«Хто стаяў, хто сядзеў, хто ляжаў на траве». Беларусы з білетамі з Вільнюса не маглі з'ехаць дадому: аўтобусы захраслі на мяжы
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Чытачы расказваюць пра вельмі няпростую сітуацыю, у якой аказаліся тыя, хто ў мінулыя выходныя спрабаваў вярнуцца з Літвы ў Беларусь. Нават з загадзя набытымі білетамі на аўтобусы не было ніякіх шанцаў прыехаць паводле запланаванага раскладу. Аўтобусы з’язджалі са сталіцы Літвы з вялікім спазненнем, бо, як кажуць, з такім жа вялікім спазненнем прыязджалі ў Вільнюс. І ўсё праз чэргі на мяжы.

Вильнюс — Мінск. Білеты на 18.15

Таццяна вярталася дадому ў суботу, 8 чэрвеня, прыляцеўшы з сям’ёй у аэрапорт Вільнюса. У іх былі білеты на аўтобус Intercars з адпраўленнем з Вільнюса ў 18.15. Баяліся спазніцца, узялі таксі ад аэрапорта.

— Прыязджаем да месца адпраўлення аўтобуса, яго перанеслі далей ад аэрапорта праз рамонт на плошчы. І бачым такую карціну: шмат людзей, хто стаяў, хто сядзеў, хто ляжаў на траве. Аўтобусаў няма, усе чакаюць. Дачка налічыла больш за 80 чалавек. Пагаварылі з людзьмі, аказалася, што тыя аўтобусы, якія гэтым вечарам мусілі з’язджаць з Вільнюса, яшчэ стаяць на мяжы ў кірунку Літвы. Нам сказалі, што, да прыкладу, аўтобус, які мусіў з Вільнюса выехаць, а 16-й гадзіне, яшчэ нават не праехаў за шлагбаўм на беларускай мяжы. Уявіце, у колькі ён даехаў да Вільнюса, — расказала чытачка.

Самае няпростае ў такой сітуацыі — няпэўнасць. Што рабіць, колькі чакаць, ці будзе падменны аўтобус ці трэба планаваць начлег?

— Ад Intercars — ніякай інфармацыі. А я ў роўмінгу — асабліва нікуды не патэлефануеш. У выніку я пісала маме ў Мінск, мама датэлефаноўвалася ў Intercars і спрабавала дабіцца нейкай інфармацыі. Так нам паведамілі, што аўтобус спазняецца праз сітуацыю на мяжы, і спазняецца моцна. І што рабіць? Мы з дзіцем, якое хоча то есці, то піць, то ў прыбіральню, вечарэе, халадае, — працягвае Таццяна.

Вільнюс — Мінск. Білеты на 20.00

Ацаніўшы сітуацыю, сям’я вырашыла паспрабаваць з’ехаць на іншым аўтобусе іншай кампаніі.

— Праз інтэрнэт мы купілі білеты на найбліжэйшы аўтобус — гэта быў Ecolines, адпраўленне з Вільнюса, а 20-й, — кажа Таццяна.

Вось так спакойна купіць тры білеты на аўтобус да Мінска за пару гадзін да адпраўлення з Вільнюса — дасведчаныя людзі адразу адчулі падвох. Вядома ж, аўтобус таксама затрымліваўся надоўга. Прычына тая ж — чэргі на мяжы.

— Здавалася б, літоўскі перавозчык, і маглі б падаць іншы аўтобус, але не. Усё тое самае. Але трэба адзначыць, што Ecolines хаця б трымаў сваіх пасажыраў у курсе таго, што адбываецца. Мы атрымалі спачатку СМС пра тое, што аўтобус затрымліваецца, а потым яшчэ адно паведамленне пра арыентаваны час адпраўлення — 00.15, — адзначыла жанчына.

Праседзець да глыбокай ночы ў Вільнюсе, з дзіцем і рэчамі, без гарантыі, што адпраўлення не будзе зноў, — не найлепшая перспектыва.

Вільнюс — Гомель. 21.00

— Людзі ўсе ў разгубленасці: што рабіць? Хутка ноч, а ўсе проста на траве… Аэрапорт далёка, ды і калі ісці ў гатэль, то на колькі? — працягвае Таццяна.

Спрабуючы выблытацца з сітуацыі, сям’я паехала на аўтавакзал шукаць шчасця. Там яны ўбачылі аўтобус «Вільнюс — Гомель» з адпраўленнем у 21.00. Месцы былі, хоць білеты аказаліся даражэйшымі, чым на прамыя рэйсы да Мінска. Але ў той момант гэта не мела значэння.

— Проста шчасце, што мы змаглі з’ехаць на тым аўтобусе, бо вакол быў нейкі хаос. Разгубленыя людзі, хтосьці таксама з дзецьмі, хтосьці спазняецца ў Мінск на самалёт, — кажа суразмоўніца. — З намі ў гэтым аўтобусе сядзеў пасажыр, які спазняўся ў аэрапорт, і ў яго гэта быў ужо чацвёрты білет на аўтобус тым вечарам. Спадзяюся, ён паспеў на свой вылет.

Мінск. Бліжэй да 03.00

У Мінску Таццяна з роднымі была бліжэй да 3 гадзін ночы. І гэта някепскі варыянт з улікам абставінаў.

— Што цікава: мяжу мы прайшлі вельмі хутка, на выезд ніякай чаргі, можна сказаць, і не было. Дзякуй кіроўцам, нашым памежнікам і супрацоўнікам мытні. А вось у кірунку Вільнюса мы бачылі тую самую чаргу, яна была вялікая, — працягвае чытачка. — У перавозчыкаў, атрымліваецца, замкнёнае кола: аўтобусы стаяць па 10 гадзін на мяжы, час прыбыцця ў Вільнюс затрымліваецца, адпаведна, час адпраўлення назад — таксама. А замены аўтобусаў перавозчыкі не робяць.

Таццяна скіравала ліст у Intercars з просьбай вярнуць грошы за білеты. Адказу яна пакуль не атрымала.

На момант публікацыі звязацца з кампаніяй не выйшла — тэлефоны занятыя.

Інфармацыя Дзяржпамежкамітэта

Дзяржпамежкамітэт раніцай 10 чэрвеня паведаміў, што напружаная сітуацыя на мяжы захоўваецца. У першую чаргу гэта датычыць грузавога транспарту, але не ў меншай ступені — легкавых аўто і аўтобусаў.

— Істотная канцэнтрацыя легкавога транспарту фіксуецца перад польскім пунктам пропуску «Тэрэспаль» («Брэст») — 250 аўто. Перад літоўскімі памежнымі пераходамі «Мядзінінкай» («Каменны Лог») і"Шальчынінкай" («Беняконі») уезду чакаюць 130 і 70 легкавікоў адпаведна. Станам на 10.00 перад польскім «Тэрэспалем» («Брэст») фіксуецца 50 аўтобусаў, — адзначылі ў ДПК.

Інфаграфіка: ДПК