Са спісу «экстрэмісцкіх» матэрыялаў выключылі два зборнікі твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, піша тэлеграм-канал «Вясна Брэст».

Паўгода на сайце Мінінфарма значылася, што гэта «экстрэмісцкія матэрыялы» ў адпаведнасці з рашэннем Жыткавіцкага суда ад 8 лістапада 2023. Аднак у абноўленай версіі «спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў» замест кніг напісана «адменена», і ўдакладняецца: папярэдняе рашэнне адмяніў прэзідыум Гомельскага абласнога суда 11 сакавіка 2024 года.
Гаворка ідзе пра два тамы, выпушчаныя дзяржвыдавецтвам «Мастацкая літаратура» ў 2007 і 2008 гадах:
- збор твораў. У 2 т. Т. 1. Драматычныя творы, вершаваныя аповесцi i апавяданнi / Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч; уклад. з тэкст. падрыхт., прадм., перакл. і камент. Я.Янушкевiча. — Мiнск: Маст. лiт., 2007. — 494 с.: [16] л. iл. (абгрунтаванне — «у выданні выяўленая падобная прадмова Язэпа Янушкевіча»);
- збор твораў. У 2 т. Т. 2. Вершаваныя аповесцi i апавяданнi, вершы, публiцыстыка, лiсты i пасланнi, пераклады, Dubia / Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч; уклад. з тэкст. падрыхт., пер/ Я.Янушкевiча. — Мiнск: Маст. лiт., 2008. — 598 с.: [16] л. iл. (праз тое, што ў выданні «выяўленыя падобныя тэксты твораў „Плывуць вятры“ і „Гутарка старога дзеда“, якія прыпісваюцца В. Дуніну-Марцінкевічу і ўключаныя ў заключную частку пад назвай „DUBIA“»).

Нагадаем, прадмова Язэпа Янушкевіча да кнігі Дуніна-Марцінкевіча з серыі «Беларускі кнігазбор», а таксама вершы класіка «Плывуць вятры» і «Гутарка старога дзеда» ад 1861 года былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі» ў жніўні 2023 года. У «экстрэмісцкі» спіс трапілі яшчэ чатыры кнігі «Беларускага кнігазбору» — творы Уладзіміра Някляева, Ларысы Геніюш, Наталлі Арсенневай і Лідзіі Арабей.
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч — пісьменнік і драматург, класік беларускай літаратуры. Яго падазравалі ва ўдзеле ў паўстанні 1863−1864 гадоў і напісанні рэвалюцыйных пракламацый. Нейкі час быў зняволены ў мінскай турме. Аўтар оперных лібрэта «Рэкруцкі набор», «Спаборніцтва музыкаў», «Ідылія», паэм «Гапон», «Купала», вершаваных аповесцяў «Вечарніцы», «Шчароўскія дажынкі», камедый «Пінская шляхта», «Залёты» і іншых твораў.
Чытайце таксама