У абласных цэнтрах стварылі тры новыя атрады спецназа ўнутраных войскаў МУС. Яны ўжо дзейнічаюць, расказаў камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў, які 11 ліпеня наведаў заняткі па баявой падрыхтоўцы атрада «Шторм», паведамляе МУС.

Новыя спецпадраздзяленні ва ўнутраных войсках ствараюцца «з мэтай узмацнення нашых баявых магчымасцяў у асаблівы перыяд». Паводле Карпянкова, усё ідзе згодна з планам, ужо ёсць тры атрады — «Шторм» у Брэсце, «Тайфун» у Гродне і «Буран» у Гомелі.
Падраздзяленні стварылі ў пачатку траўня гэтага года, а цяпер яны ўкамплектаваныя, баяздольныя і выконваюць баявыя задачы, сказаў камандуючы УВ. У атрады набралі кантрактнікаў з досведам службы ў МУС не менш за 3−5 гадоў.
— Падраздзяленні экіпіяваныя, аснашчаныя, навучаныя з улікам досведу правядзення ваеннай спецаперацыі ва Украіне, — адзначыў Карпянкоў.
Атрады ўжо атрымліваюць бронемашыны, на відэа з вучэнняў у байцоў бачныя аўтаматычныя гранатамёты. Паводле словаў Карпянкова, ёсць таксама цеплавізійныя прыборы і прыцэлы, квадракоптары і беспілотныя лётныя апараты — разведвальныя і ўдарныя.
— Гэтыя падраздзяленні прызначаныя для вядзення баявых дзеянняў, для барацьбы з дыверсійна-разведвальнымі групамі, незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі ў асаблівы перыяд. Ну, а ў паўсядзённай дзейнасці гэтыя падраздзяленні ўжо нясуць службу ў памежжы і выконваюць задачы па забяспечанні сілавога прыкрыцця нашага аператыўнага саставу, які рэалізоўвае свае мерапрыемствы, праводзіць спецыяльныя мерапрыемствы, спецыяльныя аперацыі, — расказаў камандуючы ўнутранымі войскамі.
Паводле яго словаў, байцы новых атрадаў падрыхтаваныя, высокаматываваныя і могуць выконваць задачы любой складанасці.
— Грамадзяне нашай краіны могуць быць спакойныя. З такімі падраздзяленнямі спецыяльнага прызначэння мы забяспечым мір і парадак у нашай краіне. Апазіцыянеры, якія знаходзяцца за мяжой і пагражаюць нейкім уварваннем, яшчэ чымсьці на тэрыторыю Беларусі, хай бачаць гэта і баяцца, — заявіў былы кіраўнік ГУБАЗіК.
Як адзначылі ў МУС, цяпер ва ўнутраных войсках праводзіцца «шырокамаштабная праца па фарміраванні падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння».
Нагадаем, у 2022 годзе ў Беларусі абнавілі задачы ўнутраных войскаў і ўмовы выкарыстання імі зброі. Цяпер выкарыстоўваць зброю яны могуць у большай колькасці выпадкаў «з мэтамі выканання ўскладзеных на іх задач», без дадатковых агаворак.