Замест суседкі памылкова забіў яе сястру. Сталі вядомыя падрабязнасці трагедыі ў Серабранцы, вінаватага ў якой застрэліў АМАП
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У пачатку тыдня сілавікі ў Мінску падчас затрымання застрэлілі 32-гадовага Аляксандра Ліпскага, які з 2021 года быў у вышуку праз падазрэнне ў забойстве. Цяпер высветліліся падрабязнасці злачынства трохгадовай даўніны. Як расказалі ў Следчым камітэце, мужчына збіраўся забіць сваіх суседзяў, але памылкова атакаваў іх сваякоў. Падрабязнасці ведамства паведаміла выданню «СБ. Беларусь сегодня».

Александр Липский, 2014 год
Аляксандр Ліпскі, 2014 год

Трагедыя здарылася 8 лістапада 2021 года. Узброены пісталетам Ліпскі ўварваўся ў кватэру на праспекце Ракасоўскага і некалькі разоў стрэліў у 33-гадовую жанчыну. Тая памерла на месцы. Яе муж уратаваўся, выскачыўшы з акна пятага паверха.

Як высветлілася падчас расследавання, Ліпскі хацеў адпомсціць сваім суседзям, праз якіх супраць яго распачалі крымінальную справу. Але здзейсніў фатальную памылку.

Праблемныя суседзі

Суседзі з дома расказалі следству, што Ліпскія былі «звадлівымі» людзьмі, увесь час правакавалі канфлікты. Ліпскі пастаянна хадзіў з уключанай камерай мабільнага тэлефона, каб потым выкарыстоўваць відэазапісы супраць людзей, з якімі вёў спрэчкі праз бытавыя канфлікты

Таксама Аляксандр часта пісаў скаргі ў ЖЭС, РУУС, тэлефанаваў у ДАІ і абураўся дрэннымі паркоўкамі каля дома. Пры гэтым паводзіўся дзіўна. Напрыклад, ён змагаўся за тое, каб двор іх дома закрылі ад чужых машын. А калі сабраў патрэбную колькасць подпісаў суседзяў, «рэзка стаў у апазіцыю да ўласнай ідэі» і, зноў жа, пачаў здымаць на тэлефон усіх, хто быў незадаволены, расказала следчая Крысціна Лагуціна.

Дарэчы, Ліпскія вялі спрэчкі не толькі ў сваім двары — у вёсцы Вязынка, дзе ў іх быў дом (тамсама Аляксандр быў прапісаны), яны доўга судзіліся з кааператывам па газіфікацыі, які, на іх думку, незаконна прысвоіў унёскі.

Прычыны канфлікту

Паводле следчай, самыя кепскія адносіны былі з сям’ёй Пятровых — Вольгай і яе мужам Аляксеем (імёны змененыя). Ліпскія абвінавачвалі іх у бытавых праблемах — напрыклад, у тым, што тыя нібыта ўвесь час іх затапліваюць. Але калі на месца прыязджалі камунальнікі, інфармацыя не пацвярджалася. Акрамя таго, Ліпскія чамусьці лічылі, што Пятровы звязаныя з нейкай украінскай мафіяй — гэта, паводле следчай, яны таксама прыдумалі.

Аднойчы падчас канфлікту Аляксандр моцна штурхнуў Пятрова, той атрымаў траўмы і напісаў заяву ў міліцыю — на Ліпскага завялі крымінальную справу пра нанясенні менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Следчая расказала, што пасля таго канфлікту маці Ліпскага валілася на асфальт і білася галавой, каб пазней абвінаваціць Пятрова ў збіцці, аднак камеры назірання ў двары знялі, як усё было насамрэч.

Калі справа дайшла да суда, Ліпскі ўцёк і быў абвешчаны ў вышук.

Александр Липский, 2014 год
Аляксандр Ліпскі з маці Раісай, 2014 год

Фатальны абмен

На думку следства, менавіта крымінальная справа падштурхнула Ліпскага да забойства ў 2021 годзе: відаць, ён хацеў адпомсціць суседзям, якія прынеслі яму непрыемнасці. Аднак у выніку напаў не на тых.

Пасля канфлікту сям’я Пятровых з’ехала з кватэры на Ракасоўскага. Замест іх туды засялілася сястра Вольгі Валянціна з мужам. Паколькі Ліпскі хаваўся, ён, відаць, не ведаў пра гэты «сямейны абмен».

Калі Аляксандр пазваніў у дзверы, яму адкрыла Валянціна, якая нічога не падазравала, і пусціла незнаёмага. Ён адразу ж навёў на яе пісталет, загадаў стаць на калені і стрэліў некалькі разоў у галаву і тулава.

Ад гучных гукаў прачнуўся муж мінчанкі і выйшаў паглядзець, у чым рэч. Ліпскі тут жа паспрабаваў стрэліць і ў яго, але зброя дала асечку. Муж забітай выскачыў з акна і павіс на парэнчах пятага паверха. Яго крыкі пра дапамогу пачулі мінакі і выклікалі міліцыю. Мужчына зваліўся і атрымаў шматлікія траўмы, але выжыў.

Цяпер следства высвятляе, ці супадае зброя, з якой Ліпскі страляў тры гады таму, з той, якой ён адстрэльваўся падчас нядаўняга затрымання. Яго падрабязнасці 16 жніўня пракаментаваў кіраўнік МУС Іван Кубракоў.

0:00/ 0:00
В ЭФИРЕКачество480p  СкоростьОбычная  

Што яшчэ вядома пра сям’ю

Як высветліла «Наша Ніва» з дапамогай BELPOL, сям’я Ліпскіх была са Светлагорска, але ў 2009 годзе пераехала ў Мінск. Бацькі Аляксандра былі рабочымі, бацька працаваў вахтамі ў Расіі — свідравіком на нафтавых станцыях.

Паводле інфармацыі Следчага камітэта, Ліпскі скончыў юрфак, працаваў нейкі час у юрыдычнай канторы на поўначы Расіі. «НН» жа сцвярджае, што ён вучыўся ў БНТУ, працаваў на некалькіх прадпрыемствах, у тым ліку ў «Беларуснафце», меў ІП па аказанні транспартных паслуг.

Яшчэ да забойства, паводле звестак «НН», у Ліпскага была судзімасць. Як сцвярджае выданне, у 2018 годзе ён збіў аднаго мужчыну, а іншаму распыліў у твар газ з балончыка. Па гэтай справе яго трымалі ў СІЗА, а ў канцы 2019 года прызначылі 4 гады абмежавання волі і 3825 рублёў штрафу.

СК апісвае асобу Аляксандра: ён быў вельмі дзіклівым, канфліктным чалавекам, адзіным яго сябрам была маці-пенсіянерка Раіса. Як піша «Наша Ніва», ён жыў вельмі замкнёным жыццём, не меў сацсетак, на яго імя не зарэгістравана мабільных нумароў, у інтэрнэце амаль не было ягоных фатаграфій.

Раіса Ліпская знікла разам з сынам, калі той уцёк пасля забойства ў 2021 годзе. Яе ўдзел у злачынстве не даказаны, але з таго часу жанчыны ніхто не бачыў — яна была абвешчаная ў вышук як без вестак зніклая.