Заява Уладзіміра Пуціна пра размяшчэнне ў Беларусі ядзернай зброі — гэта спробы напалохаць іншыя дзяржавы і змусіць да дыялогу на ўмовах Расіі. Пра гэта ў інтэрв'ю Radio NV заявіў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк.

На думку Падаляка, у сітуацыі, калі вялікае наступленне РФ ва Украіне правалілася, стаўленне да Расіі ў свеце негатыўнае, а супраць расійскага прэзідэнта выпісаны ордар МКС, які многія краіны збіраюцца выканаць, Пуцін такімі заявамі спрабуе павысіць свае стаўкі і «шукае магчымасці дамінаваць у інфармацыйным парадку дня, не больш за тое».
— Я думаю, што ўсё ж такі спробы размясціць будуць, яшчэ раз падкрэсліваю, спробы, гэта не значыць, што дакладна будзе размяшчэнне. Спробы, пачатак транспартавання, ведаеце, гэта імітацыйны ход рэчаў, які вельмі любіць Расійская Федэрацыя для таго, каб атрымаць магчымасць пра нешта весці перамовы, — лічыць Падаляк.
Разам з тым ён адзначае, што Расія наўрад ці наважыцца выкарыстаць гэтую ядзерную зброю, «таму што будуць цяжкія наступствы перш за ўсё для Расіі, а не для Беларусі, гэта відавочна».
Што да Аляксандра Лукашэнкі, то Захад ужо папярэдзіў, што Беларусь атрымае «істотнае павышэнне колькасці і якасці санкцый», калі дазволіць юрыдычна размяшчэнне расійскага арсенала на сваёй тэрыторыі, нагадаў Падаляк.
Ён таксама назваў Лукашэнку «інфармацыйным топ-прапагандыстам Крамля», слова якога наўрад ці сёння мае нейкую вагу.
— Таму што фактычны кантроль, мы з вамі ўжо разумеем гэта ў поўным аб’ёме, над вайсковай вертыкаллю ў Беларусі, сілавой вертыкаллю ў Беларусі, над інфраструктурнымі аб’ектамі, такімі як Мазыр або палігоны, цалкам належыць Расійскай Федэрацыі. Таму Расія выкарыстоўвае Беларусь не як суверэнны суб’ект, а выключна як сваю тэрыторыю, якая мае пэўныя дэкаратыўныя прыкметы суверэннасці як такой, на жаль. То-бок Лукашэнка не суб’ект, які можа сказаць «хачу» ці «не хачу». Гэта выключна топ-прапагандыст, не болей. І гэтая пазіцыя, калі ўсё ж Расія сапраўды не проста імітуе перавозку ядзернай зброі ў Беларусь, а паспрабуе гэта зладзіць, то гэта будзе азначаць, што Лукашэнку наогул можна выкрасліць з пераліку людзей, пра якіх трэба згадваць, — заявіў прадстаўнік Офіса прэзідэнта Украіны.
Падаляк адзначыў, што Украіна дагэтуль бачыла розніцу паміж Расіяй, якая з’яўляецца ініцыятарам і непасрэдным удзельнікам вайны, і Беларуссю, якая дае РФ сваю інфраструктуру, але як юрыдычны суб’ект у вайне не ўдзельнічае. Аднак заявы Лукашэнкі пасля таго, што адбылося ў Мачулішчах, якія Падаляк назваў «неадэкватнымі», на яго думку, пагаршаюць становішча.
— Лукашэнку было б лепш менш гаварыць, бо гэта будзе мець для яго асабіста важнае значэнне для абароны ў пасляваенны час. Бо ён зможа сказаць, што некаторыя рэчы ён рабіў пад прымусам Расійскай Федэрацыі, і гэта будзе адвакацыя для сябе. Але я крыху вышэй казаў пра тое, што Расія абсалютна выразна, свядома выкарыстоўвае яе як суб’ект інфармацыйнага ціску, у прыватнасці, на еўрапейскія супольнасці, украінскую супольнасць. Таму ён і робіць гэтыя агідныя заявы, якія толькі пагаршаюць яго асабістае становішча, — заявіў Міхаіл Падаляк.
Нагадаем, Уладзімір Пуцін 25 сакавіка заявіў, што Мінск і Масква дамовіліся пра размяшчэнне ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі, пра што даўно прасіў Лукашэнка. Да 1 ліпеня на тэрыторыі Беларусі скончаць будаўніцтва спецыяльнага сховішча для тактычнай ядзернай зброі.
Паводле прэзідэнта РФ, падставай для такога кроку паслужыла заява Вялікабрытаніі пра пастаўкі Украіне снарадаў са збедненым уранам.