У 1917 годзе ў беларусаў з’явіўся свой нацыяльнальны бел-чырвона-белы сцяг, які прыдумаў архітэктар Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Але мала хто ведае, што да гэтага некаторыя беларусы спрабавалі выкарыстоваўваць зусім іншы сімвал. Адкуль ён з’явіўся, чаму не стаў ды і не мог стаць нацыянальным, расказваецца ў кнізе «Бел-чырвона-белы. Сцяг. Нацыянальнасць. Ідэнтычнасць», што выйшла ў выдавецтве Андрэя Янушкевіча, — там жа апублікаваныя і выявы галоўнага «канкурэнта» БЧБ.
Ідэя гэтай кнігі паўстала ў 2020 годзе. Тады ўдзельнікі масавых мірных пратэстаў сталі актыўна выкарыстоўваць БЧБ-сцягі. Але высветлілася, што — акрамя нешматлікіх публіцыстычных тэкстаў — сур’ёзнага навуковага даследавання пра БЧБ так і не з’явілася, што дазволіла ўладзе і прапагандыстам распачаць кампанію па дыскрэдытацыі гэтага нацыянальнага сімвала. Даследаванне «Бел-чырвона-белы. Сцяг. Нацыянальнасць. Ідэнтычнасць» (аўтары з мэтай бяспекі вырашылі застацца ананімнымі) часткова закрывае белыя плямы і прагалы ў гэтай тэме.
Першы варыянт сцяга — чырвона-бела-сіні
Для нашага аповеду важныя абставіны, пры якіх сцяг стаў нацыянальным. Мы ўжо згадвалі, што яшчэ ў 1968 годзе даследчык Адам Мальдзiс запісаў успамiны Язэпа Дылы — апошняга прадстаўніка бальшавіцкага Часовага ўрада БССР, што застаўся жывы. Той сцвярджаў, што на першым Усебеларускiм з’ездзе, які прайшоў у 1917 годзе, нібыта выкарыстоўваўся чырвона-бела-блакiтны сцяг. «Але іншых сведчанняў пра гэты сімвал няма. Таму мы дагэтуль не ведаем, што гэта — памылка ці фальсіфiкацыя. Бо адносна колераў сумневаў у Дуж-Душэўскага амаль не было — ён адразу ведаў, што гэта будуць белы і чырвоны», — адзначалася ў нашым артыкуле.
Калі б кніга выдавецтва Андрэя Янушкевіча выйшла крыху раней, такі пасаж у тэксце б не з’явіўся. Бо аўтары выдання добра прааналізавалі архіўныя матэрыялы на гэтую тэму — і высветлілі, што першую спробу стварыць праект нацыянальнага сцяга зрабіў вядомы беларускі архітэктар Лявон Дубейкаўскі яшчэ ў снежні 1916 года.

«У той час беларускія дзеячы, што апынуліся ў бежанстве ў Расіі (ішла Першая сусветная вайна. — Заўв. рэд.), паспрабавалі стварыць агульнанацыянальны палітычны цэнтр.
На іх паўлегальных сустрэчах неаднаразова ўзнікалі дыскусіі пра далейшыя шляхі развіцця беларускага руху. Пад уплывам гэтых размоў Л. Дубейкаўскі зрабіў свае першыя
накіды праекта беларускага Cцяга, які сімвалізаваў сабой гэты рух», — адзначаецца ў даследаванні.
Тады Дубейкаўскі знаходзіўся ў Петраградзе (цяпер Санкт-Пецярбург) і пэўны час працаваў у Беларускім таварыстве дапамогі ахвярам вайны.
«У наспех накіданым эскізе Л. Дубейкаўскі выкарыстаў традыцыйныя „агульнаславянскія“
колеры: чырвоны, белы і сіні, якія прысутнічалі на нацыянальных сцягах сербаў, славенцаў, харватаў, чэхаў і славакаў. Схематычна праект беларускага сцяга ўяўляў з сябе прастакутнае белае палотнішча, на якім у левым сегменце быў размешчаны чырвоны квадрат у прапорцыі 1:2 да ўсяго сцяга; ад чырвонага квадрата па гарызанталі раўналежна адыходзілі тры сінія паласы аднолькавай шырыні», — пішуць аўтары.

Па словах аўтараў кнігі, Дубейкаўскі, на жаль, не пакінуў аніякіх тлумачэнняў адносна таго, якую ідэйную нагрузку мусілі мець асобныя элементы гэтай выявы.
«Увогуле, складваецца ўражанне, што гэты малюнак не быў да канца завершаны аўтарам. Пра яго тады, відаць, ніхто так і не даведаўся, ці ведала толькі вузкае кола людзей. Таму гэтая гісторыя не набыла розгаласу», — адзначаюць даследчыкі.
Пасля на авансцэну выйшаў Дуж-Душэўскі. У адрозненне ад свайго папярэдніка-«канкурэнта», яго сцяг адразу пайшоў у народ. Упершыню (гаворка пра дакументальна пацверджаны факт) БЧБ-сцяг з’явіўся ў сакавіку 1917 года на будынку Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны ў Петраградзе, дзе і працаваў яго стваральнік.
Неўзабаве сцяг рушыў у Беларусь. 12 сакавiка ў Менску адбылося масавае свята — нацыянальны Дзень беларускага значка. У гэты дзень бел-чырвона-белыя значкi, кукарды і сцяжкi можна было пабачыць паўсюль на вулiцах. Сцягi, пашытыя паводле эскiза Дуж-Душэўскага, былi разасланыя ў мясцовыя арганiзацыi. Беларускі палітычны дзеяч Радаслаў Астроўскi сведчыў, што ён сам атрымаў сцяг у маі 1917-га ў Слуцку, дзе ў той час працаваў. На ім было вышыта золатам: «Няхай жыве вольная Беларусь».
Як пішуць аўтары даследавання «Бел-чырвона-белы. Сцяг. Нацыянальнасць. Ідэнтычнасць», «ужо з ліпеня 1917 г. беларусы-вайскоўцы, аб’яднаныя ў нацыянальныя гурткі і камітэты, на сваіх мундзірах і шынялях пачалі актыўна выкарыстоўваць бел-чырвона-белыя стужкі, што адрознівала іх ад прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў былой царскай арміі. Абавязак насіць адпаведную пятлічную стужку ці бант
быў замацаваны рашэннем І сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый у Менску 5 жніўня 1917 года».

Змаганне двух сцягоў
Далей наступіў адзін з самых цікавых момантаў. Як сцвярджаюць даследчыкі, «бел-чырвона-белыя колеры ў верасні-лістападзе 1917 г. яшчэ не былі прынятыя лідарамі беларускага руху ў якасці элементаў нацыянальнага Сцяга, які б увасабляў імкненне беларусаў да аўтаноміі ці федэрацыі (тады яшчэ мала хто думаў пра поўную незалежнасць)».
Яны прыводзяць ускосны доказ: фота сяброў Вялікай беларускай рады (ВБР) у Мінску, датаванае 15 (28 па новым стылі) кастрычніка 1917 года: «Прысутныя на фота знятыя на фоне простага белага палотнішча, на якім чырвонымі літарамі напісана: „Няхай жыве вольная Беларусь!“ Пры гэтым на вопратцы і вайсковых мундзірах беларускіх актывістаў не бачна аніводнай бел-чырвона-белай стужкі».
Тым часам на снежань 1917 года было прызначана правядзенне Усебеларускага з’езду. У лістападзе, напярэдадні яго, кіраўніцтва ВБР замовіла праект такога сцяга Лявону Дубейкаўскаму. Той прапанаваў новы варыянт. У колерах новы эскіз супадаў з тым, што быў прапанаваны летась. Але ў астатнім існавалі істотныя адрозненні. Як пішуць даследчыкі, на новым эскізе, што захоўваецца ў архіве, бачна прастакутнае палотнішча белага колеру ў суадносінах шырыні да даўжыні 1:3. Левы сегмент сцяга каля дрэўка займае вертыкальная чырвоная паласа ў прапорцыі 1:6 да ўсёй даўжыні палотнішча. Пасярэдзіне сцяга (па гарызанталі) праз усё палатно праходзіць блакітная палоска ў прапорцыі 1:6 да ўсёй шырыні. На малюнку сцяг трымаў ганаровы сцяганосец, апрануты ў традыцыйныя лапці і белую сялянскую вопратку, перавязаную васількова-белым поясам. Увесь урачысты строй завяршаўся высокім белым капелюшом на галаве.

Хутчэй за ўсё (і тут якраз варта спаслацца на ўспаміны Язэпа Дылы, якога мы цытавалі ў пачатку тэксту), Вялікая беларуская рада папярэдне ўхваліла гэты праект і ён быў прадстаўлены дэлегатам Усебеларускага з’езда на адным з яго першых пленарных пасяджэнняў.
Але ў наступныя дні працы форуму выкарыстоўваўся ўжо БЧБ-сцяг. Што адбылося? Як адзначала гісторык Дарота Міхалюк у кнізе «Беларуская Народная Рэспубліка 1918−1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці», на трэці дзень працы з’езда «бальшавіцкі камісар з Латвіі Рэзаўскі вусна зняважыў беларускі штандар, назваўшы яго „трохколернай анучай“, і дамагаўся, каб яго прыбралі. Рэакцыя прысутных сведчыла пра іх моцную эмацыйную сувязь з бел-чырвона-белымі колерамі, а таксама пра прызнанне іх нацыянальным сімвалам. Удзельнікі з’езда супакоіліся толькі дзякуючы паводзінам дэлегата беларускіх вайскоўцаў генерала Алексееўскага, які выйшаў перад дэлегатамі разам з мараком і жаўнерам, а потым пацалаваў штандар. Плішэвіч, селянін з Мінскай губерніі, заклікаў сабраных: „Трэба абараняць сцяг і шанаваць яго!“»

Як падкрэсліваюць аўтары даследавання «Бел-чырвона-белы. Сцяг. Нацыянальнасць. Ідэнтычнасць», вырашальным стаў уплыў дэлегатаў-вайскоўцаў: «Сёння мы можам канстатаваць: бел-чырвона-белы Сцяг атрымаў прызнанне ў прыхільнікаў незалежнасці Краю якраз падчас Усебеларускага з’езда. Як сведчыў пазней беларускі палітык і паэт Макар Краўцоў, з пачатку студзеня 1918 г. у Менску „зусім легальна, пры бальшавіках“, над пад’ездам дома № 2 па Паліцэйскай вуліцы (цяпер вуліца Янкі Купалы. — Заўв. рэд.), <…> удзень і ўначы вісеў вялікі бел-чырвона-белы штандар». Іншыя альтэрнатыўныя праекты на гэты момант адпалі самі па сабе і больш нідзе не згадваліся.
БЧБ — генетычны колер нацыі
Такія падзеі можна палічыць збегам абставінаў. Але ў прызнанні БЧБ нацыянальным сцягам была свая логіка, бо белы і чырвоны колеры ўвесь час выкарыстоўваліся ў народнай культуры беларусаў. Гэта амаль генетычны код нацыі. Белы і чырвоны прысутнічалі ў побыце, у вопратцы. Чырвонымі ніткамі ткалі ўзоры на ручніках, чырвоным поясам падпяразвалі белую кашулю.
Але самае галоўнае, што сцягі краін звычайна з’яўляюцца вытворнымі ад гербаў. Прасцей кажучы, яны схематычна перадаюць колеры гербаў. Нацыянальны гістарычны герб Беларусі — «Пагоня». Яна стала дзяржаўным сімвалам у Вялікім Княстве Літоўскім у другой палове XIV стагоддзя, хоць яе першая выява вядомая з ранейшых часоў. Яшчэ ў 1278 годзе ў «Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай» яна згадваецца як знак князя Нарымунта. Нават за расійскімі імператарамі «Пагоня» заставалася на гербах шматлікіх беларускіх гарадоў.
«У даўнія часы першасным сімвалам быў герб, а сцягі былі зусім розныя, — тлумачылі спецыялісты парталу TUT.BY. — Часцей за ўсё ў якасці „дзяржаўных“ выкарыстоўваліся сцягі (штандары) манархаў. Паступова з’яўляецца традыцыя менавіта дзяржаўных сцягоў — у еўрапейскіх краінах іх распаўсюд (з пэўнымі выключэннямі) адбываўся ў XIX — пачатку XX стагоддзя».

Паводле даследчыкаў, колеры БЧБ-сцяга з’явіліся не проста так, бо ён асацыюецца менавіта з «Пагоняй»: «Сцяг — вытворны ад герба. <…> „Пагоня“ (на пунсовым полі срэбны вершнік, узброены мячом) мае два колеры — пунсовы (геральдычны „чырвоны“) і срэбны (геральдычны „белы“). Пунсовы колер адносіцца да „эмаляў“, срэбны — да „металаў“ (гэта групы колераў у геральдыцы). Эмалі і металы павінныя чаргавацца».
Таму бела-чырвоная колеравая гама, прыдуманая Дуж-Душэўскім, адпавядала традыцыям беларусаў, а таксама ўсім геральдычным правілам. У жніўні 1918 года БЧБ-сцяг стаў адным з дзяржаўных сімвалаў БНР. А ў 1991-м — незалежнай Беларусі.
На жаль, мы не рэкамендуем прывозіць кнігу «Бел-чырвона-белы. Сцяг. Нацыянальнасць. Ідэнтычнасць» у Беларусь. Гэта можа быць для вас небяспечна. Тыя, хто стала знаходзіцца ў замежжы, могуць набыць кнігу на сайце выдавецтва або на маркетплэйсе Allegro (даступная дастаўка ў шэраг краін), а таксама ў кнігарні выдавецтва, што працуе ў Варшаве (ul. Kłopotowskiego, 4). 19−21 красавіка выдавецтва са сваім поўным асартыментам едзе на кніжны кірмаш у Беласток (Stadion Miejski, ul. Słonieczna 1).
Чытайце таксама


