Дональд Трамп, магчыма, хутка будзе арыштаваны — яму вырашылі афіцыйна выставіць крымінальнае абвінавачанне
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Дональд Трамп стаў першым у гісторыі экс-прэзідэнтам ЗША, супраць якога суд афіцыйна распачне крымінальную справу. За гэта ў чацвер прагаласавала Вялікае журы прысяжных Манхэтэна, піша Руская служба Бі-бі-сі.

Дональд Трамп. Фото: Reuters
Дональд Трамп. Фота: Reuters

Першымі пра гэта паведамілі амерыканскія газеты, і толькі праз тры гадзіны навіну пацвердзіў офіс акруговага пракурора Манхэтэна Элвіна Брэга, які ў студзені склікаў Вялікае журы для вырашэння пытання наконт прыцягнення Трампа да суда.

«Сёння ўвечары мы звязаліся з адвакатам містара Трампа, каб узгадніць яго здачу офісу акруговага пракурора Манхэтэна з тым, каб у далейшым паўстаць перад <…> судом», — абвясціў офіс пракурора. Падрабязны змест абвінавачання пакуль не раскрываецца.

Гэта адно з некалькіх расследаванняў супраць Трампа датычыць выплаты грошай за маўчанне парназорцы Стормі Дэніэлс (сапраўднае імя — Стэфані Кліфардс).

Згодна з матэрыяламі справы, перад выбарамі 2016 года Трамп праз адваката выплаціў Стормі Дэніэлс 130 тысяч даляраў, каб яна маўчала пра сэкс з ім дзесяццю гадамі раней.

Сама па сабе гэтая выплата незаконнай не была, але Трамп і яго адвакат аформілі яе як плату першага другому за юрыдычныя паслугі, а гэта ў штаце Нью-Ёрк лічыцца фальсіфікацыяй справаздачнасці і караецца ў крымінальным парадку. Адвакат Майкл Коэн у 2018 годзе атрымаў за гэта тры гады турмы, але Трампу, які займаў тады пасаду прэзідэнта, афіцыйных абвінавачванняў не выстаўлялі.

Зрэшты, у чым менавіта пракурор Брэг збіраецца абвінаваціць Трампа цяпер, пакуль невядома.

Пра стасункі з Трампам Стормі Дэніэлс расказала ў інтэрв'ю ў 2011 годзе.

Трамп катэгарычна адмаўляе, што ў яго быў сэкс са Стормі Дэніэлс.

Цяпер, пасля рашэння прысяжных, чакаецца, што акруговы пракурор Манхэтэна Элвін Брэг афіцыйна выставіць Трампу абвінавачанне.

Трампу, які жыве ў Флорыдзе, імаверна, загадаюць з’явіцца ў суд у Нью-Ёрку, дзе ён будзе афіцыйна арыштаваны. У яго возьмуць адбіткі пальцаў і сфатаграфуюць, як усіх падазраваных па крымінальных справах, анфас і ў профіль, і затым адбудзецца першае слуханне па справе.

Амерыканская вяшчальная кампанія CBS паведамляе са спасылкай на юрыстаў Трампа, што ён, хутчэй за ўсё, здасца пракурорам на наступным тыдні. Адвакат Трампа Сьюзан Нечэлес удакладніла з перапісцы з некалькімі выданнямі, што экс-прэзідэнт, хутчэй за ўсё, паўстане перад судом у аўторак, 4 красавіка.

Дональд Трамп. Фото: Reuters
Дональд Трамп. Фота: Reuters

У заяве з нагоды рашэння Вялікага журы Дональд Трамп абвінаваціў прадстаўніка Дэмакратычнай партыі пракурора Брэга, які склікаў гэтае журы, у тым, што ён «робіць брудную працу за Джо Байдэна».

«Дэмакраты, апантаныя ідэяй „дастаць Трампа“, хлусілі, махлявалі і кралі, але цяпер яны зрабілі неверагоднае — абвінавацілі цалкам невінаватага чалавека, беспардонна ўмешваючыся ў перадвыбарчую кампанію», — заявіў Трамп, які збіраецца ў 2024 годзе зноў балатавацца ў прэзідэнты.

Адначасова Трамп назваў акруговага пракурора Брэга стаўленікам Джорджа Сораса.

Акруговы пракурор (district attorney) у ЗША — гэта адначасова і пасада ў сістэме правасуддзя, і выбарны палітычны пост, і Элвін Брэг прадстаўляе Дэмакратычную партыю.

Палітычны праціўнік Трампа, чалец Палаты прадстаўнікоў ад Дэмакратычнай партыі Адам Шыф падтрымаў рашэнне Вялікага журы.

«Афіцыйнае абвінавачанне былога прэзідэнта — гэта беспрэцэдэнтна. Але такія ж беспрэцэдэнтныя супрацьзаконныя паводзіны Трампа. Нацыя, якая кіруецца законам, абавязаная строга пытаць з багатых і ўплывовых, нават калі яны займаюць высокія пасады. Асабліва калі займаюць», — напісаў у Twitter Шыф, які ініцыяваў парламенцкія расследаванні супраць Трампа.

Спікер Палаты прадстаўнікоў, рэспубліканец Кевін Макарці ўслед за аднапартыйцам Трампам абрынуўся на пракурора-дэмакрата Брэга і паабяцаў пачаць у дачыненні да яго парламенцкае расследаванне.

«І вось зноў — абуральнае злоўжыванне ўладай з боку радыкальна настроенага акруговага пракурора, які адпускае на волю небяспечных злачынцаў, але помсціць палітычнаму суперніку, прэзідэнту Трампу, — напісаў Макарці ў Twitter. — Я аддаю распараджэнне, каб адпаведныя камітэты неадкладна пачалі расследаванне, ці не выкарыстоўваюцца грошы федэральнага бюджэту на ўмяшанне ў ход выбараў шляхам пераследу па палітычных матывах».

Справа Стормі Дэніэлс, як і іншыя абвінавачанні ў адрас Трампа, на думку многіх каментатараў, сапраўды можа паўплываць на яго планы зноў балатавацца ў прэзідэнты.

Паводле вынікаў апытання, праведзенага на мінулым тыдні на замову агенцтва Reuters, нават сярод чальцоў Рэспубліканскай партыі каля 44% лічаць, што Трамп мусіць адмовіцца ад удзелу ў выбарах, калі яму будуць выстаўленыя афіцыйныя абвінавачанні.

Трамп — праблема для губернатара Флорыды

Губернатар штата Флорыда, рэспубліканец Рон Дэсантыс, які, як чакаецца, будзе галоўным супернікам Трампа ў барацьбе за тытул кандыдата Рэспубліканскай партыі на выбарах прэзідэнта, асудзіў рашэнне нью-ёркскіх прысяжных і заявіў, што штат Фларыда «не будзе садзейнічаць у выдачы» Трампа.

«Ператварэнне юрыдычнай сістэмы ў сродак прасоўвання палітычнай павесткі пераварочвае прынцып верхавенства закона з ног на галаву. Гэта не па-амерыканску»,-напісаў Дэсантыс у Twitter, услед за Трампам і іншымі аднапартыйцамі абвінаваціўшы пракурора Брэга ў пераследзе экс-прэзідэнта па палітычных матывах.

Як адзначае карэспандэнт Бі-бі-сі Кайла Эпстайн, Дэсантыс як губернатар штата, дзе жыве Трамп, аказаўся ў далікатным становішчы.

Калі ён пойдзе на супрацоўніцтва з нью-ёркскім пракурорам (а таму давядзецца прымусова дастаўляць Трампа ў суд), гэта можа адштурхнуць частку рэспубліканцаў і тых, хто ім спачувае, чые галасы спатрэбяцца яму на выбарах прэзідэнта. Калі ж ён будзе замінаць пракуратуры, гэта можа прынесці губернатару пэўныя праблемы.

Праўда, як лічыць газета New York Times, у губернатара Дэсантыса амаль няма законных спосабаў перашкодзіць пракурору Брэгу.

Абвінавачанне Трампу — удар па самаадчуванні Амерыкі

Гэры О’Донах’ю, карэспандэнт Бі-бі-сі ў Вашынгтоне:

«У тым, што былы кіраўнік дзяржавы абвінавачаны ў злачынстве і, можа быць, нават адправіцца ў турму, нічога новага няма. Такое здаралася ў свеце не раз.

Але Амерыка лічыць сябе асаблівай краінай, а Вашынгтон — „горадам на ўзгорку“, маяком маралі і дэмакратыі, які свеціць усяму свету.

Таму ўступленне ў гэты клуб — гэта праблема не толькі для Дональда Трампа. Гэта новы ўдар па веры Амерыкі ў сябе.

6 студзеня 2021 года мы ўжо бачылі, як натоўп штурмуе само сэрца амерыканскай дэмакратыі, Капітолій, і бесперашкодна бясчынствуе там некалькі гадзін.

Гэтая краіна расколатая. Рост напорыстасці Кітая і расійская агрэсія супраць Украіны нагадваюць пра тое, што статусу ЗША ў свеце пагражаюць геапалітычныя выклікі на многіх франтах.

Гісторыкі называюць XX стагоддзе „стагоддзем Амерыкі“. Ці назавуць яны гэтак жа стагоддзе цяперашняе?»