Салодкі кашмар. Горад накрыла чорнай хваляй, людзі і жывёлы задыхаліся ў клейкім палоне — гісторыя трагедыі, якой магло не быць
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

«Дашліце неадкладна ўсе даступныя машыны і ратавальнікаў — па Камершыял-стрыт ідзе хваля патакі!» — паліцэйскі Фрэнк Макманус ледзь паспеў пракрычаць гэтыя словы ў тэлефонную трубку, перш чым чорны прыліў вышынёй з двухпавярховы дом накрыў вуліцы Бостана. Была палова першага дня 15 студзеня 1919 года. Тое, што адбылося далей, будуць называць самай дзіўнай прамысловай катастрофай у гісторыі ЗША. Дваццаць адзін чалавек загіне, задыхнуўшыся ў ліпкай масе, больш за 150 пацярпяць. А наступствы гэтага «салодкага патопу» зменяць амерыканскія законы і інжынерную справу.

Прадчуванне бяды

Ужо некалькі месяцаў Айзек Гансалес бачыў кашмары. Яму снілася, што гіганцкі рэзервуар з мільёнамі літраў меласы, ля якога ён працаваў кожны дзень, выбухае і клейкая вадкасць накрывае бостанскія будынкі з чырвонай цэглы, крышачы і забіваючы ўсё на сваім шляху. Ён прачынаўся ў халодным поце.

Больш за два гады Айзек працаваў у карпарацыі United States Industrial Alcohol: прымаў у порце караблі з меласай, сачыў за яе перапампоўваннем у гіганцкі бак, а адтуль — у вагоны для адпраўкі на спіртавы завод. І кожны раз, напаўняючы рэзервуар, чуў стогн і скрыгат металу — нібы далёкі гром. А яшчэ бачыў, што бак працякае, нягледзячы на спробы заладзіць расколіны. Гэта бачылі ўсе, а навакольныя дзеці рэгулярна прыбягалі з вядзерцамі, збіраючы салодкую патаку, што цякла са сценак бака.

Норт-Энд, Бостон. Резервуар находился в центре фото на берегу бухты. Фото: Flickr
Раён Норт-Энд, Бостан. Рэзервуар United States Industrial Alcohol знаходзіўся ў цэнтры фота на беразе бухты. Фота: Flickr

Усё, што зрабіла начальства, — загадала пафарбаваць бак у цёмна-карычневы колер, такі ж, як у меласы, каб рагі не кідаліся ў вочы. Айзек не раз хадзіў да кіраўніцтва, паказваў кавалкі іржы, што сыпаліся на яго, калі ён залазіў унутр рэзервуара для праверкі. Ён не вытрымае, лопне, казаў Гансалес скарбніку Артуру Джэлу, які адказваў за бак. «Не ведаю, чаго вы хочаце. Рэзервуар як стаяў, так і стаіць», — адказваў яму начальнік, якога хвалявала толькі бесперабойная вытворчасць.

Нейкі час Айзек нават начаваў на працы — спадзяваўся паспець падняць трывогу, калі бак пачне разбурацца. Пасля начнога званка з пагрозай падарваць рэзервуар (такія атакі анархістаў у ЗША тады не былі рэдкасцю) Гансалес вырашыў трымацца ад яго далей. Але час ад часу, прачынаючыся дома ад паўтаральнага кашмару, ён кідаў жонку і бег праз паўгорада да рэзервуара, употай адкрываў кран і спускаў трохі патакі ў гавань. Кропля ў моры, але толькі так ён мог зноў заснуць. Калі б хтосьці пра гэта даведаўся, яго б звольнілі ці нават судзілі. Айзек баяўся гэтага, але скрыгатлівы рэзервуар палохаў яшчэ больш.

Резервуар с мелассой, вид с надземных железнодорожных путей. Фото: Бостонский городской архив
Рэзервуар з меласай, від з надземных чыгуначных шляхоў. Фота: Бостанскі гарадскі архіў

Выгадны бізнес

Больш за два стагоддзі горад Бостан быў адным з цэнтраў «гандлёвага трохвугольніка»: караблі везлі сюды з карыбскіх калоній патаку (тую самую меласу — пабочны прадукт вытворчасці цукру з трыснягу), мясцовыя бровары пераганялі яе ў ром, які потым абменьвалі ў Афрыцы на рабоў, а апошніх адпраўлялі працаваць на плантацыі, дзе тыя рабілі новую патаку. Пасля скасавання рабства ў 1781 годзе гэты жорсткі кругазварот перапыніўся, але меласа па-ранейшаму цякла ў бостанскі порт паўнаводнай ракой. У пачатку XX стагоддзя яна здабыла новае, нашмат больш грознае прызначэнне.

З 1914 года ў Еўропе палала Першая сусветная. ЗША доўга захоўвалі нейтралітэт, але амерыканскія кампаніі актыўна забяспечвалі краіны, што ваявалі, боепрыпасамі. Для іх вытворчасці патрабаваўся тэхнічны спірт, які гналі з патакі. Попыт рос як на дражджах: чым даўжэй цягнулася вайна, тым больш трэба было выбухоўкі.

З улікам ваенных кантрактаў карпарацыі United States Industrial Alcohol (USIA), найбуйнейшаму вытворцу спірту ў свеце на той момант, не хапала магутнасцяў. У яе даччынай кампаніі Purity Distilling быў спіртавы завод у Кембрыджы каля Бостана. Але не было месца для захоўвання меласы, таму яе даводзілася купляць у пасярэднікаў, што было не так выгадна. Кампанія вырашыла тэрмінова будаваць рэзервуар проста ля прыстані ў бостанскім раёне Норт-Энд.

Зданиями из красного кирпича центр Бостона был застроен во второй половине - конце 19 века. Фото: redfin.com
Раён Норт-Энд. Будынкамі з чырвонай цэглы цэнтр Бостана быў забудаваны ў другой палове — канцы ХІХ стагоддзя. Фота: redfin.com

Гэта быў цэнтральны раён горада, ажыўлены і рабочы. Раней тут жылі ў асноўным ірландскія эмігранты, цяпер — усё больш выхадцы з Італіі. Дарэчы, менавіта тут нарадзіўся Джон Фрэнсіс Фіцджэральд, які тады быў мэрам Бостана. Яго ўнук Джон Фіцджэральд Кенэдзі праз дзесяцігоддзі стане прэзідэнтам ЗША.

Месца было ідэальнае — з пункту гледжання бізнесу. Караблі з Кубы, Пуэрта-Рыка і іншых астравоў Карыбскага мора маглі швартавацца проста ля пірса. Побач праходзіла чыгунка, якой патаку адпраўлялі на завод. Рэзервуар мусіў быць 15 метраў у вышыню (як хрушчоўка ці бостанская чатырохпавярхоўка) і 29 метраў у дыяметры. Такі бак змясціў бы амаль 10 мільёнаў літраў вадкасці.

Нікога не збянтэжыла, што велічэзная канструкцыя будзе навісаць над адным з самых густанаселеных раёнаў горада. Меркаваннем бедных жыхароў-імігрантаў ніхто не цікавіўся.

Резервуар с патокой до взрыва. Фото: из книги "Dark Tide" ("Темный прилив") Стивена Пулео; Бостонское общество/Старый Капитолий
Рэзервуар з патакай да выбуху. Фота: з кнігі «Dark Tide» («Цёмны прыліў») Стывена Пулеа; Бостанскае таварыства / Стары Капітолій

Кампанія спяшалася: вайна абяцала залатыя горы, але толькі калі паспець разгарнуць вытворчасць. Кіраваць будаўніцтвам паставілі нядаўняга сакратара, а цяпер скарбніка Артура Джэла. Ён прыспешваў рабочых (часу было ўсяго колькі месяцаў) і эканоміў на ўсім. Калі рэзервуар нарэшце быў гатовы, яго мусілі праверыць, запоўніўшы вадой даверху. Але на гэта пайшлі б тыдні і нямала грошай — а да порта ўжо падыходзіў карабель з першай партыяй меласы. Джэл загадаў наліць у рэзервуар усяго 15 сантыметраў вады — да першага стыку металічных пласцін. Нічога не працякло — і ён абвясціў, што бак гатовы для прыёму патакі. Да канца снежня 1915-га рэзервуар быў здадзены.

Праз тры гады гэтая спешка прывядзе да катастрофы.

Пагодны дзянёк

У нядзелю, 12 студзеня 1919 года, у бостанскі порт зайшоў параход «Міліера» з чарговай партыяй меласы з Пуэрта-Рыка. Кампанія USIA зноў спяшалася: вось-вось у ЗША маглі прыняць «сухі закон», і хоць асноўны прыбытак ёй прыносіў тэхнічны спірт для вытворчасці выбухоўкі, і даходы ад «звычайнага» рому страчваць не хацелася. Перапампоўка праз падаграваны трубаправод скончылася толькі раніцай панядзелка. Цяпер у рэзервуары, разлічаным на 2,5 млн галонаў меласы, было 2,3 млн галонаў, або 8700 кубічных метраў салодкай вадкасці (8,7 млн літраў).

Трубопровод, по которому мелассу перекачивали с кораблей в резервуар. Фото: Бостонский городской архив
Трубаправод, праз які меласу перапампоўвалі з караблёў у рэзервуар. Фота: Бостанскі гарадскі архіў

У папярэднія дні, 10−12 студзеня, былі моцныя маразы: ноччу тэмпературы апускаліся да мінус 13−16°С, удзень было -4°С. А потым адбылося рэзкае пацяпленне. Ужо 14-га дзённая тэмпература вырасла да + 8 °C, начная — да +1−2°С. На наступны дзень было толькі на пару градусаў халадней.

Апоўдні 15 студзеня Норт-Энд, адзін з найстарэйшых раёнаў Бостана, радаваўся цёпламу сонечнаму надвор’ю. Жанчыны вывешвалі на дварэ мокрую бялізну. Эстакадай над Камершыял-стрыт з грукатам праносіліся цягнікі. У стайні гарадскога транспартнага ўпраўлення фыркалі два тузіны коней, ля ўваходу звінеў молат каваля. У пажарнай частцы, што схавалася ў цені гіганцкага рэзервуара, чацвёра пажарных бавілі абедзенны перапынак за картамі, а іх калега Джордж Лэй і мясцовы каменячос Джон Бары назіралі за гульнёй.

Бостонская надземная железная дорога, 1901 год. Фото: Городской архив Бостона
Бостанская надземная чыгунка, 1901 год. Фота: Гарадскі архіў Бостана

Кіраўнік рэзервуара Уільям Уайт пайшоў на абед з жонкай, пакінуўшы аб’ект без нагляду: што магло здарыцца? Бармен Марцін Клоэрці яшчэ драмаў у сваім ложку ў доме непадалёк пасля начной змены. Ніхто не падазраваў, што гэты звычайны зімовы дзень вось-вось ператворыцца ў кашмар.

Раптам людзі адчулі, як здрыганулася зямля, і пачулі дзіўны гук — нізкае вуркатанне, падобнае ці то да грому, ці то да грукату грузавога цягніка. Потым пачуўся металічны скрыгат і трэск, які нагадваў кулямётную чаргу.

Чорны прыліў

З «кулямётным» гукам выляталі тысячы заклёпак рэзервуара з меласы, ператвараючыся ў смяротныя кулі. З 15-метровага бака сарвала верхнюю частку, яго сцены ад выбуху разляцеліся на кавалкі, як шрапнэль. Цёмная, цяжкая меласа, у шмат разоў гусцейшая за ваду, абрынулася на горад хваляй вышынёй каля васьмі метраў. І рушыла ва ўсе бакі з хуткасцю кур’ерскага цягніка — каля 56 кіламетраў на гадзіну.

После взрыва. Фото: wikipedia.org
Пасля выбуху. Фота: wikipedia.org

Паліцэйскі Фрэнк Макманус, якога мы згадвалі ў пачатку тэксту, акурат дакладваў у пастарунак з тэлефоннай будкі на Камершыял-стрыт. Ён перапыніў рапарт, павярнуўся і ўбачыў, як на яго рухаецца цёмная маса. На імгненне ён падумаў, што гэта бруд, але потым адразу зразумеў. «Дашліце ўсе даступныя выратавальныя машыны і людзей! Па Камершыял-стрыт ідзе хваля патакі!» — паспеў крыкнуць ён у слухаўку, перш чым кінуцца ўбок. Праз імгненне яго абдало ліпкай масай, але мужчыну пашанцавала — ён паспеў адскочыць у завулак.

Дзесяцігадовы Паскуале Янтоска збіраў абрэзкі дошак ля рэзервуара на дровы. Хоць дзень быў цёплы, яго бацька Джузэпэ настаяў, каб хлопчык надзеў два чырвоныя швэдры, і назіраў за ім з акна іх кватэры на другім паверсе. Раптам перад ім вырасла цёмная сцяна і паглынула дзіця без следу. Цела Паскуале знайшлі толькі праз некалькі гадзін: у хлопчыка былі зламаныя рукі і таз, а чырвоныя швэдры набрынялі карычневай масай.

Сцяна накрыла і 8-гадовага Антоніа дзі Стазіа з яго 10-гадовай сястрой Марыяй, якія таксама збіралі дровы. Антоніа падняло на грэбень хвалі, а потым каціла па зямлі як гальку. Ён чуў, як маці кліча яго па імені, але не мог адказаць — горла забіла задушлівая патака. Хлопчык стукнуўся галавой і страціў прытомнасць, а калі ачуўся, убачыў схіліленыя над ім твары трох сясцёр. Чацвёртая, Марыя, загінула.

Часть резервуара после взрыва во время Патоковой катастрофы. Фото: Публичная библиотека Бостона
Частка рэзервуара пасля выбуху падчас патакавай катастрофы. Фота: Публічная бібліятэка Бостана

Хваля зносіла ўсё на сваім шляху, бурыла драўляныя будынкі, пераварочвала і плюшчыла вагоны, машыны і вазы, як шкарлупіну, падняла грузавік і скінула ў гавань. Адляцелы кавалак рэзервуара сагнуў апору надземнай чыгункі і спіхнуў травмай з пасажырамі з рэек. Ад удару быў разбураны дом бармена Клоэрці, яго маці, якая толькі што вешала бялізну, загінула пад абломкамі.

Пажарную частку, якая стаяла проста за рэзервуарам, знесла з падмурка і працягнула да акіяна, пакуль яна не ўперлася ў палі. Чацвёра пажарных, якія толькі што гулялі ў карты, трапілі ў пастку. Джордж Лэй захрас у падвале ў маленечкай прасторы вышынёй менш за паўметра. Чатыры гадзіны ён спрабаваў трымаць галаву над паверхняй патакі, але ўрэшце сілы пакінулі яго, і ён захлынуўся. Цела пажарнага знайшлі на наступны дзень.

Поврежденная пожарная часть. Фото: Публичная библиотека Бостона
Пашкоджаная пажарная частка. Фота: Публічная бібліятэка Бостана

За лічаныя секунды хваля патакі накрыла тэрыторыю ў паўкіламетра. Магло быць яшчэ горш, калі б рэзервуар не стаяў у нізіне пад узгоркам. Людзей на вуліцах спачатку шпурляў наперад струмень паветра, потым абдавала і збівала з ног ліпкая субстанцыя, напоўненая буйнымі абломкамі. Патака месцамі была глыбінёй вышэй за пояс, выбрацца з яе самому было амаль немагчыма. У пастку трапілі людзі, коні, сабакі, каты. Клейкае рэчыва забівала нос і рот, перашкаджаючы дыхаць.

«Тут і там з карычневай масы тырчалі нейкія фігуры — немагчыма было зразумець, чалавек гэта ці жывёліна. Толькі воплескі і барахтанне ў ліпкай жыжцы паказвалі, дзе яшчэ цепліцца жыццё», — пісаў рэпарцёр газеты Boston Post.

Ліпкі горад

Першымі на дапамогу прымчалі 116 кадэтаў з вучэбнага карабля «Нантакет», які стаяў ля суседняга пірса. Пад кіраўніцтвам камандзіра яны кінуліся ў ліпкую жыжку па калена, выцягваючы тых, хто яшчэ падаваў прыкметы жыцця. Неўзабаве падаспелі паліцыя, пажарныя і вайскоўцы, медсёстры Чырвонага Крыжа ў шэрай форме і начышчаных чаравіках, якія таксама без ваганняў лезлі ў бурую масу.

Ратавальнікі раскідвалі лесвіцы па паверхні патакі, якая паволі застывала, каб можна было хоць неяк перасоўвацца. Параненых было занадта шмат, і ў суседнім будынку разгарнулі часовы шпіталь. Некаторых загінулых не маглі апазнаць — яны былі з ног да галавы пакрытыя коркай патакі.

Пожарные, стоящие в густой патоке после катастрофы. Фото: Публичная библиотека Бостона
Пажарныя стаяць у густой патацы пасля катастрофы. Фота: Публічная бібліятэка Бостана

Пошукі ахвяр доўжыліся чатыры дні. А апошняе цела знайшлі толькі ў траўні: труп возніка Чэзарэ Нікала вынесла ў бостанскую гавань. Усяго загінуў 21 чалавек ва ўзросце ад 10 да 78 гадоў, яшчэ 150 атрымалі раненні. Большасць ахвяр былі простымі жыхарамі беднага Норт-Энда — ірландскімі і італьянскімі рабочымі.

Сімвалічным супадзеннем стала тое, што на наступны дзень пасля катастрофы, 16 студзеня, Небраска ратыфікавала 18-ю папраўку да Канстытуцыі ЗША. Гэта быў вырашальны голас для ўвядзення «сухога закона» ва ўсіх штатах. Забарона на вытворчасць і продаж алкаголю мусіла ўступіць у сілу праз год.

Больш чым 300 чалавек удзельнічала ў ліквідацыі наступстваў патопу. Некалькі тыдняў вуліцы залівалі марской вадой, патаку пасыпалі пяском, а потым усё гэта счышчалі і змывалі ў гавань.

Але ліпкая маса на падэшвах і колах машын разышлася па ўсім горадзе. «Усё, да чаго дакранаўся бостанец, было ліпкім», — успаміналі відавочцы. Вада ў гавані заставалася карычневай да лета.

Последствия катастрофы. Фото: Бостонский городской архив
Наступствы катастрофы. Фота: Бостанскі гарадскі архіў

Шкода ад катастрофы склала каля 100 мільёнаў даляраў у пераліку на сучасныя грошы. Яна атрымала назву «Вялікі меласавы патоп».

Што выклікала катастрофу і чаму яна была такой фатальнай?

USIA адмаўляла сваю віну ў трагедыі. Кампанія настойвала, што рэзервуар ўзарвалі «зламысныя асобы» — хутчэй за ўсё, італьянскія анархісты, для якіх Норт-Энд быў адным з галоўных цэнтраў у ЗША. Падставы для такіх падазрэнняў былі: анархісты сапраўды ненавідзелі буйныя карпарацыі, асабліва тыя, што нажываліся на вайне. За папярэдні год у Бостане і ваколіцах прагрымела 40 выбухаў. А за год да катастрофы хтосьці патэлефанаваў у кампанію і паабяцаў падарваць рэзервуар.

Последствия взрыва. Фото: Архивы пожарного департамента Бостона
Наступствы выбуху. Фота: архівы пажарнага дэпартамента Бостана

Аднак кампаніі не ўдалося нікога пераканаць, што выбух адбыўся з віны нейкіх зладзеяў, а не праз яе халатнасць. Усе ведалі, у якой спешцы і эканоміі будаваўся рэзервуар і як начальства адмахвалася ад папярэджанняў пра расколіны.

У 2014 годзе інжынер Рональд Мэйвіл правёў сучасны аналіз і выявіў, што сталёвыя сценкі рэзервуара былі ўдвая танчэйшыя, чым неабходна: ад 1,7 сантыметра ўнізе да 0,8 сантыметра ўверсе. У сталі было вельмі мала марганцу, праз што яна станавілася вельмі далікатнай пры тэмпературы, ніжэйшай за 15 градусаў. Заклёпкі, што змацоўвалі лісты металу, таксама былі дэфектнымі, і менавіта ля іх пачалі з’яўляцца першыя расколіны.

Калі за два дні да катастрофы рэзервуар напоўнілі патакай амаль даверху, гэта была толькі чацвёртая такая поўная загрузка. Стан бака з кожным разам пагаршаўся. Змешванне цёплай свежай патакі з застылай старой актывізавала працэсы браджэння, але на прадпрыемстве гэтага не ўлічылі, заліваючы бак «пад накрыўку».

Саломінкай, што зламала спіну вярблюда, стала пацяпленне. Патаку перагружалі на марозе, а калі тэмпература рэзка вырасла, гэта яшчэ больш падштурхнула браджэнне ў баку. Вуглякіслы газ, які ўтварыўся ўнутры, ствараў усё мацнейшы ціск на сценкі. І без таго кволы рэзервуар не вытрымаў.

Конструкция надземной железной дороги, поврежденная обломками во время Бостонской Патоковой катастрофы 1919 года. Фото: wikipedia.org
Канструкцыя надземнай чыгункі, пашкоджаная абломкамі падчас бостанскай патакавай катастрофы 1919 года. Фота: wikipedia.org

У 2016 годзе навукоўцы і студэнты з Гарвардскага ўніверсітэта правялі даследаванне, якое растлумачыла, чаму катастрофа аказалася настолькі фатальнай. Калі б яна здарылася ў цёплы час года, магчыма, ніхто б наогул не загінуў. Але была зіма. Цёплая патака, што вырвалася з рэзервуара, займела каласальную кінетычную энергію і расцякалася вельмі хутка і далёка, а разам з тым імкліва застывала на зімовым паветры.

Патака сама па сабе ў 5−10 тысяч разоў гусцейшая за ваду. Калі чалавек, плаваючы ў вадзе, можа рабіць сіметрычныя рухі і трымацца на паверхні, то ў патацы кожны наступны рух проста вяртае густую вадкасць туды, адкуль яе адштурхнулі. Тыя, хто не загінуў адразу ад удару хвалі ці абломкаў, часта не маглі выбрацца з клейкай пасткі і задыхаліся.

Беспрэцэдэнтны суд

119 пацярпелых падалі на U.S. Industrial Alcohol калектыўны пазоў — адзін з першых у гісторыі ЗША. Судовае разбіральніцтва расцягнулася на пяць гадоў — такога доўгага яшчэ не было ў Масачусэтсе. У зале суда не хапала месца для ўсіх адвакатаў, і ім давялося выбраць двух прадстаўнікоў для абароны інтарэсаў пацярпелых.

За гэты час суд выслухаў больш за тры тысячы сведак, уключаючы пацярпелых, супрацоўнікаў кампаніі і экспертаў. Толькі металург Альберт Колбі, спецыяліст па трываласці сталёвых канструкцый, знаходзіўся на трыбуне сведак тры тыдні, часта даючы паказанні да дзесяці вечара. Матэрыялы справы склалі 45 тысяч старонак. USIA выдаткавала больш за 50 тысяч даляраў толькі на аплату экспертаў, што спрабавалі даказаць версію пра тэракт.

Поврежденная конструкция надземной железной дороги. Фото: digitalcommonwealth.org
Пашкоджаная канструкцыя надземнай чыгункі пасля выбуху рэзервуара з патакай у Бостане, 1919 год. Фота: digitalcommonwealth.org

Старшыняваў у працэсе палкоўнік Х’ю Огдэн, якога Вярхоўны суд Масачусэтса прызначыў спецыяльным аўдытарам. Вывучыўшы ўсе матэрыялы, ён прыйшоў да адназначнай высновы: вінаватая кампанія.

У сваім рашэнні Огдэн адзначыў абуральную некампетэнтнасць кіраўніцтва. Артур Джэл, які адказваў за пабудову рэзервуара, не меў інжынернай адукацыі і нават не ўмеў чытаць чарцяжы. Кампанія не прыцягнула да будаўніцтва ніводнага кваліфікаванага інжынера ці архітэктара. Праект не праходзіў неабходных узгадненняў — у тыя часы рэзервуары лічыліся не будынкамі, а «ёмістасцямі», і для іх узвядзення нават не патрабаваўся дазвол.

Падчас суда выявілі, што вытворца сталі не змог паставіць USIA сплаву патрэбнай таўшчыні і прапанаваў танчэйшы прадукт. І кампанія пагадзілася — бо гэта нібыта не парушала наяўных рэгуляцый. Хоць відавочна парушала праект.

«Нават эксперты абароны прызнаюць, што сёння яны пабудавалі б такі рэзервуар інакш, — заявіў на судзе Огдэн. — Якое ж у іх можа быць апраўданне таму, што яны лічаць гэтую канструкцыю бяспечнай?»

Резка резервуара ацетиленовой горелкой после Патоковой катастрофы. Фото: digitalcommonwealth.org
Рэзка рэзервуара ацэтыленавай гарэлкай пасля патакавай катастрофы ў Бостане. Фота: digitalcommonwealth.org

Асабліва абурыла суддзю тое, што кампанія размясціла небяспечны аб’ект у густанаселеным бедным раёне, дзе жылі ў асноўным бяспраўныя імігранты, і цалкам ігнаравала ўсе папярэджанні пра праблемы з рэзервуарам.

Огдэн вызначаў памер кампенсацый у залежнасці ад абставін смерці. Сем'і тых, хто загінуў імгненна, як дзесяцігадовая Марыя дзі Стазіа, атрымалі па шэсць тысяч даляраў. За смерць пасля пакутаў плацілі больш — напрыклад, сям'і пажарнага Джорджа Лэя, які некалькі гадзін спрабаваў трымаць галаву над патакай у маленькім падвальным памяшканні, перш чым захлынуцца, выплацілі 7500 даляраў.

Усяго кампанія выплаціла пацярпелым 628 тысяч даляраў — каля 11 мільёнаў у цяперашніх цэнах. Хоць сума здаецца невялікай за 21 загінулага і 150 параненых, само рашэнне суда стала паваротным для амерыканскай юрыспрудэнцыі. Упершыню буйная карпарацыя была прызнаная вінаватай у такой катастрофе і панесла адказнасць за свае дзеянні.

Важныя ўрокі і хісткая памяць

Трагедыя ў Норт-Эндзе назаўжды змяніла амерыканскае заканадаўства пра прамысловую бяспеку. Адразу пасля катастрофы будаўнічы дэпартамент Бостана ўвёў новыя правілы: цяпер інжынеры і архітэктары мусілі далучаць да праектаў усе разлікі і ставіць свой подпіс, беручы на сябе адказнасць за бяспеку канструкцый.

Паступова гэтыя патрабаванні распаўсюдзіліся па ўсёй краіне. Ва ўсіх штатах былі ўведзеныя законы пра сертыфікацыю інжынераў, а для атрымання дазволу на будаўніцтва буйнога аб’екта цяпер патрабавалася заключэнне ліцэнзаванага спецыяліста.

Бостанскі патоп прывёў і да змянення саміх будаўнічых нормаў, з’яўлення ахоўных зон ля прадпрыемстваў. Словам, эпоха, калі вялікі бізнес мог будаваць што заўгодна і як заўгодна, не думаючы пра наступствы, падышла да канца.

Мемориал в Лэнгон-парке. Фото: Google Maps
Мемарыял памяці загінулых у патакавай катастрофе ў Лэнган-парку Бостана. Фота: Google Maps

Але сама катастрофа, якая знішчыла дзясяткі жыццяў, паступова сцерлася з памяці. Несправядлівасць гэтага не раз адзначаў гісторык Стывен Пулеа, які ў 2003 годзе выпусціў першую і пакуль адзіную кнігу пра бостанскі патоп (яна стала ключавой крыніцай для гэтага артыкула).

«Калі б гэта быў пажар, паводка ці эпідэмія, трагедыю памяталі б лепш, — казаў Пулеа. — Але варта сказаць слова „патака“ — і людзі пачынаюць хіхікаць». А па сутнасці гэта была аварыя на вытворчасці боепрыпасаў — большая частка спірту ішла на выраб выбухоўкі.

Ёсць і іншая прычына забыцця. «Рэальнасць Норт-Энда пачатку XX стагоддзя заключалася ў тым, што там жылі ў асноўным імігранты без грамадзянства і палітычнага ўплыву. Менавіта таму побач з імі пабудавалі гэты небяспечны рэзервуар», — тлумачыў дырэктар праграм Гістарычнага таварыства Масачусэтса Гэвін Кліспіс. Да таго ж большасць загінулых былі простымі рабочымі, вядомых людзей сярод ахвяр не было — так патоп стаў трагедыяй «маленькіх» і «няважных» людзей, якія нібыта не былі вартыя памяці.

Мемориал в Лэнгон-парке. Фото: Google Maps
Мемарыял памяці загінулых у патакавай катастрофе ў Лэнган-парку Бостана. Фота: Google Maps

Цяпер на месцы рэзервуара, які ніколі не аднаўлялі, знаходзіцца бейсбольнае поле ў парку Лэнган. Дзесяцігоддзі там не было ніякіх напамінкаў пра трагедыю. Толькі ў 1990-я грамадская арганізацыя павесіла побач на парапеце маленькую зялёную таблічку з некалькімі радкамі тэксту. Хто не ведаў, дзе шукаць, мог яе нават не заўважыць.

У апошнія гады парк адрамантавалі і побач з бейсбольным полем стварылі падабенства месца памяці: паставілі камень з той самай таблічкай і інфармацыйны стэнд з фотаздымкамі і аповедам пра катастрофу. І гэта ўсё: у 2010-я мясцовы архітэктар дабіваўся стварэння сапраўднага мемарыялу, але нічога не выйшла.

Жители Бостона стоят по окружности резервуара в память о трагедии в день ее столетия в 2019 году. Фото: blogs.umb.edu
Жыхары Бостана стаяць па акружнасці на месцы рэзервуара ў памяць пра трагедыю ў дзень яе стагоддзя ў 2019 годзе. Фота: blogs.umb.edu

Сёння Норт-Энд цалкам змяніўся — гэта не бедны раён, а прэстыжны стары цэнтр Бостана. Партовыя будынкі і склады не загрувашчваюць бераг, і жыхары могуць гуляць у парку, любуючыся бухтай. Даўно выветрыўся легендарны пах карамелі, які дзесяцігоддзямі ішоў у гарачае надвор’е ад старых будынкаў з чырвонай цэглы. Але самі будынкі стаяць, як і 105 гадоў таму. А бетонны фундамент рэзервуара дагэтуль ляжыць на паўметра пад зямлёй — маўклівы помнік таму, як прагнасць і халатнасць загубілі два дзясяткі жыццяў студзеньскім днём 1919 года.

Чытайце таксама