Оперная спявачка Маргарыта Ляўчук выйшла замуж. Пра гэта яна расказала ў сваім Instagram. Вяселле згулялі ў Харкаве. Пара чакае дзіця.

«Шчасце любіць цішыню, але ўсё ж прыйшоў час падзяліцца сваёй радасцю з вамі. Я выйшла замуж за самага неверагоднага мужчыну, сапраўднага ўкраінскага героя і шыкоўнага прыгажуна», — напісала Ляўчук.

Яна выйшла замуж за 40-гадовага ўкраінца Руслана Карнійко. Пра тое, што яны разам, спявачка расказала ў лютым гэтага года.
«А яшчэ у нас з Русланам будзе дзіця», — дапоўніла Ляўчук.
Маргарыта Ляўчук — былая салістка Нацыянальнага тэатра оперы і балета. Падчас выбараў 2020 года падтрымала пратэстоўцаў, пасля чаго была вымушаная з’ехаць з Беларусі праз пераслед. Разам з блогерам Андрэем Павуком стварыла сатырычны праект «Чырвоная зеляніна», таксама ўдзельнічае ў мностве іншых праектаў у сферы культуры.
У канцы чэрвеня ёй і Андрэю Павуку ў Беларусі вынеслі завочны прысуд.
Апошнім часам Маргарыта Ляўчук большую частку часу жыве ва Украіне, дзе выступае з серыяй дабрачынных канцэртаў у рамках ініцыятывы «Культурны дэсант».