«Яны вярталіся ад сына». Сілавікі затрымалі наваполацкага стаматолага і ягоную жонку, якія вярнуліся ў Беларусь з Літвы
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Стаматолаг-тэрапеўт Наваполацкай гарадской паліклінікі № 4 Аляксандр Грудніцкі і яго жонка былі затрыманыя 21 жніўня пры перасячэнні літоўска-беларускай мяжы. Пра гэта паведаміла BPN крыніца, якая захацела застацца неназванай.

Фото использовано в качестве иллюстрации. Фото: Reuters
Фота выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: Reuters

— Яны вярталіся ад сына з Літвы, іх затрымалі на беларускай мяжы. 22 жніўня Грудніцкі мусіў выйсці на прыём пацыентаў, але гэтага не адбылося, — сказаў суразмоўца.

Прычына затрымання, статус і месцазнаходжанне доктара і ягонай жонкі невядомыя.

У ліпеньскай справаздачы праваабарончага цэнтра «Вясна» пра факты адміністрацыйнага пераследу гаварылася пра рост выпадкаў затрымання грамадзян на мяжы.

Паводле звестак праваабаронцаў, у чэрвені судовыя рашэнні былі прынятыя ў дачыненні да 36 затрыманых на мяжы Беларусі. Характэрна, што 13 грамадзян былі затрыманыя на мяжы з Расіяй.

«Тыя, хто перасякае мяжу, сутыкаюцца з поўным надглядам рэчаў, допытамі супрацоўнікамі КДБ, праверкай тэлефонаў, — гаварылася ў дакуменце. — Іх просяць паказаць від на жыхарства, <…> пасля чаго фатаграфуюць і скануюць дакументы. Калі ў тэлефоне знойдуць „экстрэмісцкія“ рэпосты або падпіскі, фота ці відэа з пратэстаў, бел-чырвона-белую сімволіку, то чалавека здымаюць з аўтобуса, надзяваюць кайданкі і адвозяць у найбліжэйшы ІЧУ да суда».

Усяго, паводле звестак «Вясны», у чэрвені суды прызначылі не менш за 184 арышты і 151 штраф па палітычна матываваных адміністрацыйных справах.

Чытайце таксама