Сёлета неафіцыйнай Нобелеўскай прэміяй па эканоміцы — за вывучэнне ключавых прычын гендарных адрозненняў на рынку працы — узнагародзілі 77-гадовую даследчыцу Клаўдыю Голдын. Цяпер яна лічыцца адным з самых уплывовых эканамістаў свету і з’яўляецца прафесарам Гарвардскага ўніверсітэта, дзе ў свой час стала першай жанчынай, якая ў прынцыпе атрымала месца выкладчыка эканомікі. А яшчэ Голдын — першая жанчына, якая атрымала Нобелеўскую прэмію па эканоміцы аднаасобна (не падзяліўшы яе ні з кім). Дык чаму яе даследаванні такія рэвалюцыйныя? «Люстэрка» расказвае.

Клаўдыя Голдын займаецца пытаннямі эканомікі ўжо больш за паўстагоддзя. Яшчэ ў 1972 годзе яна атрымала доктарскую ступень па арганізацыі прамысловай вытворчасці і эканоміцы працы ў Чыкагскім універсітэце. З таго часу яна займала важныя пасады ў буйных некамерцыйных арганізацыях, якія займаюцца аналізам і развіццём эканомікі ЗША. Але галоўнае — менавіта дзякуючы ёй роля жанчын у эканоміцы пачала вывучацца, а гендарную эканоміку лічаць агульнапрызнаным напрамкам у навуцы.
Пра што яе праца, Голдын каротка апісала сама, калі каментавала атрыманне ўзнагароды журналістам Reuters.
— Паміж жанчынамі і мужчынамі па-ранейшаму існуюць вялікія адрозненні ў тым, чым яны займаюцца, як атрымліваюць узнагароду і гэтак далей. Пытанне ў тым, чаму гэта так. І ў гэтым сутнасць працы, — сказала даследчыца.
Галоўная выснова ўсіх работ Голдын заключаецца ў тым, што гендарны разрыў (у кантэксце працаў вучонай пад гэтым маецца на ўвазе розніца ў зарплаце на карысць мужчын) не памяншаецца дзякуючы ўстойліваму і паступоваму прагрэсу, а змяняецца ў розныя бакі пад уплывам значных гістарычных падзей. Напрыклад, у ХІХ стагоддзі працавала, акрамя заняткаў хатняй гаспадаркай, значна больш жанчын, чым у пачатку дваццатага — так атрымалася ў выніку пераходу ад аграрнага да індустрыяльнага грамадства (сем'і сялян масава пераязджалі працаваць на фабрыкі ў гарады, і жанчыны больш не ўдзельнічалі ў сельскагаспадарчых работах). А потым удзел жанчын у эканоміцы зноў пачаў расці.
У ЗША, піша Голдын у адным са сваіх артыкулаў, гендарны разрыў паміж мужчынамі і жанчынамі, якія працуюць, прыкметна скарачаўся як мінімум цягам 110 гадоў. Калі ў 1890 годзе толькі 15% жанчын ва ўзросце 25−44 гадоў казалі пра занятасць па-за домам, то ў далейшым іх колькасць павялічвалася: да 1940 года — да 30%, да 1970-га — да 47%, да 2000-га — да 78%. На мяжы стагоддзяў сярод мужчын таго ж узросту ў эканоміцы ўдзельнічалі 93%, то-бок гендарны разрыў у рабочай сіле значна скараціўся і з таго часу мала змяняецца. На 2000 год сярод усіх работнікаў ва ўзросце ад 20 да 64 гадоў жанчыны складалі 47%.
Дарэчы, сёння ў Беларусі ў эканоміцы занята нават больш жанчын, чым мужчын. Але пры гэтым у нашай краіне, як і ў ЗША, жанчыны ўсё яшчэ ў сярэднім атрымліваюць прыкладна 75% (а то і менш) ад мужчынскіх заробкаў — падрабязней пра гэта расказвала гендарная даследчыца Ірына Сідорская.
Але вернемся да Голдын. Яна таксама адзначала: нягледзячы на тое, што амаль столькі ж жанчын, колькі і мужчын, пачало працаваць, разрыў у аплаце працы нікуды не падзеўся. Напрыклад, у 1980-я амерыканкі зараблялі толькі 60% ад таго, што атрымлівалі за сваю працу мужчыны ў ЗША. І, у адрозненне ад узроўню занятасці, гэты паказчык не рос гэтак жа хутка: нават сёння жанчыны ўсё яшчэ атрымліваюць толькі 75% ад мужчынскага заробку. Акурат гэта і цікавіла даследчыцу больш за ўсё.
Аналізуючы прычыны розніцы ў заробках, яна прыйшла да высновы, што такія фактары, як узровень адукацыі і ўзрост, на рынку працы аднолькава ўплываюць і на мужчын, і на жанчын. Нават розніца ў іх тыповай занятасці (умоўна, мужчына — шахцёр, жанчына — швачка) не можа цалкам растлумачыць такі вялікі разрыў у аплаце. А вось што сапраўды запавольвае прафесійнае прасоўванне жанчын — дык гэта сямейныя абавязкі. Цягам ХХ стагоддзя менш за ўсё, нягледзячы на агульны прагрэс і іншыя зменныя фактары, у эканоміку былі ўцягнутыя замужнія амерыканкі, якія маюць дзяцей.
Пры гэтым, паводле законаў эканомікі, калі замужнія жанчыны ўсё ж выходзілі на рынак працы, іх зарплата ўсё роўна не расла: бо жаночай рабочай сілы (прапановы) станавілася больш, чым вакансій ад працадаўцаў (попыту).
Ёсць і іншая прычына разрыву ў даходах на той момант, на думку Голдын. Калі ўсё больш жанчын выходзіла на рынак працы, многія з іх не мелі патрэбных навыкаў і досведу, бо да гэтага займаліся сям’ёй. У выніку на рынак пастаянна выходзілі новыя спецыялісткі, якія зніжалі агульны сярэдні досвед усіх жанчын на рынку працы. Голдын заўважыла, што ў перыяд з 1950 да 1980 года сярэдні стаж работніц ніяк не павялічыўся: акурат праз вялікі прыток новых жанчын у эканоміку. Такім чынам разрыў у сярэдніх даходах мужчын і жанчын доўга не мяняўся.
Сітуацыя пачала рэзка паляпшацца ў 1980-я. Тады жанчыны нарэшце змаглі канвертаваць набытыя ў маладосці навыкі ў пабудову кар’еры, а не проста нейкую працу. Таксама гэтаму паспрыялі вынаходніцтва і эвалюцыя гарманальных кантрацэптываў. А яшчэ — змена грамадскіх чаканняў ад жанчын: напрыклад, разводы перасталі ўспрымацца як нешта жудаснае.
А хіба гэта было невідавочна без аналізу Голдын?
Тут гаворка ідзе не зусім пра такія катэгорыі, як відавочна ці не. Рэч у тым, што Голдын навукова абгрунтавала і даказала, што «гендарны разрыў» — гэта аб’ектыўнае і рэальная з’ява, якая вырашаецца на больш глыбокім узроўні, чым барацьба з сэксізмам і дыскрымінацыяй жанчын.
Упершыню стала ясна: аргументы наконт таго, што мужчыны нібыта выконваюць нейкую іншую працу паводле тыпу занятасці, не з’яўляюцца рэальнымі. Голдын пераканаўча паказала: жанчыны атрымліваюць менш грошай, чым мужчыны, нават калі занятыя ў адной і той жа прафесіі. Асабліва гэты разрыў становіцца прыкметны і павялічваецца пасля нараджэння першага дзіцяці.
Даследчыца заўважае, што прыкладна з 1990-х разрыў у аплаце працы мужчын і жанчын перастаў скарачацца і затрымаўся на месцы. І, на думку Голдын, прагназаваць пазітыўныя змены ў гэтым кірунку складана — яны могуць здарыцца толькі калі зраўнаваць паміж мужчынамі і жанчынамі час, які яны выдаткоўваюць на дзяцей: іншых значных перашкодаў да роўнай аплаты няма.
— Але калі патрабаванні да кампаній наконт гарантыі больш гнуткіх умоваў працы з меншымі наступствамі для даходу будуць выстаўляць толькі жанчыны, то з іх аплатай працы мала што зменіцца, — лічыць Голдын. — Зручныя ўмовы працы з пункту гледжання працоўнага часу мусяць атрымаць усе — і тады кампаніям не будзе эканамічнага сэнсу дыскрымінаваць менавіта жанчын.
Такім чынам, сваімі працамі Голдын паказала на слабае месца ў цяперашняй сістэме рынку працы. На яе думку, трэба сістэмна рэструктурызаваць працоўныя месцы, каб і мужчыны, і жанчыны атрымалі гнуткія ўмовы працы і маглі аднолькава ўкладвацца і ў кар’еру, і ў выхаванне дзяцей.
— Дзякуючы наватарскаму даследаванню Клаўдыі Голдын мы цяпер ведаем значна больш пра тое, якія бар’еры, магчыма, спатрэбіцца ліквідаваць у будучыні, — сказаў Якаб Свэнсан, старшыня камітэта па Прэміі ў галіне эканамічных навук.
Чытайце таксама