З'ездзіў на экскурсіі, пагаварыў з Пуціным тэт-а-тэт, пра што — сакрэт. Прэс-служба Лукашэнкі падвяла вынікі «звышнасычанай» паездкі ў РФ
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Вынікі трохдзённага рабочага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Санкт-Пецярбург падвяла яго прэс-служба. З паведамлення вынікае, што паездка была «звышнасычаная»: ён наведаў музей, з’ездзіў на экскурсіі, а таксама шмат размаўляў з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, дзе абмяркоўваў «самыя сур’ёзныя і важныя пытанні», якія — не ўдакладняецца.

Александр Лукашенко и Владимир Путин во время посещения храма на острове Валаам. 24 июля 2023 года. Фото: Reuters
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падчас наведвання храма на востраве Валаам. 24 ліпеня 2023 года. Фота: Reuters

Дэталяў перамоваў двух палітыкаў у паведамленні прэс-службы Лукашэнкі мала. У апублікаваным прэс-рэлізе згадваецца, што пасля прылёту ў Санкт-Пецярбург 22 ліпеня Лукашэнку сустракалі губернатары Ленвобласці і Санкт-Пецярбурга, з якім адбылася «прадметная размова».

У нядзелю ён правёў рабочую сустрэчу з Уладзімірам Пуціным. У прэс-службе падкрэслілі, што ніякай канспіралогіі ў гэтым няма — «так склаліся графікі і так было зручна».

Падчас адкрытай часткі сустрэчы Лукашэнка паскардзіўся Пуціну на вагнераўцаў, якія нібыта імкнуцца ў Варшаву і Жэшуў, паказаў чарговую карту — гэтым разам перакідвання польскіх войскаў да «межаў Саюзнай дзяржавы» і прапанаваў дзвюм краінам абдумаць «нейкі эканамічны план», каб ні пад кога не прагінацца. Пасля гэтага палітыкі пагаварылі нефармальна. У прэс-службе ўдакладнілі, што абмяркоўваліся «самыя сур’ёзныя і важныя пытанні», але падрабязнасцяў не паведамілі.

Акрамя таго, падчас візіту ў Санкт-Пецярбург Лукашэнка з Пуціным «заехалі ў Кранштат», наведалі музей, храмы на востраве Валаам. У прамежках паміж «экскурсіямі «яны размаўлялі «ў асноўным сам-насам».

«Маршруты, паролі і яўкі, вядома, не здаём», — падвяла вынік трохдзённага візіту прэс-служба Лукашэнкі.

Паведамленне прэс-службы Крамля па выніках візіту Лукашэнкі ў Санкт-Пецярбург выйшла такім жа беззмястоўным. Перамовы завяршыліся без падпісання якіх-кольвек афіцыйных дакументаў або заяваў для прэсы.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў расказаў СМІ, што палітыкі «зверылі гадзіннікі» і абмяняліся думкамі па цяперашнім парадку дня, а мэты дасягнення якіх-кольвек дамоўленасцяў у іх і не стаяла.

— Сустрэча была для «зверкі гадзіннікаў», для абмену думкамі. Пералік асноўных тэм на парадку дня акрэслілі самі кіраўнікі дзяржаваў, калі яны пазаўчора першы раз сустрэліся ў Санкт-Пецярбургу, менавіта там і Пуцін, і Лукашэнка расказалі ўсё, пра што яны будуць гаварыць. Там прагучала і тэма групы «Вагнер», прагучала і тэма гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, і Саюзнай дзяржавы, і знешняй пагрозы па перыметры нашых краін — усё гэта, вядома, фігуравала на парадку дня, — цытуе Пяскова РІА «Новости».

Чытайце таксама