Лукашэнка асабіста развітаўся з Макеем — за 30 гадоў ва ўладзе ён бываў на пахаваннях лічаныя разы. Успамінаем папярэднія візіты
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


За амаль тры дзясяткі гадоў знаходжання ва ўладзе Аляксандр Лукашэнка наведаў сотні, калі не тысячы, публічных мерапрыемстваў. Аднак пахаванні вядомых людзей палітык сваёй увагай не абдорвае. Складана сказаць, з чым менавіта гэта звязана, але з 1994 года цырымоніі развітання з памерлымі, на якіх пабываў Лукашэнка, можна пералічыць на пальцах. А таму цяперашні візіт на цырымонію развітання з Уладзімірам Макеем — хутчэй выключэнне, чым правіла. Успамінаем, на чыіх пахаваннях Лукашэнка бываў да гэтага і пра што там гаварыў.

Фото: пресс-служба Лукашенко
Фота: прэс-служба Лукашэнкі

Беларускія палітыкі: Аляксандр Дубко (а цяпер і Уладзімір Макей)

Візіты на пахаванні палітычных апанентаў або паплечнікаў — зусім не ў стылі Лукашэнкі. Ён не прыйшоў ні на развітанне з Вячаславам Кебічам, першым прэм’ер-міністрам Беларусі, што быў яго асноўным канкурэнтам на выбарах 1994-га (адправіў толькі вянок і кіраўніка сваёй адміністрацыі), ні на нядаўнім пахаванні Станіслава Шушкевіча, які быў кіраўніком Вярхоўнага Савета Беларусі (гэтае мерапрыемства палітык увогуле праігнараваў).

Па сутнасці, адзіны беларускі палітык, на развітанні з якім Лукашэнка быў асабіста, — старшыня Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Дубко. У савецкую эпоху ён доўгія гады ўзначальваў калгас «Прагрэс», а ў 1994-м вылучыў сваю кандыдатуру на прэзідэнцкія выбары як прадстаўнік аграрыяў (адзін з лозунгаў кампаніі быў такі: «Галасуйце за Дубко — будуць хлеб і малако»). Выбары былы кіраўнік калгаса прайграў кіраўніку саўгаса са Шклоўскага раёна (у першым туры Дубко набраў крыху менш за 6% галасоў). Аднак ужо ў 1994-м Лукашэнка прызначыў свайго нядаўняга саперніка кіраўніком Гродзеншчыны.

На гэтай пасадзе Дубко і памёр у лютым 2001-га. Тады прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі паведамляла, што палітык стварыў дзяржаўную камісію па арганізацыі пахавання. Узначаліў яе Віктар Шэйман, які тады быў генеральным пракурорам Беларусі. На пахаванне прыязджаў сам Лукашэнка (паводле пэўных звестак, гэта ўвогуле быў яго першы візіт у горад пасля перамогі на выбарах у 1994-м), быў заўважаны на цырымоніі развітання і польскі амбасадар Марыюш Машкевіч.

Александр Дубко. Фото: grodno-region.gov.by
Аляксандр Дубко. Фота: grodno-region.gov.by

«У 12.45 прыехаў Аляксандр Лукашэнка, які пасля ўскладання вянка паціснуў рукі сынам губернатара, не падышоўшы чамусьці да ўдавы Эмы Дубко. Неўзабаве пасля гэтага ён пайшоў у адзін з кабінетаў аблвыканкама, а ўслед за ім прайшла жанчына з аптэчкай, — расказвала пра пахаванне Дубко «Белгазета». — <…> Відавочцаў жа здзівіла тое, што прэзідэнт казаў развітальную прамову на плошчы Леніна ў кепска наладжаны мікрафон і ў натоўпе раз за разам чуліся воклічы кшталту: «А што ён сказаў?» Пасля мітынгу труна з целам была пастаўленая на лафет, і бронетранспарцёр па пешаходнай вуліцы Савецкай павёз яе ў бок аднайменнай плошчы, хоць дамы пенсійнага выгляду лічылі, што «трэба было б у царкву».

Пахавалі Аляксандра Дубко ва ўрочышчы Сакрэт на закрытых гарадскіх могілках. Пасля смерці ён атрымаў зорку «Героя Беларусі» — гэта дзяржаўная ўзнагарода, найвышэйшае званне, якое даецца за заслугі, звязаныя са здзяйсненнем подзвігу. З 2010 года яго імем названая вуліца ў Гродне. Да моманту сённяшняга развітання з Уладзімірам Макеем Дубко заставаўся адзіным беларускім палітыкам, якога Лукашэнка праводзіў у апошні шлях асабіста. Нават многія папярэднія паплечнікі, з якімі ён прыходзіў ва ўладу, не ўдастоіліся такога гонару — напрыклад, Дзмітрый Булахаў, які памёр у 2006-м, ці Васіль Лявонаў, які даваў згоду на прызначэнне Лукашэнка дырэктарам саўгаса і пайшоў з жыцця ў 2015-м.

Замежныя палітыкі: Барыс Ельцын, Уга Чавес

Трохі часцей (але таксама вельмі рэдка) Лукашэнка бывае на пахаваннях замежных лідараў. Нам удалося ўспомніць толькі два выпадкі, і ў абодвух гаворка ішла пра вельмі блізкіх беларускаму палітыку людзей.

Прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын — адзін з галоўных палітычных «патронаў» Лукашэнкі, шмат у чым дзякуючы яго ўмяшанню беларускаму палітыку ўдалося перажыць палітычны крызіс 1996 года, пазбегнуўшы імпічменту. У далейшым абодва захоўвалі вельмі блізкія адносіны і часта сустракаліся, а на думку многіх аналітыкаў, Лукашэнка ўвогуле бачыў сябе ў крэсле самога Ельцына. У апошні дзень 1999-га першы прэзідэнт РФ абвясціў пра свой сыход і назваў імя пераемніка — ім стаў Уладзімір Пуцін.

Пасля гэтага першы прэзідэнт Расіі пайшоў на пенсію і рэдка выступаў публічна. Памёр у красавіку 2007 года ад спынення сэрца. У ноч з 24 на 25 красавіка ў маскоўскім храме Хрыста Збаўцы праходзіла адпяванне, 25-га адбылося само пахаванне, на якое прыехала велізарная колькасць палітыкаў з усяго свету. Ад Беларусі на мерапрыемстве былі два чалавекі: Лукашэнка і згаданы вышэй Станіслаў Шушкевіч.

На самім пахаванні Лукашэнка (як і Шушкевіч) не выступаў — толькі развітаўся з нябожчыкам. А праз шмат гадоў увогуле абвінаваціў Ельцына ў распадзе СССР — як і Міхаіла Гарбачова. Дарэчы, пахаванне апошняга лідара Савецкага Саюза, дзякуючы якому шмат у чым і стала магчымая палітычная кар’ера Лукашэнкі, беларускі палітык не наведваў — толькі выказаў спачуванні.

Не менш блізкімі былі адносіны Лукашэнкі з былым лідарам Венесуэлы Уга Чавесам. Палітыкаў аб’ядноўвала многае: папулісцкая і антызаходняя рыторыка, вобраз «людзей ад народа», не надта добрыя стасункі з правамі чалавека. А яшчэ ўзаемныя інтарэсы — Беларусь, напрыклад, мела вялікую патрэбу ў таннай венесуэльскай нафце. Чавес бываў у Мінску не менш за пяць разоў, Лукашэнка ў сваю чаргу лётаў у Каракас. Апошні такі візіт адбыўся летам 2012 года — на той момант лідар Венесуэлы ўжо змагаўся з ракам.

У пачатку сакавіка 2013 года улады Венесуэлы паведамілі пра смерць 58-гадовага Чавеса (існуе таксама версія, што палітык памёр на чатыры месяцы раней, але пра гэта не паведамлялася). 8 сакавіка пачалася цырымонія развітання, якая доўжылася тыдзень. Сярод палітыкаў, якія прыехалі развітацца з Чавесам, быў і Аляксандр Лукашэнка — ён прыбыў на мерапрыемства са сваім малодшым сынам Мікалаем. Сусветныя СМІ абляцелі кадры, на якіх Лукашэнка плача падчас выканання венесуэльскага гімна. Беларускі палітык таксама быў у ганаровай варце ля труны Чавеса — разам з ім такі гонар атрымаў прэзідэнт Ірана Махмуд Ахмадзінежад.

Фото: Reuters
Аляксандр Лукашэнка і яго сын Мікалай стаяць побач з труной прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса падчас пахавання ў Каракасе 8 сакавіка 2013 года. Фота: Reuters

У Беларусі ў сувязі са смерцю Чавеса тры дні былі прыспушчаныя дзяржаўныя сцягі, у краіне абвясцілі трохдзённую жалобу. У 2014-м на захадзе Мінска з’явіўся парк імя Чавеса.

Самога Уга Чавеса так і не пахавал і- яго цела забальзамавалі і выставілі ў венесуэльскім Музеі рэвалюцыі.

Прадстаўнікі мастацтва: Уладзімір Мулявін

Не абдорвае Лукашэнка сваімі візітамі і пахаванне дзеячаў культуры і мастацтва. За тры дзясяткі гадоў памерла мноства людзей, якія сфармавалі культуру краіны. Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін — толькі некаторыя імёны аўтараў, якія сышлі ў іншы свет за гэты час і на чыіх пахаваннях палітыка не было. Што, у цэлым, нядзіўна — вялікая частка беларускіх дзеячаў культуры альбо аддавала перавагу таму, каб маўчаць наконт палітыкі Лукашэнкі, альбо наўпрост яго крытыкавала. Праўда, і мастак Міхаіл Савіцкі, які адкрыта падтрымліваў Лукашэнку, дачакаўся толькі спачуванняў — але не візіту.

Адзіным выключэннем з правіла застаецца Уладзімір Мулявін — стваральнік і кіраўнік ансамбля «Песняры». Прыехаўшы ў Мінск у 1963 годзе, ураджэнец расійскага Свярдлоўска (цяпер — Екацярынбург) стварыў гурт, што грымеў не толькі па ўсім СССР, але і за мяжой, а таксама шмат у чым сфармаваў беларускую музыку другой паловы мінулага стагоддзя.

У траўні 2002 года 61-гадовы Мулявін на сваім «Мерсэдесе» трапіў у аварыю пад Мінскам, у якой атрымаў пералом пазваночніка, пасля чаго быў паралізаваны. Яшчэ праз 8 месяцаў, у студзені 2003-га, легендарны музыка памёр у адной з маскоўскіх бальніц.

29 студзеня адбылося пахаванне. Спачатку прайшла цырымонія развітання ў Свята-Духавым кафедральным саборы (у ёй удзелу афіцыйныя асобы не бралі), пасля гэтага цела Мулявіна перавезлі ў Дом афіцэраў. Вось як апісвала тое, што адбывалася, расійскае выданне «Коммерсант»:

«Вялізны натоўп з кветкамі і вянкамі, які атачаў [Дом афіцэраў], рваўся ўсярэдзіну будынка, каб развітацца з целам. Аднак служба аховы беларускага прэзідэнта пускала ў залу людзей толькі па пропусках — чакалі Аляксандра Лукашэнку. Пропускі аказаліся толькі ў найвышэйшых чыноўнікаў і публікі, набліжанай да ўлады. Ля ўваходу пераміналіся з нагі на нагу некалькі заслужаных артыстаў Беларусі, якія прыйшлі развітацца з сябрам. Пропускаў ім не дасталася. [Лукашэнка] з’явіўся каля труны спевака даволі позна, сказаў некалькі дзяжурных жалобных фразаў. Пры гэтым спадар Лукашэнка не ўтрымаўся ад палітычнай заявы. Паводле словаў беларускага лідара, «Мулявін увасабляў сабой не толькі Беларусь і беларускі народ, але і вялікую дзяржаву, перад якой схіляўся ўвесь свет». Скончыўшы жалобна-палітычнае выступленне, Аляксандр Лукашэнка даволі хутка з’ехаў. І толькі пасля гэтага у жалобную залу змаглі трапіць сябры і прыхільнікі таленту Уладзіміра Мулявіна».

Фото: president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка на пахаванні Уладзіміра Мулявіна ў Мінску, 29 студзеня 2003 года. Фота: president.gov.by

Лідара «Песняроў» пахавалі на Усходніх могілках Мінска. У 2004 годзе ў гонар Мулявіна перайменавалі бульвар у цэнтры сталіцы, які да гэтага насіў імя Луначарскага, у 2017 годзе там жа, за будынкам Белдзяржфілармоніі, яму ўсталявалі помнік. Праз два гады Лукашэнка сустракаўся з губернатарам Свярдлоўскай вобласці Яўгенам Куйвашавым і дзякаваў яму за дапамогу ў стварэнні манумента, сказаўшы наступнае: «Гэта наш агульны гонар — Валодзя Мулявін, якога я вельмі добра ведаў, з якім вельмі сябраваў. Пасля нацыяналістычнага чаду (некалькі гадоў у Беларусі і гэта было) мне давялося яго як нашага, рускага, чалавека, падымаць на вышыню. Я наўпрост беларусам сказаў, што гэты рускі расіянін навучыў нас размаўляць на беларускай мове».

Рэлігійныя дзеячы: патрыярх Алексій II, мітрапаліт Філарэт

Адносіны Аляксандра Лукашэнкі з рэлігіяй складана назваць простымі: ён не раз дапускаў дзіўныя выказванні як у дачыненні да рэлігіі ў цэлым, так і ў дачыненні да асобных канфесій ці канкрэтных святароў і іх дзеянняў.

Тым не менш самыя блізкія адносіны ў яго склаліся з праваслаўнай царквой. За час кіравання палітыка памерлі два важныя для Беларусі дзеячы гэтай канфесіі — і на пахаванні абодвух Лукашэнка быў.

Алексій II (свецкае імя — Аляксей Рыдыгер) узначаліў РПЦ яшчэ за Савецкім Саюзам — у 1990 годзе. З маскоўскім патрыярхам у Лукашэнкі склаліся блізкія адносіны — той не раз бываў у Беларусі (для візітаў беларускія ўлады нават давалі яму свой самалёт). У 2001 годзе падчас паездкі ў Брэст Лукашэнка называў Алексія сваім «сябрам і настаўнікам», а кажучы пра адну з цэркваў, назваў яе «самым велічным храмам, пабудаваным у гады, калі мне было вамі (то-бок Алексіем. — Заўв. рэд.) дазволена кіраваць дзяржавай». У сваю чаргу патрыярх віншаваў Лукашэнку з чарговымі пераабраннямі, у адказ ляцелі віншаванні з днямі нараджэння.

У апошнія гады жыцця ў патрыярха былі праблемы з сэрцам, а пра яго смерць стала вядома 5 снежня 2008-га. Як пазней расказаў протадыякан Андрэй Кураеў, Алексій памёр у прыбіральні, стукнуўшыся патыліцай аб нейкі з вострых кутоў у падмаскоўнай рэзідэнцыі. Пахаванне адбылося 9 снежня ў храме Хрыста Збаўцы — на іх запрасілі і Лукашэнку.

«Беларусь карысталася асаблівай пастырскай увагай Алексія II, з блаславення якога здзейснена шмат богаўгодных справаў на нашай зямлі. Мы страцілі шчырага сябра, які зрабіў неацэнны ўклад у справу ўмацавання беларуска-расійскага адзінства», — адзначыў Лукашэнка ў сваім спачуванні РПЦ.

Александр Лукашенко приветствует главу РПЦ Патриарха Алексия II (слева) во время освящения православного собора в Бресте, 24 июня 2001 года. Фото: Reuters
Аляксандр Лукашэнка вітае кіраўніка РПЦ, патрыярха Алексія II (злева) падчас асвячэння праваслаўнага сабора ў Брэсце, на заднім плане — мітрапаліт Філарэт. 24 чэрвеня 2001 года. Фота: Reuters

Мітрапаліт Філарэт быў галавой Беларускай Праваслаўнай Царквы ўвогуле з часоў Брэжнева — з 1978 года. За Лукашэнкам адносіны БПЦ і дзяржавы сталі асабліва блізкімі. Так, помнікі культуры, якія належаць царкве, рэстаўруюцца за бюджэтныя сродкі (а да работ нават прыцягваюць чальцоў БРСМ), яна вызваленая ад выплаты падатку на нерухомасць і зямельнага падатку, у БПЦ ёсць прэферэнцыі па ПДВ у рамках рэлігійнай дзейнасці (правядзенне абрадаў, продаж літаратуры і гэтак далей). Будаўніцтва і развіццё праваслаўных храмаў нярэдка фінансуецца беларускімі бізнесоўцамі, многіх з якіх называюць набліжанымі да ўлады.

Нядзіўна, што паміж Філарэтам і Лукашэнкам склаліся блізкія адносіны, палітык называў уладыку сваім сябрам і духоўным настаўнікам. У 2006 годзе святар атрымаў ад Лукашэнкі званне Героя Беларусі. Але ўзрост даваў пра сябе ведаць — у 2013 годзе Філарэт пакінуў пасаду кіраўніка БПЦ. У снежні 2020-га яго шпіталізавалі з каранавіруснай інфекцыяй, а ў студзені наступнага года ён памёр.

Развітанне адбылося 14 студзеня ў Свята-Духавым кафедральным саборы, на яго прыехаў і сам Лукашэнка ў суправаджэнні новага ўладыкі Веніяміна, палітык усклаў на магілу белыя ружы. Праз год з лішнім, у траўні 2022-га, у Мінску Філарэту адкрылі помнік — у цырымоніі паўдзельнічаў і сам Лукашэнка.