Нядаўна былы беларускі дыпламат Павел Слюнькін расказаў, што ў МЗС існуе столь магчымасцяў для жанчын. Насамрэч такая праблема ёсць не толькі ў гэтым ведамстве — яна сістэмная і асабліва часта праяўляецца ў дзяржаўных установах. Экс-загадчыца кафедры факультэта журналістыкі БДУ і доктар філалагічных навук Ірына Сідорская расказала, чаму так адбываецца і што перашкаджае беларускім жанчынам будаваць кар’еру.
Вы напэўна заўважылі: чым вышэйшыя пазіцыі ў службовай іерархіі, тым менш на іх жанчын. Гэтае правіла дзейнічае ў любых арганізацыях — незалежна ад сферы дзейнасці, формы ўласнасці або колькасці супрацоўнікаў. Гендарны разрыў у заработнай плаце ў 2021 годзе таксама перавышаў 28%. Гэта значыць, што з канца кастрычніка і да пачатку наступнага года жанчыны, у адрозненне ад мужчын, працуюць бясплатна.
Гэта гучыць парадаксальна, бо жанчыны і мужчыны ў Беларусі атрымліваюць аднолькавую сярэднюю адукацыю, маюць (амаль) роўныя магчымасці для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. У сярэднім беларускі адукаванейшыя за мужчын: толькі 47% работнікаў маюць сярэднюю спецыяльную або вышэйшую адукацыю, а сярод работніц такіх 68%.
Сярод занятага насельніцтва ў нашай краіне жанчын больш, чым мужчын — гэта нетыповая для свету сітуацыя. Для параўнання: у той жа Расіі 48% занятых у эканоміцы — жанчыны. Пры гэтым, на жаль, беларускі займаюцца пераважна руціннай, тэхнічнай, цяжкай, малацікавай і малааплатнай дзейнасцю. І каб атрымаць такую «прывабную» працу, часта патрабуецца яшчэ і спецыяльная адукацыя.
Цяжкая фізічная праца, на якую перш за ўсё здольныя мужчыны, запатрабаваная ў аграрных і індустрыяльных грамадствах. Але сёння Беларусь — краіна з постіндустрыяльнай эканомікай і развітай сферай паслуг. А значыць, людзям патрэбныя якасці і кампетэнцыі, якія грамадства заклікае прышчапляць жанчынам: увага, цярпенне, эмпатыя, уменне камунікаваць з рознымі людзьмі, правільна інтэрпрэтаваць зваротную сувязь і гэтак далей. Эканоміка становіцца ўсё больш арыентаванай на ўзаемадзеянне з людзьмі — і жанчыны паспяхова з гэтым спраўляюцца.

Тым не менш правіла «чым вышэйшая пасада, тым меншая імавернасць сустрэць на ёй жанчыну» працягвае дзейнічаць. Возьмем толькі сферу адукацыі. Сярод настаўнікаў сярэдніх школ мужчыны складаюць менш за 18%, а сярод дырэктараў іх становіцца ўжо 35%. Падобная сітуацыя ў вышэйшых навучальных установах, дзе працавала і я: сярод выкладчыкаў і старшых выкладчыкаў пераважаюць жанчыны, на ўзроўні дацэнтаў становішча ўраўноўваецца, а сярод прафесараў жанчын застаецца крыху больш за 20%. Сёння ў Беларусі 50 вышэйшых навучальных установаў, і толькі 6 з іх узначальваюць жанчыны, хоць сярод прафесарска-выкладчыцкага складу яны пераважваюць.
Чаму так адбываецца?
Я бачу тут тры асноўныя прычыны, і ўсе яны — не прыватны выпадак канкрэтнай жанчыны, сям'і ці арганізацыі. Гэта сістэмныя праблемы, вырашыць якія можна, калі рабіць гэта на ўзроўні дзяржавы, прычым мэтаскіравана і паслядоўна.
Першая прычына — гэта нераўнамернае размеркаванне сямейных абавязкаў паміж мужчынамі і жанчынамі. Менавіта апошнія традыцыйна забіраюць дзяцей з дзіцячага садка ці школы, адводзяць на гурткі і секцыі, робяць з імі хатнія заданні, купляюць прадукты і гатуюць вячэру, мыюць посуд і прыбіраюць у доме, пяруць і гладзяць бялізну. І гэта калі гаворка не ідзе пра прысядзібны ўчастак ці дом у вясковай мясцовасці.
Жанчыны выконваюць у сям'і вялікі аб’ём не толькі фізічнай, але і арганізацыйна-кіраўнічай нагрузкі: яны размяркоўваюць фінансы, складаюць планы і графікі, вызначаюць, што, калі і ў якім парадку купляць, куды ехаць адпачываць, як прабавіць выходныя, калі зрабіць генеральную ўборку, што неабходна зрабіць сёння, у найбліжэйшыя дні, цягам месяца… На жанчынах і асноўная частка эмацыйнай нагрузкі: яны адказныя за атмасферу разумення і прыняцця ў сям'і і за яе межамі, выслухоўваюць праблемы мужа, дзяцей і іншых сваякоў, даюць парады, вырашаюць праблемы блізкіх… Умоўна, калі ў жанчыны ёсць сын і ён жанаты, то ў выпадку хваробы дапамагаць ёй будзе менавіта нявестка.
Усё гэта займае час (беларускі выдаткоўваюць на хатнія справы і сям’ю ў 2 разы больш часу, чым беларусы), адбірае фізічныя, інтэлектуальныя і маральныя сілы. У сутках жа і для жанчын, і для мужчын 24 гадзіны, таму натуральна, што на працу па-за домам — тое, што мы традыцыйна называем «працай», — у жанчын застаецца менш часу і сіл. І гэта не таму, што яны «па сваёй прыродзе» ўмеюць і хочуць займацца хатнімі справамі. Калі гэта выправіць, беларускі стануць больш канкурэнтаздольнымі на рынку працы, будуць больш зарабляць, змогуць пабудаваць кар’еру або весці паспяховы бізнес.
Стаць загадчыцай кафедры і эфектыўна выконваць свае абавязкі, а таксама напісаць і абараніць доктарскую мне дапамагло раўнамернае размеркаванне хатніх абавязкаў у маёй уласнай сям'і. Не разавая «дапамога мужа», а менавіта наш сумесны ўдзел — інакш я ці не дасягнула б такіх вышыняў, ці заплаціла б за іх занадта высокую цану ў выглядзе падарванага здароўя. Выходзіць, на практыцы жанчына можа прынесці шмат карысці па-за домам, а мужчына — атрымаць гэтак жа шмат радасці, аддачы і павагі ад дзяцей, калі яны вырастуць. Я лічу сваю сям’ю пазітыўным прыкладам гендарнай роўнасці, але, каб ва ўсіх было гэтак жа, патрэбны ўдзел менавіта абаіх партнёраў.
Другая прычына — гэта карпаратыўная культура, якая ў якасці «ідэальнага работніка» разглядае мужчыну і не спрыяе стварэнню роўных магчымасцяў. Менавіта гэта падкрэсліў Павел Слюнькін, калі казаў пра сітуацыю ў МЗС.
Не толькі ў тым ведамстве, але і ў большасці беларускіх арганізацый лічыцца, што «працаваць лепш» азначае «працаваць больш», а дакладней, «даўжэй знаходзіцца ў офісе», таму заахвочваюцца звышгадзіны і перапрацоўкі. Застацца пасля заканчэння працоўнага дня, прыйсці ў выходны, раптам паехаць у камандзіроўку — усё гэта больш падыходзіць мужчынам, бо ў гэты час хатнія абавязкі выконваюць іх жонкі. Тое, што «знаходзіцца на працы» і «эфектыўна працаваць» — не адно і тое ж, забываецца. Можна знаходзіцца ў офісе і 10, і 12, і нават больш гадзін, але марнаваць час на размовы з калегамі, на перакуры, на маніторынг сацыяльных сетак. І можна прыйсці ў офіс на 6 гадзін, але не адцягнуцца ні на хвіліну, бо ў цябе толькі гэтыя 6 гадзін, а потым табе трэба бегчы па дзіця ў садок.
Неабходнасць перыядычна адпрошвацца з працы, каб схадзіць на ранішнік да дачкі, адвесці да зубнога сына ці дачакацца прыходу сантэхніка ставіць жанчын у слабае становішча. Успрыманне сябе «другагатункавай» работніцай праз свае рэальныя або меркаваныя гендарныя ролі жонкі, маці, дачкі, сястры змяншае упэўненасць ва ўласных кампетэнцыях і значнасці.
У выніку супрацоўніцы, у адрозненне ад супрацоўнікаў, больш залежныя ад меркавання і сімпатыі свайго начальства. Яны цэняць працу, не хочуць рызыкаваць і патрабаваць большага, баяцца быць звольненымі, не знайсці іншай працы і ў выніку застацца ні з чым. Таму вымушаныя прыкладаць больш намаганняў, дэманстраваць не толькі высокую працаздольнасць, але і павышаную лаяльнасць, згодныя трываць самадурства і грубасць кіраўніцтва, а таксама выконваць указанні, што відавочна выходзяць за рамкі службовых абавязкаў.

Гэта адказ на пытанне, чаму сярод тых, хто ўбудаваны ў сістэму Лукашэнкі і не толькі дэманструе паслухмянасць, але і праяўляе ініцыятыву, нямала жанчын: прапагандыстак, суддзяў, пракурорак і іншых дзяржслужбовак. Яны разумеюць, што вымушаныя прыкладаць максімум намаганняў і актыўна дэманстраваць лаяльнасць, каб хаця б застацца на сваёй пазіцыі, а не толькі для прасоўвання па службе.
Акрамя таго, само грамадства патрабуе ад жанчын быць «добрымі дзяўчынкамі»: ладзіць з усімі, быць сціплымі і добразычлівымі, лёгка знаходзіць кампрамісы (адмаўляючыся ад часткі сваіх інтарэсаў і законных патрабаванняў) — увогуле, не ствараць праблем. Не адстойваць свой пункт гледжання і свае правы.
Дарэчы, многія жанчыны аддаюць перавагу дзяржаўным арганізацыям не таму, што там хочацца працаваць, а таму, што тыя прапануюць сацыяльныя гарантыі: захаванне працоўнага месца ў перыяд цяжарнасці і нараджэння дзяцей, адпачынак па доглядзе дзіцяці, узяцце бальнічных, абмежаванні на камандзіроўкі і працу ў выходныя дні. Не тое што беларускія жанчыны не любяць ездзіць у камандзіроўкі — ім часта няма на каго пакінуць сем'і.
У такой сістэме мужчына з сямейнымі абавязкамі — у адрозненне ад жанчыны з сямейнымі абавязкамі — часта ацэньваецца як «ідэальны работнік»: ён сур’ёзны, яму ёсць дзеля каго працаваць, ён зацікаўлены ў працы і кар’еры — і заўсёды паедзе ў камандзіроўку.
Трэцяя і, бадай, галоўная прычына — гэта гендарныя стэрэатыпы наконт сацыяльных роляў жанчын і мужчын. Калі ўсе вакол: сябры, калегі, начальнікі, працадаўцы, а да таго бацькі і іншыя сваякі — дзеляць абавязкі на «мужчынскія» і «жаночыя», кажуць пра тое, што трэба рабіць, а чаго не рабіць, каб стаць «сапраўдным мужчынам» або «сапраўднай жанчынай», то ролевыя мадэлі засвойваюцца моцна. Асабліва калі яны дапаўняліся школьнымі падручнікамі, у якіх «мама мыла раму», а тата «зарабляе грошы», хлопчыкі разводзяць вогнішчы, а дзяўчынкі мыюць посуд, у праграме па літаратуры ў асноўным паэты і пісьменнікі, але няма паэтак і пісьменніц, а на ўроках гісторыі даведаешся, што гісторыя — гэта рэвалюцыі, войны і дзяржперавароты, якія ажыццяўляюць мужчыны.
І, вядома, на нас уплываюць масавая культура і медыя, у якіх сёння заклікаюць «абараняць традыцыйныя каштоўнасці». Пад імі звычайна маюць на ўвазе кансерватыўную мадэль рэпрадуктыўных і сэксуальных паводзінаў. А калі прасцей — тое, што асноўныя задачы жанчын — гэта нараджэнне і выхаванне максімальнай колькасці дзяцей, бясплатная праца па доме, поўная падтрымка дзейнай улады і прыманых ёю рашэнняў, а таксама праца яшчэ і па-за домам. Яна будзе цяжкая, тэхнічная, манатонная, непрэстыжная і малааплатная, але «жыць жа трэба».
Што тады трэба жанчыне, каб пабудаваць кар’еру ў беларускай арганізацыі?

Пакінем за дужкамі варыянты, калі гэтая жанчына мае прывілеі: выступае ў якасці пратэжэ ўплывовай персоны, з’яўляецца дачкой, сястрой, жонкай вядомых і паважаных у сферы людзей. Таксама не будзем разглядаць сённяшнюю сітуацыю, калі лаяльнасць практычна замяніла сабой прафесіяналізм, значэнне досведу і кампетэнцый мінімізаванае, а прыстойнасць, справядлівасць, шчырасць застаюцца хутчэй перашкодай для паспяховай кар’еры.
Як кажа мой довед, перш за ўсё беларусцы трэба вельмі шмат працаваць, нашмат больш, чым мужчынам вакол яе. Трэба быць на галаву вышэйшай за сваіх калегаў: кандыдатура жанчыны на павышэнне будзе разглядацца толькі тады, калі кандыдатур мужчын не будзе ў прынцыпе альбо яны будуць на парадак ёй саступаць.
Яшчэ жанчыне трэба быць заўважнай. Гэта значыць раней прыходзіць на працу і пазней сыходзіць, актыўна ўдзельнічаць у працоўных сустрэчах і перамовах, выступаць з прапановамі і прасоўваць свае праекты: напрыклад, мяне ведаюць як арганізатарку форуму «PR-кветка» і PR-кансультантку, хоць у той жа час ёсць загадчыкі кафедраў — мужчыны, якія нічога звыш сваіх асноўных задач не робяць.
Адначасова жанчына не павінная быць «занадта» актыўнай, то-бок не выбівацца са сваёй гендарнай ролі: не быць больш заўважнай і гучнай, чым калегі-мужчыны, дакладна разумець і прымаць іерархію ў арганізацыі, мець трывалыя кантакты з фармальнымі і нефармальнымі арганізацыйнымі лідарамі і яшчэ многае іншае.
І толькі тады, магчыма — але неабавязкова, — яна дасягне пэўных поспехаў. Толькі, вядома, не найвышэйшых пасадаў — бо «Канстытуцыя ў нас не пад жанчыну». Тут можна сказаць: у мяне ж атрымалася зрабіць кар’еру ва ўніверсітэце, хіба гэта «невыканальныя» правілы? Але, па-першае, чаму я мушу працаваць нашмат больш толькі таму, што я жанчына? А па-другое, ёсць такая з’ява як «памылка ацалелай» — на адну мяне знойдзецца яшчэ не адзін дзясятак жанчын, у якіх гэта не атрымалася.
Мая парада: калі вы шукаеце працу і ў арганізацыі на шараговых пасадах пераважна жанчыны, хоць у кіраўніцтве мужчыны, бяжыце адтуль (вядома, калі сфера дзейнасці не спецыфічная: як, дапусцім, у салоне прыгажосці). Хутчэй за ўсё, там вас чакае складаная, нецікавая, непрэстыжная і малааплатная праца. Але калі вы мужчына, то, магчыма, ужо праз пару месяцаў пойдзеце на павышэнне.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.