы, якія яму выдалі на закупкі).

«Беларусь фактычна падзелена на шэсць частак <…>. Кожная з падзеленых частак Беларусі лічыцца як ускраіна і абдзіраецца іншымі дзяржавамі. Кожны з акупантаў лічыць сябе „начальнікам“ і жадае, каб усе яго слухаліся, а не тое пасадзіць непаслухмяных туды, куды яму трэба, а ім не трэба», — казаў ён. Таксама Клаўдзій выступіў з крытыкай бальшавікоў за рабаванне сталіцы: «З Мінска бальшавікі вывозяць усё: грошы, маёмасць, машыны, харчаванне, у Мінску ўсе галодныя, у дварах няма чым засяваць палі, будзе голад».

Клаўдзій Дуж-Душэўскі. 1925 год. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, Радыё Свабода, commons.wikimedia.org
Клаўдзій Дуж-Душэўскі. 1925 год. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, Радыё Свабода, commons.wikimedia.org

У 1919 годзе Дуж-Душэўскі разгарнуўся напоўніцу і далучыўся да дзейнасці БНР. Як кіраўнік створанага ў Вільні Беларускага народнага камітэта ён сустракаўся з польскім военачальнікам Юзафам Пілсудскім, кіраўніком місіі ЗША ў Польшчы, з прадстаўнікамі Фінляндыі і Эстоніі, з англійскай вайсковай місіяй. З восені 1919-га ён стаў дыпламатычным прадстаўніком БНР у дзяржавах Балтыі, у снежні — дзяржаўным сакратаром Урада БНР.

Мэты дзейнасці яго і яго калег у той час — дабіцца прызнання БНР, знайсці грошы на войска, забяспечыць дзейнасць беларускіх установаў. На жаль, глабальна задача засталася нявыкананай, хоць віны Дуж-Душэўскага ў гэтым не было. Нізкі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці, несфармаванасць нацыянальнай буржуазіі, якая магла б прафінансаваць дзейнасць беларускіх арганізацый, і моцныя суседзі, якія прэтэндавалі на беларускія тэрыторыі, — усё гэта ў комплексе не дазволіла БНР рэалізавацца. Хоць сваю вялікую ролю ў айчыннай гісторыі — а менавіта першае абвяшчэнне незалежнасці нашай краіны — рэспубліка, вядома, адыграла.

Жыццё ў Літве, некалькі арыштаў і ГУЛАГ

Пасля паразы БНР на Вільню працягвалі прэтэндаваць літоўцы і палякі. У 1920 годзе польскі генерал Люцыян Жалігоўскі нібыта ўзняў бунт супраць уласнага камандавання і заняў Вільню і яе ваколіцы. Узнікла дзяржава Сярэдняя Літва. Насамрэч гэтая акцыя была інспіраваная Варшавай, бо ўжо праз два гады новае ўтварэнне аб’ядналася з Польшчай.

Пасля польскай анексіі Вільні Дуж-Душэўскі разам з сям’ёй пераехаў у Каўнас, які стаў новай сталіцай Літвы. Адна з пазнейшых спробаў наведаць Вільню скончылася непрыемна — польскія ўлады арыштавалі Дуж-Душэўскага (ён крытыкаваў польскую палітыку па закрыцці беларускіх школ на захопленай Віленшчыне). Пасля вызвалення ў пачатку 1921-га архітэктар канчаткова асеў у Каўнасе. Магчыма, прычына пераезду была не толькі ў палітыцы. Неўзабаве пасля нараджэння ў Вільні памерла першае дзіця Клаўдзія. Горад стаў для яго месцам траўмы. Можа, таму ён так ніколі і не перабраўся ў Вільню, хоць пазней, у савецкія часы, меў для таго мноства магчымасцяў.

У міжваенны час беларус працаваў архітэктарам у дзяржаўных установах Літвы — будаваў фабрыкі і многае іншае ў шматлікіх літоўскіх гарадах. У 1930-м перайшоў на працу ў Міністэрства шляхоў зносін, дзе праектаваў будынак паштовага ўпраўлення. На яго рахунку таксама кінатэатр Metropolitain, у якім цяпер знаходзіцца Каўнаскі драматычны тэатр, а яшчэ будынак каўнаскага радыё, што захаваўся ў перабудаваным выглядзе.

Проекты кинотеатра в Каунасе и почты в Расейняй, сделанные Клавдием Дуж-Душевским. Фото: tarpukaris.autc.lt
Праекты кінатэатра ў Каўнасе і пошты ў Расейняі, выкананыя Клаўдзіем Дуж-Душэўскім. Фото: tarpukaris.autc.lt

Але цалкам адыходзіць ад беларускіх справаў стваральнік БЧБ-сцяга не збіраўся. У 1938 годзе паэт Максім Танк пісаў у дзённіку: «З Каўнаса К. Дуж-Душэўскi прыслаў у музей (Віленскі беларускі музей. — Заўв. рэд.) цэлую пачку школьных падручнiкаў. Некаторыя з iх былi iм самiм перакладзены на беларускую мову i з’яўлялiся каштоўнай дапамогай для моладзi, якая вучылася па старых, даваенных рускiх i польскiх падручнiках. Мова яго перакладаў была без нiякiх спадароўскiх дзiвосаў — жывая, зразумелая, народная. Я запiсаў яго адрас: Каўнас, Лайсвес алея, 72, каб перадаць яго нашым хлопцам. Хай напiшуць яму. Можа, i iм дапаможа сваiмi кнiгамi. К. Дуж-Душэўскi працуе ў Каўнасе галоўным архiтэктарам. Матэрыяльна забяспечаны. Дзякуючы яго дапамозе i музей сяк-так яшчэ можа iснаваць. Апошнi раз, калi ён наведаў Вiльню, здаецца, хацеў знайсцi перакладчыкаў з лiтоўскай на беларускую мову i некаторыя з гэтых кнiг выдаць».

Мірнае жыццё для Дуж-Душэўскага скончылася ў 1939 годзе. 23 жніўня была заключаная Дамова пра ненапад паміж Германіяй і Савецкім Саюзам (вядомая таксама як пакт Молатава — Рыбентропа). Да дакумента далучаўся Сакрэтны дадатковы пратакол, які размяжоўваў сферы ўплыву дзвюх дзяржаваў ва Усходняй Еўропе «ў выпадку тэрытарыяльна-палітычнага пераўладкавання». Фактычна гаворка ў ім ішла пра анексію тэрыторый суседніх краін і іх падзел.

Клаўдзій Дуж-Душэўскі. 1933 год. Фота: LCVA. A073-P1425, commons.wikimedia.org
Клаўдзій Дуж-Душэўскі. 1933 год. Фота: LCVA. A073-P1425, commons.wikimedia.org

Першапачаткова Літва трапіла ў сферу інтарэсаў Германіі. Але пазней пратакол адкарэктавалі, і ў канцы верасня таго ж 1939-га нацысты перадалі Савецкаму Саюзу «правы» на Літву. У выніку ў 1940-м Крэмль анексаваў гэтую краіну (разам з яе балтыйскімі суседкамі).

У чэрвені 1940 года, неўзабаве пасля ўваходу савецкіх войск у Літву, Дуж-Душэўскага арыштавалі. Данос на яго гэтым разам напісаў Сямён Якавюк, з якім у беларуса ў першай палове 1930-х быў канфлікт на глебе дзейнасці нацыянальных арганізацый. Той абвінаваціў Дуж-Душэўскага ў некалькіх грахах, у тым ліку ў «актыўнай контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай дзейнасці супраць СССР» і шпіянажы на карысць Польшчы. Ураджэнец Глыбокага прызнаў свой удзел у беларускім нацыянальным руху, аднак адмаўляў супрацоўніцтва з польскай разведкай і антысавецкую дзейнасць. Не пацвердзілі гэта і людзі, названыя Якавюком сведкамі.

Следства скончылася ў чэрвені 1941 года. Стваральніка БЧБ-сцяга чакаў ГУЛАГ, але яго выратаваў пачатак вайны: на СССР напала Германія. Калі Каўнас захапілі немцы, ахова ўцякла, таму Дуж-Душэўскі выйшаў з турмы.

Падчас нямецкай акупацыі ён уладкаваўся інжынерам на фабрыку гумовых ботаў Inkaras, а пазней стаў яе дырэктарам. Аднак ад пасады намесніка бургамістра Мінска двойчы адмовіўся. Затое Дуж-Душэўскі выратаваў з Каўнаскага гета габрэйскую дзяўчынку і выгадаваў яе як уласную дачку. У жніўні 1943 года яго і жонку арыштавала за гэта гестапа. Спачатку іх змясцілі ў тую самую турму, дзе Дуж-Душэўскі сядзеў і чакаў суда за бальшавікамі. Пазней пару адправілі ў канцлагер, дзе яны прабылі больш за чатыры месяцы, пакуль іх не вызвалілі з дапамогай знаёмых.

Магіла Клаўдзія Дуж-Душэўскага пасля рэканструкцыі. Фота: Barushok1, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
Магіла Клаўдзія Дуж-Душэўскага пасля рэканструкцыі. Фота: Barushok1, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

На гэтым пакуты беларуса не скончыліся. У 1946 годзе, ужо за савецкай уладай, Клаўдзія арыштавалі чацвёрты раз — цяпер на падставе матэрыялаў даваеннай справы. На шчасце, за яго заступіліся два прафесары, якія ахарактарызавалі Клаўдзія як «савецкага чалавека», і яго адпусцілі.

У 1952-м адбыўся пяты арышт. Гэтым разам прысуд быў надзвычай жорсткі — 25 гадоў лагераў за «нацыяналізм» і «антысавецкую дзейнасць». Але ў наступным годзе памёр Іосіф Сталін — былы фармальны шэф Дуж-Душэўскага. Спачатку тэрмін беларусу скарацілі, а ў 1955-м датэрмінова вызвалілі яго ў сувязі з пагаршэннем стану здароўя. На волі пасля гэтага архітэктар пражыў усяго пяць гадоў. Ён памёр у 1959 годзе ў Каўнасе і пахаваны на мясцовых могілках. Яго помнік выкананы ў бел-чырвона-белай гаме.

Мы ў «Люстэрку» з павагай ставімся да беларускай гісторыі. У адрозненне ад прапаганды, мы расказваем пра ўсе важныя эпізоды біяграфіі вядомых людзей, а не толькі пра тыя, якія зручныя ў гэты момант.

Станьце патронам «Люстэрка» — незалежнага медыя, якое толькі на сайце штомесяц наведвае больш за 2 мільёны ўнікальных карыстальнікаў.

Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.

Гэта бяспечна?

Калі вы не ў Беларусі — так. Гэты сэрвіс выкарыстоўвае больш за 80 тысяч арганізацый з 96 краін. Ён сапраўды надзейны: у аснове — аплатная сістэма Stripe, сертыфікаваная па міжнародным стандарце бяспекі PCI DSS. А яшчэ банк не ўбачыць, што плацёж зроблены ў адрас «Люстэрка».

Вы можаце зрабіць разавае ахвяраванне ці аформіць рэгулярны плацёж. Рэгулярныя данаты нават на невялікую суму дазволяць нашай рэдакцыі лепш планаваць уласную працу.

Важна: не данацьце з картак беларускіх і расійскіх банкаў. Гэта пытанне вашай бяспекі.

Калі для вас зручнейшы сэрвіс Patreon — вы можаце падтрымаць нас з дапамогай яго. Аднак Donorbox возьме меншую камісію і цяпер у прыярытэце для нас.

Чытайце таксама