З пачатку пратэстаў летам 2020 года і да цяперашняга дня ў Беларусі ўжо 16 праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі страцілі жыццё з прычыны дзеянняў уладаў: былі застрэленыя, збітыя да смерці, даведзеныя да самагубства, памерлі праз пагаршэнне здароўя і неаказанне меддапамогі ў зняволенні. Абставіны смерці некалькіх чалавек не высветленыя дагэтуль. Могуць быць і іншыя ахвяры, у тым ліку сярод палітвязняў: пра многіх з іх шмат месяцаў ніякай інфармацыі. Але на сёння вядомыя 16 імёнаў. Праваабарончая арганізацыя «Прававая ініцыятыва» да 12 лістапада, трэцяй гадавіны гібелі самай вядомай ахвяры рэжыму, Рамана Бандарэнкі, падрыхтавала аналітычны агляд пра палітычныя забойствы і смерці ў сувязі з дзеяннямі ўладаў.

Асноўныя прычыны апісаных у дакуменце выпадкаў смерцяў з віны дзяржавы — дзеянні або бяздзейнасць дзяржавы, якія выяўляюцца:
- у недастатковай прававой ахове права на жыццё,
- адвольным выкарыстанні смяротнай зброі сілавымі структурамі,
- неналежным ці недастатковым медыцынскім абслугоўванні асобаў у месцах несвабоды,
- неналежным назіранні за псіхалагічным станам асобаў, якія ўтрымліваюцца ў месцах несвабоды, і неправамерным ціску на затрыманых асобаў, якія прывялі да суіцыдаў,
- неналежным расследаванні выпадкаў пазбаўлення жыцця.
Праваабаронцы падзялілі смяротныя выпадкі на дзве катэгорыі. Першая — гэта смерці ўдзельнікаў і прыхільнікаў пратэстаў па-за месцамі зняволення, другая — смерці ў аб’ектах праваахоўнай сістэмы і месцах пазбаўлення волі. У той жа час выпадкі могуць быць згрупаваныя паводле абставін гібелі (хоць межы груп не заўсёды выразныя).
- Двух чалавек застрэлілі на пратэстах: гэта Аляксандр Тарайкоўскі і Генадзь Шутаў. Яшчэ адзін чалавек быў застрэлены ў сваім доме пдчас спробы супраціўляцца ўварванню невядомых узброеных людзей у цывільным, якія аказаліся сілавікамі: гэта Андрэй Зельцэр;
- трое памерлі падчас затрымання сілавікамі або ў аддзяленні міліцыі. Двое былі збітыя да смерці: Раман Бандарэнка і Аляксандр Віхор. Невядомая прычына смерці ў РАУС Дзмітрыя Сарокіна;
- двое былі знойдзеныя павешанымі, абставіны іх смерці няясныя, выпадкі былі абвешчаныя суіцыдамі: Канстанцін Шышмакоў, Мікіта Крыўцоў;
- трое памерлі ў калоніях пры не высветленых да канца абставінах і ва ўмовах, імаверна, недастатковай меддапамогі: Вітольд Ашурак, Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч;
- двое памерлі ад каранавіруса, атрыманага падчас адбыцця адміністрацыйнага арышту ў цяжкіх, антысанітарных умовах без медыцынскай дапамогі: Алена Амеліна, Сяргей Шчацінка;
- трое здзейснілі самагубства, не вытрымаўшы ціску сілавікоў, пагрозы будучага зняволення ці абставінаў адбыцця пакарання: Дзмітрый Стахоўскі, Дзмітрый Дудойць, Уладзімір Крысянок.
Расказваем, што вядома пра гэтыя смерці.
Аляксандр Тарайкоўскі

Пра загінулага: 34 гады, жыў у Мінску, быў у грамадзянскім шлюбе і выхоўваў малагадовую дачку, прадпрымальнік, меў невялікі бізнес па вытворчасці аўтамабільных шторак hober.by.
Дата смерці: 10 жніўня 2020 года (каля 23.00).
Месца смерці: г. Мінск, вул. Прытыцкага, побач са станцыяй метро «Пушкінская».
Абставіны смерці
Увечары 10 жніўня 2020 года Тарайкоўскі пайшоў у кватэру бацькі, якая знаходзіцца за 300 метраў ад станцыі метро «Пушкінская», і пазней апынуўся на акцыі пратэсту. З сабой у яго былі толькі тэлефон, цыгарэты, грошы. У 22.20 ён патэлефанаваў жонцы, сказаў, што на Пушкінскай «жах што робіцца» і ён ідзе дадому. Але каля 23.00 ён заставаўся тамсама ў невялікай групе людзей, у той час як сілавікі ўжо праводзілі жорсткую зачыстку з выкарыстаннем святлошумавых гранат і іншай зброі.
У нейкі момант Аляксандр апынуўся наперадзе іншых пратэстоўцаў, ён пайшоў у бок сілавікоў, падняўшы ўверх пустыя рукі і раскінуўшы іх — падобна, у жэсце, які заклікае не страляць. Як расказваў сведка, якому ўдалося пакінуць краіну, спачатку ў бок Аляксандра паляцела святлошумавая граната, але не зачапіла яго. Ён прайшоў яшчэ пару метраў, і сілавікі ў яго стрэлілі. На відэа бачна, як мужчына пахіснуўся, на яго майцы расплылася чырвоная пляма, і ён упаў. Тарайкоўскі памёр на месцы.
Паводле афіцыйнай заявы МУС Беларусі, «10 жніўня, каля 23:00, падчас масавых беспарадкаў у Мінску на вул. Прытыцкага натоўп будаваў барыкады для блакавання руху. Падчас супрацьстаяння са спецназам, які прыбыў для дэблакавання плошчы, адзін з пратэстоўцаў спрабаваў кінуць нявысветленую выбуховую прыладу ў бок праваахоўнікаў. Яна выбухнула ў руцэ, мужчына атрымаў траўмы, несумяшчальныя з жыццём».
Аднак паказанні сведак, тры відэазапісы, зробленыя з розных ракурсаў, абвяргаюць гэтую версію. На іх відаць, што Тарайкоўскі не ўяўляў пагрозы для ўзброеных сілавікоў у касках і бронекамізэльках: ён быў бяззбройны, яго рукі былі пустыя, ён падняў іх, дэманструючы мірныя намеры. Сілавікі маглі пераканацца ў гэтым, бо мужчына быў блізка. Тым не менш яны стрэлілі.
Афіцыйная прычына смерці
Паводле медыцынскага пасведчання, смерць Тарайкоўскага наступіла ў выніку адкрытай раны грудной клеткі і масіўнай страты крыві. Судмедэкспертка, якая назірала за ўскрыццём цела Тарайкоўскага, пацвердзіла, што прычынай яго смерці стаў зроблены з блізкай адлегласці стрэл гумовай куляй у вобласць сэрца.
Хоць прадстаўнікі рэжыму ў выніку публічна прызналі, што Тарайкоўскі быў застрэлены з «несмяротнай» зброі, яны сцвярджалі, што сіла да яго была ўжытая правамерна, бо ён нібыта правакаваў сілавікоў.
Расследаванне Conflict Intelligence Team па адкрытых крыніцах прыйшло да высновы, што стрэл здзейсніў баец аднаго са спецпадраздзяленняў: «Альфа» (КДБ) або «Алмаз» (МУС). Іншае незалежнае расследаванне, праведзенае пад эгідай «Беларускага народнага трыбунала», сцвярджае, грунтуючыся на аналізе відэа, што стрэл быў зроблены прыцэльна з адлегласці 10,5 метра з карабіна Сайга-12К — расійскай распрацоўкі на базе аўтамата Калашнікава. Гэты карабін можа страляць гумовымі кулямі з металічным стрыжнем і ёсць на ўзбраенні спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз».
Рэакцыя ўладаў
10 лютага 2021 года ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску прыняло рашэнне адмовіць у завядзенні крымінальнай справы па факце смерці Аляксандра Тарайкоўскага «за адсутнасцю складу злачынства».
Кіраўнік СК Іван Наскевіч заявіў, што Тарайкоўскі быў п’яны і правакаваў сілавікоў, яны ўспрымалі яго як рэальную пагрозу свайму жыццю і здароўю і таму правамерна ўжылі несмяротную зброю «з бяспечнай адлегласці, якая выключае смяротны вынік», але «праз збег шэрагу трагічных абставінаў адно з раненняў аказалася пранікальным». Старшыня КДБ Беларусі Іван Церцель на сустрэчы з работнікамі «Гродна Азота» 17 снежня 2020 года абгрунтоўваў забойства так: «Выйшаў — і нахабна стаіць перад міліцыяй, мэтаскіравана».
У красавіку 2021 года СК адмовіў сям'і Тарайкоўскага і іх адвакату ў азнаямленні з матэрыяламі папярэдняй праверкі і заключэннем судова-медыцынскай экспертызы, не выдаў копію адмовы ў завядзенні крымінальнай справы, абгрунтоўваючы гэта тым, што права на гэта ёсць толькі ў заяўніка, а праверка была пачатая на падставе паведамлення ад медыкаў пра смерць мужчыны.
У чэрвені 2021 года Алена Герман, удава Аляксандра Тарайкоўскага і маці яго 4-гадовай дачкі, паведаміла СМІ пра тое, што падатковая інспекцыя запатрабавала ад яе заплаціць падатак у суме больш чым 11 000 рублёў з добраахвотных ахвяраванняў грамадзян, якія яна атрымала пасля смерці мужа.
Меркавана вінаватыя ў злачынстве
«Беларускі народны трыбунал» сцвярджае, што стрэл зрабіў баец СПБТ «Алмаз» Мікіта Каровін, а кіраваў атрадам палкоўнік Віктар Зураеў. Аднак гэтая версія грунтуецца на неназваных крыніцах і не пацверджаная ніякімі доказамі.
Праваабаронцы называюць імя старшага следчага следчага ўпраўлення Ганчарука, які адмовіў у завядзенні крымінальнай справы па факце забойства Тарайкоўскага, тым самым парушыўшы права ахвяры і яго сям'і на справядлівае расследаванне і суд.
Генадзь Шутаў

Пра загінулага: 44 гады, дальнабойшчык і байкер, бацька пяцярых дзяцей, жыў у Брэсце разам з грамадзянскай жонкай і дачкой.
Дата смерці: 19 жніўня 2020 года (10:20). Быў паранены 11 жніўня 2020 года.
Месца смерці: вайсковы шпіталь у Мінску.
Абставіны смерці
Увечары 11 жніўня 2020 года Шутаў патэлефанаваў дачцэ і паведаміў, што збіраецца дадому, з таго часу сям’я не магла яго знайсці два дні. Яго тэлефон быў недаступны. Калі яго нарэшце знайшлі ў Брэсцкай абласной бальніцы, ён быў у коме з дыягназам «адкрытае пранікальнае агнястрэльнае раненне чэрапа, удар — расшчапленне галаўнога мозгу, шматасколкавы пералом зводу чэрапа з пераходам на аснову». 13 жніўня ў крытычным стане яго верталётам даставілі ў шпіталь Міністэрства абароны ў Мінску, дзе ён памёр раніцай 19 жніўня.
12 жніўня 2020 года ў МУС паведамілі, што напярэдадні ўвечары на супрацоўнікаў міліцыі ў Брэсце «напала група агрэсіўна настроеных грамадзян з арматурай у руках», «папераджальныя стрэлы ўверх іх не спынілі» і «для абароны жыцця і здароўя супрацоўнікаў зброя была ўжытая на паражэнне», адзін з нападнікаў быў паранены.
Відэазапісы інцыдэнту, знятыя сведкамі і камерамі відэаназірання, якія былі апублікаваныя «Медыязонай», паставілі афіцыйную версію падзей пад сур’ёзны сумнеў. На кадрах відаць, што Шутаў і яго сябар Аляксандр Кардзюкоў доўга стаялі ля лаўкі. Усё адбывалася каля дома 334 на вуліцы Маскоўскай. У той час у тым раёне сілавікі праводзілі зачыстку ўдзельнікаў акцыі пратэсту.
У нейкі момант да Шутава і Кардзюкова падыходзяць трое мужчын у цывільным. Паміж імі, відаць, узнік кароткі канфлікт, у выніку якога Кардзюкоў паспрабаваў збегчы, а адзін з афіцэраў пагнаўся за ім. Менавіта ў гэты момант прагучалі тры стрэлы, адзін з якіх і параніў Шутава. Сілавікі, са словаў сведак, выклікалі хуткую, пагражаючы зброяй людзям, якія набліжаліся, забралі параненага, які ляжаў у лужыне крыві, і спешна пакінулі месца здарэння.
Афіцыйная прычына смерці
У даведцы пра смерць Шутава сказана, што яе прычынай стаў траўматычны ацёк галаўнога мозгу. У графе «знешняя прычына смерці» стаіць код МКБ Y22 (расшыфроўваецца як «пашкоджанне ў выніку стрэлу з ручной агнястрэльнай зброі з нявызначанымі намерамі»).
Рэакцыя ўладаў
19 жніўня 2020 года, паведамляючы пра смерць Шутава, Следчы камітэт заявіў, што ўвечары 11 жніўня двое мужчын напалі на сілавікоў з металічнай трубой. Адзін з праваахоўнікаў, «успрымаючы дзеянні падазраваных як рэальную пагрозу жыццю і здароўю і спыняючы спробы завалодаць табельнай зброяй, ужыў у дачыненні да нападніка зброю, стрэліўшы ў кірунку пляча», але «з прычыны актыўнага працяглага супраціву мужчыны ненаўмысна параніў яго ў вобласць галавы».
Крымінальнай справы па факце гібелі Шутава не было, родным адмовілі ў даследчай праверцы. Затое справу распачалі супраць самога Генадзя і яго сябра Аляксандра. Іх абвінавацілі ў нападзе на сілавікоў.

Суд прайшоў у лютым 2021 года. На ім стала вядома, што Шутава застрэліў капітан 5-й вайсковай брыгады спецыяльнага прызначэння Раман Гаўрылаў. Разам з прапаршчыкам той жа брыгады Арсеніем Галіцыным ён атрымаў загад дапамагаць АМАПу ў патруляванні пратэстаў у Брэсце, змешваючыся з натоўпам у цывільным, але маючы пры сабе табельную зброю. Неабходнасць выкарыстання зброі Гаўрылаў патлумачыў тым, што ён «адчуваў сябе дрэнна», а нападнікі паводзілі сябе агрэсіўна. Гаўрылаў і Галіцын былі ў справе пацярпелымі.
25 лютага 2021 года Брэсцкі абласны суд пасмяротна прызнаў Шутава вінаватым у «супраціве іншай асобе падчас выкананні ёю абавязкаў па ахове грамадскага парадку, спалучаным з ужываннем гвалту «без прызначэння пакарання, а ключавы сведка яго забойства Кардзюкоў быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі.
Меркаваныя вінаватыя ў злачынстве
Камандзір разведвальнай групы 1-га асаблівага атрада спецыяльнага прызначэння 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння УС РБ (в/ч 89 417), капітан Раман Гаўрылаў. Загад прыцягнуць узброеных спецназаўцаў да аховы правапарадку аддаў камандуючы войскамі сіл спецыяльных аперацый Беларусі генерал-маёр Вадзім Дзенісенка.
Прадстаўнікі Следчага камітэта, якія адмовілі ў завядзенні крымінальнай справы і абвінавацілі ў злачынстве самога загінулага, дзяржабвінаваўца Генадзь Буры, суддзя Святлана Крамянеўская, якая вынесла прысуд.
Андрэй Зельцэр

Пра загінулага: 31 год, жыў з жонкай і 8-гадовым сынам у Мінску, быў IT-менеджарам EPAM; выклаў дзве фатаграфіі з БЧБ-сімволікай у сябе ў Instagram, пад адной з іх, апублікаванай 16 жніўня 2020 года, заклікаў людзей аб’ядноўвацца і «ісці да канца».
Дата смерці: 28 верасня 2021 года.
Месца смерці: уласная кватэра на вул. Якубоўскага ў Мінску.
Абставіны смерці
Як вынікае з паведамлення КДБ, 28 верасня 2021 года супрацоўнікі праваахоўных органаў праводзілі спецыяльныя мерапрыемствы па адпрацоўцы адрасоў, па якіх маглі знаходзіцца «асобы, датычныя да тэрарыстычнай дзейнасці».
На апублікаваным дзяржСМІ відэа бачна, як людзі ў цывільным адзенні патрабуюць ад гаспадароў адкрыць дзверы кватэры. Адзін раз яны кажуць, што супрацоўнікі міліцыі, пасля гэтага ўскрываюць дзверы кватэры балгаркай і ломам і ўрываюцца ўсярэдзіну. На іншых кадрах, знятых ужо ўнутры памяшкання, відаць мужчына з паляўнічай стрэльбай. Пачынаецца перастрэлка. Адзін з тых, хто ўварваўся ў кватэру, падае, відаць кроў. Таксама ў відэа ёсць кадры, знятыя на камеру, усталяваную гаспадарамі ўнутры кватэры: на іх відаць Андрэй Зельцэр са стрэльбай і ягоная жонка Марыя Успенская, якая здымае тое, што адбываецца, на тэлефон.
«Па супрацоўніках праваахоўных органаў асабліва небяспечным злачынцам са стрэльбы быў адкрыты агонь на паражэнне, у выніку чаго супрацоўнік Камітэта дзяржбяспекі быў смяротна паранены. Агнём у адказ злачынец быў знішчаны. Супрацоўнік ад атрыманых ранаў памёр. Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 139 (Забойства асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ёю службовай дзейнасці)», — гаворыцца ў паведамленні КДБ.
Як паведаміў BYPOL, загінуў баец групы «А» КДБ Федасюк Дзмітрый Юр’евіч, 1990 года нараджэння, маці якога, Таццяна Мікалаеўна Федасюк, кіруе адным з падраздзяленняў цэнтральнага апарата КДБ.
Афіцыйная прычына смерці
Застрэлены перакрыжаваным агнём супрацоўнікам КДБ.
Рэакцыя ўладаў
СК распачаў у дачыненні да Зельцэра крымінальную справу пра забойства асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ёю службовай дзейнасці па факце смерці супрацоўніка КДБ Федасюка. Жонка Зельцэра Марыя Успенская была арыштаваная па абвінавачанні ў суўдзеле ў забойстве.
Экспертыза выявіла ў жанчыны псіхічнае расстройства. Яе судзілі як «асобу, якая ўчыніла грамадска небяспечнае дзеянне ў стане непрытомнасці». Суддзя Мінгарсуда Валянціна Зянькевіч прызначыла ёй прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары да выздараўлення і спагнала з яе на карысць жонкі Федасюка 100 тыс. рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.
Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», за каментары і публікацыі ў сацсетках у сувязі са справай Зельцэра затрымалі не менш за 124 чалавекі. Вядомыя вынікі судоў над 103 асобамі. Трох чалавек асудзілі на абмежаванне волі, яшчэ 99 — на пазбаўленне волі ў калоніях. У «пералік фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці», КДБ уключыў прынамсі 35 фігурантаў «справы Зельцэра», сярод іх — чатыры жанчыны.
Быў затрыманы журналіст «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Генадзь Мажэйка, які па гарачых слядах першым напісаў матэрыял пра тое, кім быў Андрэй Зельцэр, на аснове аповеду яго аднакласніцы. 23 сакавіка 2023 года Мажэйку прызналі вінаватым у абразе Лукашэнкі і распальванні сацыяльнай варожасці. Дзяржабвінаваўцай была пракурор Таццяна Гаркун. Суддзя Мінгарсуда Таццяна Фалькоўская асудзіла Мажэйку на 3 гады пазбаўлення волі.
Меркаваныя вінаватыя ў злачынстве
Сілавікі, якія ўдзельнічалі ва ўварванні ў жыллё Зельцэра, кіраўнік КДБ Іван Церцель.
Праваабаронцы тлумачаць, што супрацоўнікі КДБ праводзілі «спецмерапрыемства» з грубымі парушэннямі, урываючыся без апазнавальных знакаў у грамадзянскае жыллё, узламаўшы дзверы, не прадстаўляючыся і не паведамляючы прычыны ўварвання. Андрэй Зельцэр і яго жонка двойчы званілі ў міліцыю, просячы дапамогі і апісваючы сітуацыю. Супрацоўнікі дзяжурнай службы, куды паступалі званкі ад пацярпелых, не далі ніякіх тлумачэнняў сям'і, не правялі інструктажу наконт неабходных дзеянняў. Абараняючы сваё жыллё і сваю сям’ю, Андрэй Зельцэр, з мэтай самаабароны, не ведаючы сапраўдных прычын уварвання невядомых узброеных людзей, выкарыстаў зброю і быў застрэлены.
Раман Бандарэнка

Пра загінулага: 31 год, жыў у Мінску, мастак, працаваў дырэктарам крамы бытавой хіміі. Пасля выбараў 2020 года падтрымліваў пратэсныя актыўнасці ў сваім двары.
Дата смерці: 12 лістапада 2020 года.
Месца смерці: рэанімацыйнае аддзяленне БХМД у Мінску.
Абставіны смерці
11 лістапада 2020 года позна ўвечары ў двары шматкватэрнага дома нумар 58 па вуліцы Чарвякова ў Мінску (шырока вядомым як «Плошча перамен», папулярнае месца пратэсту) з’явілася група невядомых. Пазней яны былі апазнаныя як прадстаўнікі найбліжэйшага атачэння Лукашэнкі, сярод іх Наталля Эйсмант (прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі), Дзмітрый Баскаў (старшыня Федэрацыі хакея Беларусі), асобы, звязаныя з сілавымі структурамі, Дзмітрый Шакута (інструктар спецпадрыхтоўкі ў в/ч № 3214 і 3032 (САХР) унутраных войскаў), Яўген Ціманоўскі (старшы прапаршчык САХРа) і іншыя. Прыбылыя пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі, якія ўпрыгожваюць тэрыторыю двара. У той перыяд яны праводзілі падобныя рэйды ў розных раёнах Мінска і неаднаразова сутыкаліся з рэзкай рэакцыяй мясцовых жыхароў.
Жыхары гэтага двара заўважылі тое, што адбываецца, некаторыя выйшлі да няпрошаных гасцей, у тым ліку Раман Бандарэнка. Ён зрабіў ім заўвагу. Адзін з «гасцей» адрэагаваў агрэсіўна, і напаў на Рамана — той упаў і стукнуўся галавой. Нападнік прыціснуў яго да зямлі, дзейнічаючы як падчас затрымання злачынца, біў кулаком, крычаў «ляжаць», потым яго замянілі іншыя і працягвалі біць маладога чалавека. У 22.15 невядомыя зацягнулі збітага ў мікрааўтобус — калі цягнулі, ён яшчэ мог актыўна супраціўляцца — і павезлі. Усё гэта запісана на відэа відавочцамі і камерамі назірання.
Рамана Бандарэнку даставілі ў Цэнтральнае РУУС Мінска ўжо ў крытычным стане, здаўшы на рукі міліцыі як моцна п’янага. Супрацоўнікі РУУС не адразу ацанілі ягоны стан і выклікалі хуткую дапамогу з вялікім спазненнем. Медыкі даставілі мужчыну ў рэанімацыю бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі толькі ў 00.05, ён быў ужо ў коме. Дыягназ пры паступленні — ацёк мозгу, закрытая чэрапна-мазгавая траўма і шматлікія гематомы. Дактары правялі Раману складаную шматгадзінную аперацыю на мозгу. Яна не дапамагла. 12 лістапада Бандарэнка памёр ад атрыманых траўмаў, не прыходзячы ў прытомнасць.
Афіцыйная прычына смерці
У пасведчанні пра смерць у графе «прычына смерці» стаіць код S06.5 («траўматычнае субдуральнае кровазліццё»).
Рэакцыя ўладаў
Улады ад пачатку ўводзілі грамадскасць у зман, заявіўшы, што Раман быў моцна п’яны. Паводле іх версіі, ён удзельнічаў у бойцы, быў затрыманы і дастаўлены ў міліцыю, там яму стала кепска, выклікалі хуткую, у бальніцы яму аказалі меддапамогу, але ён памёр. Пра гэта 13 лістапада заявілі Следчы камітэт і Аляксандр Лукашэнка.
Лабараторныя аналізы сведчылі пра адваротнае: Раман быў цвярозы. Доктар бальніцы ХМП перадаў TUT.BY вынікі абследавання Рамана, якія абверглі сцверджанні ўладаў і раскрылі грамадскасці праўду пра яго стан і характар яго траўмаў.

Доктара і журналістку, якая напісала артыкул, затрымалі і змясцілі ў СІЗА. У сакавіку 2021 года іх прызналі вінаватымі ў «разгалошванні медыцынскай таямніцы, што пацягнула цяжкія наступствы». Журналістка атрымала шэсць месяцаў пазбаўлення волі, доктар — два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на год і штраф 50 базавых (1450 рублёў). Суддзёй была Святлана Бандарэнка, дзяржабвінаваўцай — Людміла Іваненка.
Спецслужбы праслухоўвалі тэлефоны блізкіх сваякоў Рамана і ўсталявалі за імі сачэнне — пра гэта стала вядома пасля выхаду на СТБ рэпартажу Рыгора Азаронка з запісамі праслухоўкі.
Нягледзячы на тое, што на словах Лукашэнка даручаў генпракурору ўзяць расследаванне смерці Бандарэнкі «пад сур’ёзны кантроль», ніякага расследавання не было. Толькі праз тры месяцы была распачатая крымінальная справа. Але пасля ў Генпракуратуры заявілі, што не выявілі дачынення супрацоўнікаў органаў унутраных справаў да інцыдэнту (хоць журналісцкія расследаванні знайшлі шмат доказаў зваротнага). У верасні 2021 года следства прыпынілі на няпэўны тэрмін «з прычыны невысвятлення асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага».
Меркаваныя вінаватыя ў злачынстве
Расследаванні, праведзеныя TUT.BY, «Медыязонай» і BYPOL, аднавілі храналогію падзей увечары 11 лістапада, якая абвяргае афіцыйную версію, а таксама ідэнтыфікавалі датычных да інцыдэнту, што пацвярджаецца дадзенымі білінгу сотавай сувязі і «злітымі» аўдыёзапісамі праслухоўкі тэлефонных перамоваў. Па частцы запісаў TUT.BY правёў фанаскапічную экспертызу і пацвердзіў шэраг імёнаў удзельнікаў падзей.
Асноўныя з іх:
- Дзмітрый Баскаў (старшыня Федэрацыі хакея Беларусі);
- Дзмітрый Шакута (інструктар спецпадрыхтоўкі ў в/ч № 3214 і 3032 (САХР) унутраных войскаў);
- Яўген Ціманоўскі (старшы прапаршчык САХРа, баец ММА);
- Сяргей Сарман (старшы групы САХРа) і група байцоў САХРа (в/ч 3032, г. Мінск);
- Аляксей Бабкоў (намеснік начальніка АКЗ Цэнтральнага РУУС г. Мінска, адказны дзяжурны з 11 на 12 лістапада 2020);
- Дзмітрый Балаба (камандзір мінскага АМАПа).
Мяркуючы з дадзеных білінгу мабільных тэлефонаў, сцвярджае BYPOL, на «Плошчы перамен» у момант нападу на Бандарэнку знаходзіліся таксама іншыя ўдзельнікі такіх рэйдаў па Мінску:
- Наталля Эйсмант (прэс-сакратар Лукашэнкі);
- Ганна Эйсмант (вядоўца спартыўных навін, сястра мужа Наталлі Эйсмант — кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Івана Эйсманта);
- Павел Волчак (хакеіст, удзельнік хакейнай каманды Лукашэнкі) і яго жонка Жанэта Волчак (псіхолаг).
Як тлумачаць праваабаронцы, да гібелі Рамана Бандарэнкі прывяла поўная свабода, якую атрымалі падчас пратэстаў сілавікі і асобы, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, на любыя дзеянні ў барацьбе з праявамі грамадзянскай актыўнасці, і гарантыя беспакаранасці для іх.
Аляксандр Віхор

Пра загінула: 25 гадоў, жыў у Гомелі з бацькамі, быў спартоўцам, кандыдатам у майстры спорту па плаванні.
Дата смерці: 12 жніўня 2020 года (03:35).
Месца смерці: рэанімацыйнае аддзяленне Гомельскай абласной туберкулёзнай клінічнай бальніцы.
Абставіны смерці
Паводле маці Віхора Святланы, увечары 9 жніўня 2020 года Аляксандр ехаў на спатканне да сваёй дзяўчыны і мусіў зрабіць перасадку на плошчы Леніна ў Гомелі, дзе ў той час праходзіла акцыя пратэсту. Калі маці патэлефанавала яму, ён сказаў: «Мяне скруцілі тры амапаўцы і запіхалі ў машыну, не ведаю, куды вязуць». Пасля гэтага яго тэлефон стаў недаступны. Апошні раз маці гаварыла з ім каля 5 гадзін раніцы 10 жніўня, калі ён патэлефанаваў ёй з чужога нумара з Чыгуначнага РАУС і паведаміў, што ў яго «адкаталі пальцы і ўзялі паказанні». Пасля гэтага сям’я два дні не магла яго нідзе знайсці.
11 жніўня Чыгуначны раённы суд Гомеля асудзіў Віхора на 10 сутак арышту. Пасля суда яго даставілі ў Чыгуначны РАУС Гомеля.
Паводле аповеду сведкі, у спартзале РАУС у Аляксандра здарыўся нервовы зрыў: ён пачаў паводзіць сябе неадэкватна, не падпарадкоўваўся сілавікам. У адказ яны збілі яго дубінкамі. Медыцынскай дапамогі яму не аказалі. Пасля гэтага Віхора этапавалі ў СІЗА Гомеля ў вузкім адсеку ўнутры аўтазака, дзе яны сядзелі вельмі цесна ўдвух са сведкам, ім не хапала паветра і было немагчыма рухацца. Перавозка ў такіх умовах доўжылася каля гадзіны.

Сведка расказаў, што Аляксандр пачаў трызніць, ён не разумеў, дзе знаходзіцца, клікаў сваякоў і патрабаваў выпусціць яго. У адказ на гэта сілавікі пырснулі ў іх адсек з пярцовага балончыка. Пасля таго як усіх затрыманых выгрузілі, Віхора пакінулі ўнутры, а ахоўнікаў папрасілі «правучыць» яго, паколькі, паводле іх словаў, ён быў наркаманам. Сілавікі жорстка збілі хлопца ў аўтазаку.
Праз дзве-тры гадзіны пасля гэтага Аляксандра прывезлі ў псіхіятрычную бальніцу, дзе яго адмовіліся шпіталізаваць. Потым туды выклікалі машыну хуткай дапамогі, супрацоўнікі якой запісалі, што «пацыент ляжаў на падлозе, скаргаў не выказваў, быў у коме». Хуткая даставіла Віхора ў абласную туберкулёзную бальніцу (найбліжэйшая ўстанова аховы здароўя з аддзяленнем рэанімацыі), дзе яму паставілі дыягназы «закрытая чэрапна-мазгавая траўма пад пытаннем» і «кома трэцяй ступені». Нягледзячы на ўсе намаганні медыкаў па яго выратаванні, ён памёр раніцай 12 жніўня 2020 года ў 03.35.
Следчы спачатку паведаміў сваякам, што Аляксандр нібыта памёр ад перадазіроўкі наркотыкаў, што пасля абверглі вынікі судмедэкспертызы.
Афіцыйная прычына смерці
Вострая недастатковасць кровазвароту, якая развілася з прычыны раптоўнага абвастрэння наяўных захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы.
Рэакцыя ўладаў
16 лютага 2021 года Следчы камітэт адмовіў у завядзенні крымінальнай справы па факце смерці Віхора з прычыны адсутнасці складу злачынства. Кіраўнік УСК Гомельскай вобласці Сяргей Удавікоў заявіў, што «парушэнне псіхічнай дзейнасці, якое развілася ў Аляксандра Віхора, маскіравала клінічныя праявы захворванняў сэрца, якія ў яго былі».
Маці Віхора пацвердзіла, што ў яе сына было хворае сэрца, але гэта не перашкаджала яму жыць нармальным жыццём, нават займацца спортам. Паводле сведчанняў дактароў, Аляксандра даставілі ў рэанімацыю ўжо ў стане клінічнай смерці з ацёкам мозгу. Калі маці забірала цела сына, яна заўважыла, што ў яго зламаныя рэбры і грудзіна, што, паводле версіі СК, нібыта адбылося падчас непрамога масажу сэрца пры рэанімацыі. Сваякам не далі доступу да поўнага тэксту заключэння судмедэкспертызы, у ім адсутнічала частка старонак.
Святлана Віхор звярталася ў пракуратуру з абскарджаннем адмовы ў завядзенні справы, аднак як пракуратура Гомельскай вобласці, так і Генпракуратура палічылі адмову законнай і абгрунтаванай і не ўгледзелі падставаў для яе адмены.
Сведцы затрымання Віхора сілавікі пагражалі выставіць абвінавачанне за «распаўсюд недакладных звестак» за словы пра тое, што сілавікі збілі хлопца.
Меркаваныя вінаватыя ў злачынстве
Сілавікі, якія збівалі Аляксандра ў аўтазаку, начальнік Чыгуначнага РАУС Гомеля палкоўнік міліцыі Ігар Мікалаевіч Цімашэнка.
Дзмітрый Сарокін

Пра загінулага: 37 гадоў, жыў у Лідзе, паэт і ўдзельнік фестываляў сучаснага мастацтва.
Дата смерці: 1 чэрвеня 2023 года.
Месца смерці: Лідскае РАУС.
Абставіны смерці
Дзмітрый Сарокін з нявысветленай прычыны быў затрыманы, дастаўлены ў Лідскае РАУС і памёр у нявысветленых абставінах. Дзяжурны Лідскага РАУС фактычна пацвердзіў «Люстэрку» факт смерці Дзмітрыя Сарокіна ў РАУС.
Са словаў знаёмых Дзмітрыя, сілавікі затрымлівалі яго раней і вымусілі запісваць «пакаяльнае» відэа. Інфармацыя пра прычыны апошняга затрымання супярэчлівая: адзін са знаёмых сцвярджае, што яно не было звязанае з палітыкай, «былі бытавыя прычыны» і памёр Дзмітрый праз праблемы з сэрцам, а іншы яго знаёмы лічыць, што стан здароўя не мог быць прычынай смерці.
Афіцыйная прычына смерці
Невядомая.
Рэакцыя афіцыйных уладаў
Адсутнічае (невядомая). У афіцыйных крыніцах пра смерць Сарокіна нічога не паведамлялася.
Меркаваныя вінаватыя ў злачынстве
Начальнік Лідскага РАУС Сяргей Сыцэвіч.
Праваабаронцы тлумачаць: Дзмітрый Сарокін памёр, знаходзячыся непасрэдна ў сценах Лідскага РАУС, што дазваляе сцвярджаць, што дзяржавай былі дапушчаныя парушэнні, якія пасля прывялі да яго смерці. А менавіта — парушэнне стандартаў па абыходжанні з затрыманымі, у тым ліку стандартаў па аказанні медыцынскай дапамогі затрыманым. Акрамя таго, не было праведзенае расследаванне.
Канстанцін Шышмакоў

Пра загінулага: 29 гадоў, працаваў дырэктарам Ваенна-гістарычнага музея імя Баграціёна ў Ваўкавыску; падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года быў чальцом выбарчай камісіі на ўчастку для галасавання № 16 у 2-й сярэдняй школе Ваўкавыска.
Дата смерці: 15 жніўня 2020 года.
Месца смерці: лясны масіў за адзін кіламетр ад горада Масты.
Абставіны смерці
Канстанціна супраць яго волі ўключылі ў склад выбарчай камісіі ў школе. 9 жніўня, убачыўшы фальсіфікацыі, ён разам з калегам адмовіўся падпісаць выніковы выбарчы пратакол. Старшыня камісіі Яніна Таранеўская потым адмаўляла ягоную адмову.
Каля 23.00 9 жніўня маці прыйшло СМС-паведамленне ад Канстанціна: «Я дабраўся дадому, усё нармальна. У Ваўкавыску б’юць людзей». Жанчына патэлефанавала яму. Канстанцін паведаміў маці, што пасля заканчэння галасавання і падліку галасоў выбарчую камісію на аўтамабілях развезлі па дамах. Але ён разам з калегам пайшоў з участка пешшу, бо ім не было чаго саромецца. Таксама Канстанцін расказваў бацькам, што 9 жніўня ў раёне 17−18 гадзін яму паступіла ўказанне ехаць за горад, там нейкія людзі ўручылі яму стос бюлетэняў і сказалі адвезці ў выбаркам. Але Канстанцін зразумеў, што гэта фальшывыя бюлетэні, і адмовіўся ўкідваць іх у скрыні для галасавання.
Увечары 15 жніўня 2020 года Канстанцін патэлефанаваў жонцы і сказаў: «Я тут працаваць больш не буду, еду дадому». Аднак дадому ён так і не дайшоў. Праз тры дні, 18 жніўня 2020 года, цела Канстанціна Шышмакова было знойдзенае пошукава-выратавальным атрадам «Анёл» у лесапаласе каля горада Масты (прыкладна за 30 кіламетраў ад Ваўкавыска) павешаным.
Маці загінулага Святлана расказвала, што побач з целам сына стаяла турыстычнае крэсла, якое ён вазіў з сабой у аўтамабілі, ногі дакраналіся да зямлі. Таксама Святлана згадвала, што ў Мастах казалі, што сын, калі яго знайшлі, быў цалкам мокры, хоць тады не было дажджоў. Са словаў маці, следчы пасля заканчэння праверкі настойліва рэкамендаваў не адкрываць пакет з адзеннем, у якім быў Канстанцін. Але калі родныя ўсё ж разгарнулі пакет, адзенне, штаны, бялізна — усё было абсалютна чыстае.
Бацька Канстанціна казаў, што ў сына знайшлі гематомы і драпіны на целе, але ў пасмяротным заключэнні гаворыцца, што гэта не стала прычынай смерці. Пытанне пра тое, адкуль яны, нават не падымалася. Таксама, паводле бацькі, у сына след на руцэ, быццам кісць рукі была прывязаная да шчыкалаткі.
Афіцыйная прычына смерці
Суіцыд.
Рэакцыя ўладаў
19 жніўня 2020 года афіцыйная прадстаўніца ўпраўлення СК па Гродзенскай вобласці Іна Пазняк паведаміла: СК праводзіць праверку ў сувязі са смерцю дырэктара Ваенна-гістарычнага музея ў Ваўкавыску, папярэдне ўстаноўлена, што яна не мае крымінальнага характару.
27 лістапада 2020 года ў завядзенні крымінальнай справы па факце самагубства дырэктара КК «Ваўкавыскі ваенна-патрыятычны музей імя Баграціёна» Канстанціна Шышмакова адмовілі.
Меркаваныя вінаватыя ў злачынстве
Не знойдзеныя.
Праваабаронцы звяртаюць увагу на наступныя абставіны. На Канстанціна як на чальца выбаркама аказвалі магутны псіхалагічны ціск праз яго адмову падпісаць пратакол са сфальсіфікаванымі вынікамі галасавання. Гэта дае падставу меркаваць, што ў дадзеным выпадку магло мець месца давядзенне да самагубства (арт. 145 КК) або забойства з інсцэніроўкай суіцыду (арт. 139 КК). Улады абавязаныя былі правесці расследаванне, каб выключыць віну дзяржавы, але гэтага зроблена не было.
Мікіта Крыўцоў

Пра загінулага: 28 гадоў, жыў у Жодзіне разам з жонкай і маленькай дачкой; быў актыўным футбольным фанатам, з часоў каледжа заўзеў за ФК «Маладзечна» і, паводле сябра, даўно ўдзельнічаў у нацыянальна настроеным фанацкім руху, у культурных і палітычных акцыях. Меў татуіроўкі: на назе — з выявай Якуба Коласа, на грудзях — з гербам горада і надпісам «Толькі Маладзечна» (родны горад Мікіты), а пад ім — партрэт Максіма Багдановіча; апошнім часам з сябрам размаўляў толькі на беларускай мове.
Дата смерці: 22 жніўня 2020 года — дата знаходжання цела, стаіць у пасведчанні пра смерць. 12 жніўня 2020 года — дата знікнення, стаіць на месцы пахавання.
Месца смерці: цела было знойдзенае ў лесапаласе паблізу вуліцы Парніковай у Мінску.
Абставіны смерці
9 жніўня 2020 года Мікіта ўдзельнічаў у мірнай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў прэзідэнта на плошчы ў Маладзечне, выходзіў адзін супраць шарэнгі сілавікоў з бел-чырвона-белым сцягам, не хаваючы твару.
Уначы пасля акцыі пратэсту Мікіта паведамляў сябру, што ён ужо ў Жодзіне, 10 жніўня казаў, што ён у Мінску і ледзь не трапіўся АМАПу ў цэнтры, вярнуўся ў Жодзіна. Раніцай 11 жніўня абмяркоўваў з сябрам па тэлефоне чуткі, што ўдзельнікам пратэстаў могуць даць ад 8 да 15 гадоў турмы. У тую ж раніцу дома сказаў жонцы, што на яго хочуць павесіць арганізацыю масавых беспарадкаў. Падобна да таго, што, баючыся затрымання, ён узяў трохі рэчаў і сышоў. З раніцы 12 жніўня быў недаступны, удзень не прыйшоў на працу ў вёсцы Каралёў Стан пад Мінскам.
Родныя думалі, што ён «залёг на дно», і не адразу пачалі яго шукаць. 18 жніўня падалі заяву ў міліцыю, пачалі пошукі з атрадам «Анёл». Знайшоўся сведка, які сцвярджаў, што бачыў Мікіту на МКАД і падвозіў на вуліцу Парніковую, той быў збіты і казаў, што яго затрымлівалі 12 жніўня.
Родныя потым казалі, што некалькі крыніц паведамлялі ім, нібыта бачылі Крыўцова на Акрэсціна, паводле словаў аднаго, яму там нібыта скруцілі шыю. Таксама да маці пасля смерці прыходзілі маладзечанскія хлопцы, якіх затрымлівалі ў першыя дні пратэстаў. Яны казалі, што ў міліцыі ім паказвалі агульнае фота з акцыі, паказвалі на Мікіту і гаварылі, што «яму канец». Пацверджанняў гэтай інфармацыі і імёнаў сведак няма.

Падчас пошукаў высветлілася, што апошні раз нумар тэлефона Крыўцова быў зафіксаваны ў РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі ў Мінску. Брат загінулага казаў, што яны адразу паехалі туды, але там сказалі, што Мікіты ў іх не было. Вышкі сотавай сувязі знаходзяцца на самой РНПЦ, але роскід сігналу можа быць на адлегласці ад 100 да 500 метраў. Дзе канкрэтна ўключаўся мабільны тэлефон Мікіты, невядома. Побач у гэтым раёне ёсць УУС Мінскага райвыканкама.
Увечары 22 жніўня 2022 года цела Мікіты знайшоў вартаўнік дачнага кааператыва, размешчанага непадалёк. З кішэні шортаў тырчаў пашпарт, а побач з целам валяўся чахол ад тэлефона. Сябры і маці загінулага сцвярджалі, што гэты чахол не належаў Мікіту, хоць быў вернуты маці следчым пасля заканчэння расследавання. Але сябры запэўнівалі, што чахла ў Мікіты ніколі не было.
Паводле версіі следства, «Крыўцоў 11 жніўня 2020 года, знаходзячыся ў адным са сталічных бараў, пазнаёміўся з двума маладымі людзьмі. Пасля сумеснага ўжывання спіртных напояў мужчыны скіраваліся па месцы жыхарства аднаго з іх, дзе працягнулі распіваць алкаголь. Раніцай 12 жніўня Крыўцоў сышоў з кватэры ў невядомым кірунку. Абодва грамадзяніны былі выяўленыя і апытаныя. З іх словаў, на целе Мікіты якіх-кольвек цялесных пашкоджанняў яны не бачылі, ён пры іх не падаў. Маладыя людзі таксама адзначылі: падчас гутаркі Крыўцоў неаднаразова выказваў асцярогу, што яго могуць прыцягнуць да адказнасці за арганізацыю несанкцыянаваных мітынгаў у Маладзечне і ўдзел у іх».
СК таксама заявіў, што ёсць запіс, на якім нібыта Крыўцоў каля 7.00 12 жніўня адзін ідзе ў бок лесу, дзе потым знайшлі цела, і на відэа бачна, што цялесных пашкоджанняў у яго няма. Па скрыншоце немагчыма сказаць, ці сапраўды гэта Крыўцоў.

Паводле маці, калі Мікіту знайшлі, ён стаяў каля дрэва, абапершыся на яго, галава ў яго трохі звісала набок. На шыі была пятля, загінулы не вісеў, а стаяў. Блізкія сумняваюцца, што цела магло знаходзіцца там, за «метр ад сцежкі», некалькі сутак і не быць заўважаным, тым больш у спякоту. «Мне здаецца, яго проста прывезлі туды, паставілі, сфатаграфавалі і павезлі. Думаю, увесь гэты час ён знаходзіўся дзесьці ў іншым месцы, а потым нам ужо сказалі, што яго знайшлі», — казаў брат.
Паводле сцверджання маці загінулага Анжалікі Кухто, яе былому мужу, бацьку Мікіты, сілавікі сказалі: «Калі вы адкрыеце гэтую труну і будзеце глядзець, то [вам пагражае] аж да крымінальнай адказнасці».
Усе блізкія кажуць, што Мікіта не меў ніякіх суіцыдальных намераў, жыў поўным жыццём, меў планы.
Афіцыйная прычына смерці
Суіцыд.
Рэакцыя ўладаў
23 жніўня 2020 года СК заявіў: «22 жніўня ў лесапаласе паблізу аднаго з дамоў на вул. Парніковай у Мінску знойдзенае цела 28-гадовага маладога чалавека без прыкмет жыцця. Паводле папярэдніх звестак, смерць не мае крымінальнага характару, відавочных цялесных пашкоджанняў на целе няма. <…> Прызначаная судова-медыцынская экспертыза».
У сакавіку 2021 года СК паведаміў, што праверка прыйшла да высновы пра суіцыд на падставе таго, што на месцы здарэння і на целе няма слядоў барацьбы і валачэння, і высноваў экспертызы пра прычыну і час смерці. На шыі загінулага была странгуляцыйная баразна, а на правай і левай галёнках — кровазліццё ў мяккіх тканках: нібыта яны былі атрыманыя ад закранання ствала дрэва падчас перадсмяротных сутаргаў. Іншых пашкоджанняў нібыта не было. СК адмовіў у завядзенні крымінальнай справы праз адсутнасць складу злачынства.
Родных Мікіты Крыўцова з матэрыяламі праверкі не азнаёмілі, копію пастановы пра адмову ў завядзенні крымінальнай справы не ўручылі, нягледзячы на тое, што заяўніцай была жонка загінулага. Рэчы блізкім таксама вярнулі не ўсе, у прыватнасці, вопратку не аддалі.

Меркаваныя вінаватыя ў злачынстве
Не знойдзеныя.
Праваабаронцы звяртаюць увагу, што са жніўня 2020 года сілавікі, затрымліваючы ўдзельнікаў пратэстаў, асабліва моцна збівалі тых, хто меў татуіроўкі, тым больш з беларускімі сімваламі. Мікіта падчас пратэстаў не хаваў твару, хадзіў са сцягам уздоўж строю сілавікоў. У такіх умовах нельга выключаць магчымасць затрымання і збіцця мужчыны. Сам ён сур’ёзна баяўся пераследу.
Акрамя таго, афіцыйная версія яго гібелі моцна разыходзіцца са сведчаннямі блізкіх і сведак, наяўнымі доказамі. У гэтай сітуацыі не выключанае забойства ці нанясенне цяжкіх траўмаў, што пацягнула смерць, з наступнай інсцэніроўкай самагубства. Дзяржава была абавязаная правесці эфектыўнае расследаванне і азнаёміць пацярпелых з вынікамі, але гэтага не зрабілі.
Вітольд Ашурак

Пра загінулага: 50 гадоў, жыў у пасёлку Бярозаўка Лідскага раёна Гродзенскай вобласці, быў палітычным і экалагічным актывістам — сябрам Партыі БНФ, адным з каардынатараў Руху «За Свабоду» і арганізатарам акцый пратэсту ў Лідскім раёне ў 2020 годзе. Быў неабгрунтавана асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі па артыкулах пра арганізацыю пратэстаў і гвалт супраць супрацоўніка міліцыі, прызнаны палітвязнем.
Дата смерці: 21 траўня 2021 года.
Месца смерці: папраўчая калонія № 17 у Шклове Магілёўскай вобласці.
Абставіны смерці
22 красавіка 2021 года, пасля адхілення апеляцыйнай скаргі на прысуд, Ашурак быў этапаваны ў папраўчую калонію № 17 у Шклове Магілёўскай вобласці для адбыцця пакарання.
Увечары 21 траўня 2021 года прадстаўнік Следчага камітэта патэлефанаваў жонцы Ашурка і паведаміў ёй пра смерць мужа ў калоніі, як мяркуецца, у выніку спынення сэрца. 25 траўня яго цела перадалі сваякам. Галава была забінтаваная — гэта патлумачылі тым, што цела нібыта выпала з лядоўні морга. У папярэднім медыцынскім заключэнні, якое выдалі сям'і, у графе «афіцыйная прычына смерці» стаяла «высвятляецца».
У той жа дзень УСК па Магілёўскай вобласці апублікавала відэа, змантаванае з некалькіх фрагментаў, на якім відаць, як мужчына ў робе зняволенага (меркавана Вітольд) знаходзіцца ў камеры ШІЗА, выглядае вельмі слабым, ходзіць хістаючыся. Ён падае і б’ецца галавой падчас спробы схадзіць у прыбіральню, затым яму перавязваюць галаву і пакідаюць у камеры, а пазней ён зноў падае.
Прадстаўнікі СК сцвярджалі, што Ашурак быў знойдзены ў камеры ў несвядомым стане пасля другога падзення, для аказання кваліфікаванай дапамогі яму былі выкліканыя работнікі медыцынскай часткі калоніі і хуткай медыцынскай дапамогі, але, нягледзячы на праведзеныя медыкамі рэанімацыйныя мерапрыемствы, выратаваць мужчыну не ўдалося. Паводле супрацоўнікаў калоніі, «асуджаны, разбіўшы галаву, скаргаў на стан здароўя не выказваў, адмовіўся ад дапамогі і шпіталізацыі».
Сваякі і сябры Ашурка сцвярджаюць, што раней у яго не было праблем са здароўем, перад этапам у калонію ён быў здаровым і бадзёрым. Калі выдалі цела Вітольда, яно выглядала вельмі худым і змардаваным, нібыта ён, і без таго худы, страціў не менш за 15−20 кг. Як стала вядома сваякам, пасля прыбыцця ў Шклоў Ашурак не быў прызначаны ў атрад — усе свае дні там ён прабыў у ізаляцыі спачатку на каранціне, а потым у ШІЗА. Былыя зняволеныя калоніі расказалі ў СМІ, што Вітольда там маглі збіваць і падвяргаць здзекам. Да таго ж Вітольд быў першым, хто расказў, што палітвязняў у калоніі вымушаюць насіць асаблівыя, жоўтыя, біркі, — пра гэта ён паведаміў у лісце.
У сваіх лістах Ашурак таксама згадваў, што вядзе дзённік, але сярод яго асабістых рэчаў, перададзеных сваякам пасля яго смерці, гэтага дзённіка не аказалася. Адшукаць яго не ўдалося, гэта можа сведчыць пра ўтойванне сілавікамі абставінаў катаванняў.
Праведзенае «Альянсам расследавальнікаў Беларусі» расследаванне, апублікаванае ў студзені 2022 года, прыводзіць да высновы, што Вітольду Ашурку не аказалі належнай медыцынскай дапамогі і адміністрацыя калоніі вінаватая ў прычыненні яму смерці з неасцярожнасці.
Афіцыйная прычына смерці
У пасведчанні пра смерць у графе «прычына смерці» стаіць код МКБ R99 («іншыя недакладна абазначаныя і неўдакладненыя прычыны смерці»).
Рэакцыя ўладаў
Праверку па факце смерці вёў старшы следчы УСК па Магілёўскай вобласці Павел Старыкаў. Афіцыйнага расследавання не было.
Брат Вітольда Андрэй Ашурак двойчы накіроўваў у СК запыты на азнаямленне з заключэннем судмедэкспертызы і іншымі матэрыяламі праверкі, але атрымаў адмовы: спачатку таму, што не завершаная дадатковая экспертыза, потым — таму, што брат не з’яўляецца законным прадстаўніком інтарэсаў памерлага. Звароты Андрэя ў СК і Генпракуратуру з просьбай даць інфармацыю, вярнуць рэчы брата ігнараваліся.
На лістапад 2023 года інфармацыя пра афіцыйную прычыну смерці Ашурка і пра завядзенне крымінальнай справы адсутнічае.
У снежні 2021 года Андрэй Ашурак і сябар Вітольда Сяргей Пантус, якія спрабавалі дамагчыся справядлівасці, былі вымушаныя пакінуць Беларусь, бо іх папярэдзілі пра намер распачаць супраць іх крымінальную справу за крыкі «Ганьба!» у зале суда пасля прысуду Вітольду.
Меркаваныя вінаватыя ў злачынстве
- Начальнік ПК-17 Аляксандр Карніенка,
- начальнік рэжымнага аддзела ПК-17 Сяргей Карчэўскі,
- начальніца медыцынскай часткі ПК-17 Наталля Дабрадзярэвец,
- псіхіятр-нарколаг ПК-17 Ігар Кандраценкаў,
- доктарка медыцынскай часткі ПК-17 Таццяна Развянкова,
- дзяжурны памочнік начальніка ПК-17 Дзяніс Сазонаў,
- суддзя Лідскага раённага суда Максім Філатаў, які вынес Ашурку прысуд;
- следчы Павел Старыкаў, які не расследаваў яго смерць.
Як тлумачаць праваабаронцы, супрацоўнікі калоніі катавалі Вітольда ўмовамі ўтрымання, змясцілі змардаванага мужчыну ў ШІЗА, не стварылі бяспечных умоваў для жыцця і здароўя, не аказалі належнай медыцынскай дапамогі.
Алесь Пушкін

Пра загінулага: 57 гадоў, жыў у пасёлку Бобр у Мінскай вобласці; вядомы беларускі мастак-нонканфарміст і перформер, за гады сваёй дзейнасці шматкротна пераследваўся па палітычных матывах; быў удзельнікам пратэсных акцый 2020 года і прынцыпова вярнуўся ў Беларусь, калі на яго завялі крымінальную справу; 30 сакавіка 2022 года на закрытым судовым працэсе быў асуджаны на 5 гадоў зняволення ва ўмовах строгага рэжыму за «здзек з дзяржаўных сімвалаў» і «распальванне сацыяльнай варожасці».
Дата смерці: 11 ліпеня 2023 года.
Месца смерці: бальніца хуткай медыцынскай дапамогі Гродна (турма № 1 Гродна).
Абставіны смерці
Алесь Пушкін адбываў пакаранне ў калоніі № 22 («Воўчыя норы»), але, як і большасці палітвязняў, яму інкрымінавалі парушэнні і пагаршалі рэжым. Спачатку яму далі пяць месяцаў зняволення ў памяшканні камернага тыпу, а ў лістападзе 2022 года перавялі ў турму № 1 Гродна на строгі рэжым. За наступныя паўгода ён схуднеў на 20 кг, скардзіўся на болі ў нырках. Урэшце ў яго адкрылася прабадная язва, але своечасовай меддапамогі яму не аказалі, некалькі дзён давалі толькі абязбольвальныя.
10 ліпеня каля 11 раніцы палітвязня ўжо ў несвядомым стане, які практычна паміраў, прывезлі ў бальніцу. У яго былі перытаніт, сэпсіс, поліарганная недастатковасць і нават пашкоджаная дыяфрагма. Гэта сведчыць, што востры перыяд захворвання цягнуўся, хутчэй за ўсё, некалькі сутак. Прычынай прабадной язвы магло стаць турэмнае харчаванне і адсутнасць неабходных медыкаментаў.
Медыкі зрабілі аперацыю, але выратаваць мужчыну не ўдалося. Ноччу ці днём 11 ліпеня Алесь Пушкін памёр у рэанімацыі.
Афіцыйная прычына смерці
У пратаколе ўскрыцця напісана, што прычына смерці невядомая.
Рэакцыя ўладаў
Адсутнічае (невядомая).
Меркаваныя вінаватыя ў злачынстве
- начальнік турмы № 1 Гродна Павел Казакоў,
- начальнік медчасткі турмы № 1 г. Гродна Віктар Лутцаў,
- суддзя Алена Шылько, якая вынесла прысуд Пушкіну,
- дзяржабвінаваўца Аляксандр Кароль.
«Умовы ўтрымання і перадузятае стаўленне да Алеся Пушкіна як палітычнага зняволенага ў калоніі № 22, а потым і ў турме № 1 прывялі да сур’ёзных праблем са здароўем. Праз няякасную ежу і жорсткія ўмовы ўтрымання ў Алеся Пушкіна здарылася прабадная язва, ён адчуваў страшны боль, аднак турэмны медперсанал бяздзейнічаў і кваліфікаванай медыцынскай дапамогі яму не аказваў», — тлумачаць праваабаронцы.
Мікалай Клімовіч

Пра загінулага: 61 год, жыў у Пінску, быў актывістам і блогерам, меў інваліднасць II групы праз захворванне сардэчна-сасудзістай сістэмы, перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы; у снежні 2022 года быў затрыманы і ў лютым 2023-га асуджаны па артыкуле пра абразу Лукашэнкі за тое, што паставіў рэакцыю «смешна» пад карыкатурай на палітыка ў сацсетцы, тым самым распаўсюдзіўшы публікацыю.
Дата смерці: 5 траўня 2023 года.
Месца смерці: папраўчая калонія № 3 («Віцьба») у Віцебскай вобласці.
Абставіны смерці
Суддзя прызначыў цяжкахвораму Мікалаю Клімовічу пакаранне ў выглядзе аднаго года пазбаўлення волі, а Брэсцкі абласны суд пакінуў прысуд у сіле.
Пасля асуджэння Мікалая ўзялі пад варту і змясцілі ў СІЗА на час разгляду апеляцыі. Праз два месяцы, калі Брэсцкі абласны суд пакінуў прысуд у сіле, мужчыну адправілі ў калонію.
З прычыны свайго дыягназу Мікалай мусіў знаходзіцца пад пастаянным наглядам кардыёлага і прымаць неабходныя лекі. У зняволенні ён гэтай магчымасці быў пазбаўлены. Ён сам, яго родныя і адвакат неаднаразова выказвалі занепакоенасць станам яго здароўя.
Мікалай пражыў у калоніі усяго два тыдні.
Афіцыйная прычына смерці
Стан здароўя.
Рэакцыя ўладаў
Сваякам паведамілі, што ў калоніі правялі праверку па факце смерці і не выявілі складу злачынства.
Меркаваныя вінаватыя ў злачынстве
- Суддзя Пінскага раёна Андрэй Бычыла, які вынес прысуд;
- дзяржабвінаваўца — памочнік Пінскага міжраённага пракурора Ілля Гузарэвіч;
- начальнік ПК № 3 «Віцьба» Аляксей Старавойтаў;
- начальнік медсанчасткі калоніі Раманаў.
«Суддзя, ведаючы пра захворванні і II групу інваліднасці, якія былі ў Мікалая Клімовіча, прызначыў яму пазбаўленне волі, хоць былі і альтэрнатыўныя віды пакарання. Гэта прывяло да ўскладненняў са здароўем у Мікалая ў ПК-3. Службовыя асобы калоніі не аказалі своечасовай медыцынскай дапамогі палітвязню, што прывяло да яго смерці», — тлумачаць праваабаронцы.
Алена Амеліна

Пра загінулую: 53 гады, у красавіку 2021 года была ўпершыню асуджаная і адбывала адміністрацыйны арышт за аўтапрабег з бел-чырвона-белымі сцягамі, другі раз была затрыманая ў пачатку верасня 2021 года і асуджаная на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за рэпост матэрыялу з «экстрэмісцкай» крыніцы.
Дата смерці: кастрычнік 2021 года.
Месца смерці: клінічная бальніца Мінска
Абставіны смерці
Адбываючы адміністрацыйны арышт у ізалятары на Акрэсціна, заразілася каранавірусам і пасля вызвалення памерла ад наступстваў захворвання.
Умовы знаходжання на Акрэсціна былі вельмі цяжкія: камера перапоўненая, жанчыны былі вымушаныя спаць нават на падлозе, было вельмі холадна. Аднакамерніцы Алены расказвалі, што ў іх камеры хварэлі практычна ўсе. Меддапамога належным чынам не аказвалася. Алена пераносіла інфекцыю вельмі цяжка, з ліхаманкай і кашлем, практычна не ела і не ўставала, але ёй «толькі зрэдку давалі фурацылін, парацэтамол, а калі было зусім дрэнна — нейкія антыбіётыкі».
Ледзь вярнуўшыся дадому пасля арышту, Амеліна трапіла ў бальніцу, дзе яе адразу ж змясцілі на ШВЛ. Яна запала ў кому. Дактары больш за два тыдні беспаспяхова змагаліся за яе жыццё.
Афіцыйная прычына смерці
Наступствы каранавіруснай інфекцыі.
Рэакцыя ўладаў
Адсутнічае (невядомая).
Меркаваныя вінаватыя ў злачынстве
Начальнік ЦІП на Акрэсціна Яўген Шапецька.
Праваабаронцы звяртаюць увагу на наступныя факты. У парушэнне сваіх правоў асуджаная за рэпост інфармацыі незалежных СМІ, Алена Амеліна была змешчаная ў цяжкія ўмовы адбыцця пакарання, якія з восені 2020 года былі створаныя ў ізалятары на Акрэсціна для арыштаваных па палітычных матывах. Перапоўненыя камеры, нізкая тэмпература, адсутнасць сродкаў гігіены ў разгар эпідэміі каранавіруса — усё гэта прыводзіла да ўспышак захворвання сярод арыштантаў. Меддапамога практычна не аказвалася, захварэлым, як і астатнім, забаранялі нават ляжаць на ложках днём. Алена Амеліна памерла праз мэтаскіраваныя дзеянні адміністрацыі ўстановы па стварэнні бесчалавечных умоваў утрымання, небяспечных для жыцця і здароўя. Расследавання па факце яе смерці не правялі.
Сяргей Шчацінка

Пра загінулага: 57 гадоў, жыў у Асіповічах, быў затрыманы 12 лістапада 2020 года і асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
Дата смерці: 11 снежня 2020 года.
Месца смерці: Асіповічы.
Абставіны смерці
Упершыню міліцыя затрымала Сяргея і ягоную жонку Алу за «пікетаванне» ў кастрычніку — яны атрымалі вуснае папярэджанне. 12 лістапада 2020 года муж і жонка Шчацінкі праводзілі палітычны флэшмоб і фатаграфаваліся, за што іх зноў затрымалі. Суд даў Сяргею 10 сутак арышту, яго змясцілі ў Асіповіцкі ІЧУ. Мужчына выйшаў на волю 22 лістапада.
Падчас адбыцця арышту да яго ў камеру падсялілі чалавека з высокай тэмпературай. Сімптомы захворвання Сяргей адчуў ужо падчас вызвалення.
Пасля выхаду з арышту стан Сяргея значна пагоршыўся, яму некалькі разоў выклікалі хуткую дапамогу. У паліклініцы зрабілі тэст, які пацвердзіў COVID-19. Наступныя два тыдні мужчына хварэў дома, у яго была высокая тэмпература, моцны кашаль. За тры дні да закрыцця бальнічнага Сяргей Шчацінка памёр.
Афіцыйная прычына смерці
Наступствы каранавіруснай інфекцыі.
Рэакцыя ўладаў
Адсутнічае (невядомая).
Меркаваныя вінаватыя ў злачынстве
Начальнік ІЧУ Асіповіцкага РАУС Аляксандр Анікееў.
Да смерці Шчацінкі прывяло парушэнне стандартаў па абыходжанні з асобамі, якія знаходзяцца ў месцах несвабоды, стандартаў аказання меддапамогі, стварэнне неналежных санітарна-эпідэміялагічных умоваў утрымання, канстатуюць праваабаронцы. Расследавання ў сувязі са смерцю Сяргея Шчацінкі не праводзілася.
Дзмітрый Стахоўскі

Пра загінулага: 18 гадоў, сірата з нараджэння, жыў у Мінску; стаў фігурантам крымінальнай справы па частцы 2 артыкула 293 КК (пра «масавыя беспарадкі») пасля таго, як работнікі інтэрната, дзе ён жыў, паказалі на яго як на ўдзельніка акцый пратэсту 9−10 жніўня 2020 года.
Дата смерці: 26 траўня 2021 года.
Месца смерці: вуліца Тураўскага ў Мінску.
Абставіны смерці
Паводле паведамлення УСК па Мінску, 26 траўня 2021 года каля 01.45 з прыкметамі падзення з вышыні ля дома на вуліцы Тураўскага знайшлі цела 18-гадовага мінчаніна. Следча-аператыўная група правяла агляд месца здарэння, былі прызначаныя экспертызы. Паводле вынікаў экспертных даследаванняў, канцэнтрацыя алкаголю ў крыві маладога чалавека склала 2,4 праміле.
Высветлілася, што Дзмітрый Стахоўскі скончыў жыццё самагубствам, скокнуўшы з 16-павярховага будынка. Раніцай 26 траўня на старонцы ягонага профіля ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» з’явіўся пост, у якім ва ўчыненым самагубстве ён абвінавачваў Следчы камітэт.

Сябар Дзмітрыя адзначаў, што загінулы не вытрымаў падману з боку следчай. Так, Стахоўскаму абяцалі, што абвінавачанне зменяць і артыкул 293 (Масавыя беспарадкі) заменяць мякчэйшым 342 (Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). «Яго абнадзеілі, паабяцалі змякчэнне абвінавачвання ў абмен на прызнанне. І ён ні з кім з блізкіх яму людзей не параіўся і напісаў гэтае прызнанне. Расказваў мне потым, маўляў, следчая добрая, паабяцала, калі я прызнаюся, што браў удзел у беспарадках ля «Рыгі», то іншыя эпізоды, удзел у іншых шэсцях не будуць нават разглядацца. І ён зрабіў так, як яму сказалі, прызнаўся, што катаў нейкія катушкі, ставіў краты ў раёне ўніверсама «Рыга»».
25 траўня 2021 года Дзмітрый разам з адвакатам хадзіў на чарговы допыт і прабыў у Следчым камітэце пяць ці шэсць гадзін, да 21.00. Там ён даведаўся, што яго ўвялі ў зман, паабяцаўшы змяніць кваліфікацыю злачынства. Як яму паведамілі, следчая хадайнічала пра замену, але пракурор адмовіў у задавальненні гэтага хадайніцтва.
Паводле паведамленняў сяброў памерлага, ён неаднаразова казаў, што не хоча сядзець у турме і выхадам з усяго будзе самагубства. Пасля допыту 25 траўня ён паехаў у раён Уручча і залез на дах 16-павярховага дома. Адтуль пісаў сябрам, «што не зможа так жыць, прасіў у іх прабачэння. Казаў, што хоча напіцца, бо яму страшна, і не хочацца здзяйсняць такі ўчынак, але ў турме ён сядзець не будзе».

Афіцыйная прычына смерці
Суіцыд.
Рэакцыя ўладаў
Праверку па гэтым факце праводзіў Першамайскі райаддзел Следчага камітэта Мінска. У завядзенні крымінальнай справы адмовілі.
14 чэрвеня ў Генпракуратуры адрэагавалі на мноства зваротаў ад грамадзян, якія патрабавалі завесці справу. У заяве гаварылася, што права абскарджваць рашэнні органа, які вядзе крымінальны працэс, маюць удзельнікі працэсу, а таксама асобы, чые інтарэсы закранутыя. Звароты, пададзеныя асобамі, не надзеленымі адпаведным правам, разгляду па сутнасці не падлягаюць.
Цынізм сітуацыі ў тым, што пракуратура ведала: загінулы быў круглым сіратой і за яго няма каму падаць скаргу на рашэнне следчага.
Меркаваныя вінаватыя ў злачынстве
Следчая, якая праводзіла следчыя дзеянні ў дачыненні да Дзмітрыя Стахоўскага па частцы 2 артыкула 293 КК.
«Маладога хлопца з нетрывалай псіхікай, які не мае падтрымкі і дапамогі сям'і, у парушэнне артыкула 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь следчая вымусіла прызнацца ў шэрагу дзеянняў, у выніку чаго яго прававая пазіцыя па справе пагоршылася. Доўгі час яго неаднаразова выклікалі на допыты, псіхалагічна ціснулі, пагражалі доўгімі тэрмінамі пазбаўлення волі, прымушаючы прызнацца ў здзяйсненні злачынстваў, прыніжалі яго чалавечую годнасць, што адпавядае складу злачынства «давядзенне да самагубства» (артыкул 145 КК)», — лічаць праваабаронцы.

Дзмітрый Дудойць

Пра заігнулага: 43 гады, жыў у Смаргоні; быў асуджаны на два гады «хіміі» па артыкуле пра абразу прадстаўніка ўлады за каментар у сацсетцы «Аднакласнікі», у якім, паводле матэрыялах следства, яшчэ да выбараў з дапамогай ненарматыўнай лексікі ахарактарызаваў начальніка Ганцавіцкага РАУС Віталя Куляшова, падпісаўшы яго фота: «Скаціна лысая, хутка прыйдзе наш час…»; з 29 снежня 2021 года адбываў тэрмін у папраўчай установе адкрытага тыпу № 43 у Магілёве.
Дата смерці: 5 студзеня 2022 года.
Месца смерці: Магілёў, вуліца Чалюскінцаў.
Абставіны інцыдэнту
У дзень інцыдэнту асуджаных вадзілі ў паліклініку на прафагляд. Вяртаючыся, Дзмітрый Дудойць збег ад суправаджэння, саскочыў з моста і разбіўся. Магілёўцы заўважылі на дарозе пад мостам на вуліцы Чалюскінцаў чалавека каля 11 гадзін дня.
Паводле аповедаў блізкіх сяброў, адбываць «хімію» мужчына ехаў з траўмай — 3 верасня ён парваў звязку на левым каленным суставе. Перад судом блізкія збіралі ўсе даведкі, спрабавалі даказаць, што Дзмітрый перасоўваецца з мыліцамі і не можа выконваць фізічную працу. Суд не прыняў гэта да ўвагі.
Псіхалагічны стан асуджанага таксама быў цяжкі. Ад’езд з дому і расстанне з блізкімі людзьмі ён пераносіў цяжка. На «хімію» ён прыбыў 29 снежня. Пасля гэтага казаў, што яму вельмі кепска. Адносіны з людзьмі ў ПУАТ у яго не складваліся: «Сто чалавек, і ніхто не вітаецца», — казаў мужчына сябрам. Імаверна, іншым асуджаным забаранілі мець зносіны з ім.
Афіцыйная прычына смерці
Суіцыд.
Рэакцыя ўладаў
Следчы камітэт паведаміў, што Дудойць сышоў з паліклінікі самавольна і саскочыў з моста. Ведамства апублікавала відэа яго гібелі.
Меркаваныя вінаватыя ў злачынстве
Начальнік Магілёўскай папраўчай установы адкрытага тыпу № 43 Сяргей Юр’евіч Таранько, суддзя Сяргей Балондзь.
Праваабаронцы тлумачаць, што суддзя вынес Дзмітрыю прысуд без уліку стану здароўя, а супрацоўнікі ПУАТ стварылі для яго невыносныя ўмовы і аказвалі моцны псіхалагічны ціск, у тым ліку праз іншых зняволеных, не аказалі псіхалагічнай дапамогі ў адаптацыі. Такое стаўленне супрацоўнікаў папраўчай установы можна аднесці да складу злачынства па артыкуле 145 КК РБ (Давядзенне да самагубства).
Уладзімір Крысянок

Пра загінулага: 41 год, меў жонку і дзвюх дачок, былы працаўнік завода «Нафтан» у Наваполацку; увосень 2020 года далучыўся да агульнанацыянальнага страйку, у 2021 годзе быў кандыдатам на пасаду старшыні незалежнага прафсаюза супрацоўнікаў «Нафтан».
Дата смерці: 30 траўня 2022 года.
Месца смерці: цела знайшлі на лецішчы маці ў вёсцы Глінішча.
Абставіны смерці
24 траўня 2022 года Уладзімір Крысянок быў затрыманы сілавікамі і праз 72 гадзіны адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. Знаёмыя Уладзіміра паведамілі праваабаронцам, што «прычынай затрымання магла стаць актывізацыя сілавікоў пасля нядаўняй публікацыі ў СМІ відэароліка, дзе відаць жаласны тэхнічны стан аб’екта, на якім калісьці працаваў Уладзімір». Сілавікі на допыце прымушалі яго даць паказанні на былых калег і пагражалі яму 12 гадамі пазбаўлення волі.
Праз дзень пасля вызвалення, 30 траўня, Уладзімір Крысянок быў знойдзены павешаным. Цела знайшлі на лецішчы яго маці ў вёсцы Глінішча, пахаванне прайшло 1 чэрвеня 2022 года.
Афіцыйная прычына смерці
Суіцыд.
Рэакцыя ўладаў
Адсутнічае (невядомая).
Меркаваныя вінаватыя ў злачынстве
Следчы і сілавікі, якія праводзілі допыты.
Праваабаронцы адзначаюць, што Уладзімір Крысянок быў апанентам уладаў, падчас затрыманні сілавікі аказалі на яго псіхалагічны ціск, пагражалі вялікім тэрмінам, прыніжалі яго годнасць — патрабавалі фактычна «здаць» калегаў, падвергнуўшы іх рызыцы крымінальнага пераследу. Такія дзеянні сілавых структур могуць адпавядаць складу злачынства па артыкуле 145 КК РБ «Давядзенне да самагубства», аднак расследавання праведзена не было.
Чаму ва ўсіх гэтых смерцях вінаватыя ўлады?
Кожны чалавек мае права на жыццё, то-бок, у прыватнасці, права быць свабоднымі ад «дзеянняў і бяздзейнасці, якія пакліканыя або могуць стаць прычынай ненатуральнай ці заўчаснай смерці», канстатуюць праваабаронцы. І дзяржава мусіць гэтае права ахоўваць.
Паводле Міжнароднага пакту пра грамадзянскія і палітычныя правы, выкарыстанне патэнцыйна смяротнай сілы з праваахоўнымі мэтамі — гэта крайняя мера, да якой варта звяртацца толькі ў выпадку строгай неабходнасці для абароны жыцця ад немінучай пагрозы смерці або сур’ёзнага ранення. Дзяржава нясе адказнасць за дзеянні і бяздзейнасць сваіх праваахоўных органаў.
Таксама дзяржава нясе павышаны абавязак забяспечваць любыя неабходныя меры абароны жыцця асобаў, якіх гэта дзяржава пазбавіла волі. У тым ліку сачыць за іх здароўем, аказваць медыцынскую дапамогу, абараняць ад гвалту з боку іншых зняволеных, перадухіляць самагубства.

У кожным з 16 выпадкаў смерці праваабаронцы фіксуюць парушэнне дзяржавай сваіх абавязанняў у дачыненні да грамадзян.
У частцы выпадкаў была наўпрост парушаная забарона на адвольнае пазбаўленне жыцця. Так, падчас пратэстаў мела месца неабгрунтаванае і/або несувымернае выкарыстанне сілы:
- выкарыстанне агнястрэльнай зброі;
- выкарыстанне «несмяротных» узбраенняў і спецсродкаў;
- гвалтоўныя знікнення і наступныя магчымыя пазасудовыя пакаранні.
Таксама пасля ў месцах зняволення работнікі пенітэнцыярнай сістэмы выкарыстоўвалі катаванні і жорсткае абыходжанне з затрыманымі і асуджанымі, што прывяло да смерцяў у зняволенні.
З іншага боку, дзяржава парушыла і свой абавязак па абароне жыцця грамадзян:
- не былі прынятыя меры па перадухіленні гвалту ў дачыненні да грамадзян з боку сілавікоў падчас пратэстаў, у месцах зняволення;
- пацярпелым не аказвалася своечасовая медыцынская дапамога, якая магла б захаваць іх жыццё;
- расследаванне выпадкаў гібелі людзей не праводзілася належным чынам, органы адмаўлялі ў завядзенні крымінальных справаў або закрывалі іх, сваякоў нярэдка не інфармавалі пра ход і вынікі расследавання;
- сем’ям ахвяраў адмаўлялі ў кампенсацыі.
Ці ёсць іншыя ахвяры?
У спіс ахвяраў, складзены праваабаронцамі, уключаныя не ўсе загінулыя з 2020 года ў абставінах, якія могуць быць звязаныя з палітычна матываванымі дзеяннямі ўладаў. Прычына ў тым, што праз адсутнасць крымінальных справаў складана зразумець, што насамрэч стала прычынай смерці чалавека. Прадстаўнікі рэжыму ў любым выпадку адмаўляюць, што людзі загінулі ад рук сілавікоў або па іх віне.
Ніводнай крымінальнай справы па фактах смерцяў і гвалту з боку сілавікоў падчас пратэстаў у Беларусі са жніўня 2020 года не заведзена — акрамя справы па факце забойства Рамана Бандарэнкі, якая цяпер прыпыненая.
Адначасова распачатыя тысячы крымінальных справаў, якія носяць характар палітычнага пераследу, у тым ліку ў сувязі з распаўсюдам інфармацыі пра смерці па віне рэжыму. Людзі атрымліваюць велізарныя тэрміны за каментары ў сацсетках, за выкананне журналісцкай працы, за ахвяраванні пацярпелым ад гвалту сілавікоў, за тое, што яны сваякі вядомых актывістаў, і нават за песні.
За гібель гэтых шаснаццаці чалавек дагэтуль ніхто не адказаў.
Чытайце таксама


