У сацсетках з’явіліся засакрэчаныя дакументы, якія дэталізуюць планы ЗША і NATO па развіцці Узброеных сіл Украіны перад запланаваным контрнаступленнем. Уцечку інфармацыі расследуе Пентагон, паведамляе The New York Times.

Паводле аналітыкаў, некаторыя раздзелы ў гэтых дакументах, імаверна, былі змененыя — у іх завышаныя амерыканскія ацэнкі загінулых украінскіх вайскоўцаў і заніжаныя ацэнкі загінулых расіян. На думку экспертаў, гэтыя змены могуць сведчыць пра спробы дэзінфармацыі з боку Масквы.
Паводле звестак NYT, дакументы не ўтрымліваюць канкрэтных планаў баявых дзеянняў — як, калі і дзе Украіна збіраецца пачаць наступ. Аднак у дакументах, напрыклад, гаворыцца пра патрэбы ўкраінскай арміі па стане на 1 сакавіка. Таксама ў іх ёсць інфармацыя пра ўкраінскія вайсковыя падраздзяленні, тэхніку і вучэнні з раскладам.
Выданне таксама піша, што дакументы ўтрымліваюць кароткую інфармацыю пра 12 баявых брыгадаў, прычым дзевяць з іх, відаць, праходзяць падрыхтоўку і атрымліваюць узбраенне з ЗША і іншых краін NATO. Паводле дакументаў, шэсць з гэтых брыгадаў мусяць быць гатовыя да 31 сакавіка, а астатнія — да 30 красавіка.