Сёння, 25 сакавіка, мы адзначаем 105 гадоў з дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), якая стала першай у гісторыі спробай дабіцца незалежнасці нашай краіны. БНР так і не ператварылася ў паўнавартасную дзяржаву з цэлага шэрагу прычын — хоць, імаверна, яе лёс мог скласціся зусім інакш. Расказваем вам пра пяць паваротных, на нашую думку, момантаў у яе гісторыі, якія кардынальна паўплывалі як на лёс самой рэспублікі, так і на існаванне сучаснай Беларусі.
Прыезд двух братоў — і абвяшчэнне незалежнасці
Іван і Антон Луцкевічы былі братамі. Яны выраслі ў сям'і адстаўнога капітана расійскай арміі, выхоўваліся ў польскім духу, але падчас навучання ў мінскай гімназіі ўсвядомілі сябе беларусамі. У пачатку ХХ стагоддзя браты арганізавалі гурток, а неўзабаве і палітычную партыю (1903). Яе мэтай было ўсталяванне дэмакратыі для народаў Расійскай імперыі, раўнапраўе ўсіх нацый, а таксама магчымасць атрымання адукацыі на беларускай мове.
Але Луцкевічы не збіраліся спыняцца на такіх патрабаваннях. Падчас Першай сусветнай вайны, якая пачалася ў 1914-м, на парадак дня выйшла пытанне, якой пасля яе мусіць быць Беларусь. Нейкі час браты выступалі за канфедэрацыю ВКЛ — яны марылі аднавіць старажытную беларуска-літоўскую дзяржаву ў новым выглядзе. Але ў 1918 годзе рэзка змянілі сваю пазіцыю і сталі прыхільнікамі поўнай незалежнасці Беларусі. Заставалася пераканаць у гэтым астатніх.
У канцы папярэдняга, 1917-га, года ў Мінску прайшоў Першы Усебеларускі з’езд. Дэлегатаў на яго перад гэтым выбіралі па ўсёй краіне і сярод нацыянальных беларускіх арганізацый. Частка выступала за аўтаномію і нават за незалежнасць Беларусі, іншыя адстойвалі сувязь з Расіяй. Удзельнікі з’езду паспелі прыняць кампраміснае рашэнне: прызнаць за беларусамі права на самавызначэнне і ўсталяванне дэмакратычных формаў кіравання, пасля чаго бальшавікі разагналі сход. Неўзабаве дэлегаты сустрэліся нелегальна і выбралі Раду Усебеларускага з’езда (105 чалавек). З яе складу быў абраны выканкам Рады (10 чалавек).

У лютым 1918-га Рада выйшла з падполля (пра абставіны мы раскажам ніжэй) і 21 лютага ў Першай Устаўной грамаце абвясціла сябе найвышэйшай часовай уладай у Беларусі (да склікання Усебеларускага Устаноўчага сходу, які мусіў вырашыць лёс краіны) і сфармавала ўрад — Народны сакратарыят. Гэта былі важныя, але недастатковыя крокі — яшчэ за пяць дзён да гэтага, 16 лютага, літоўцы абвясцілі пра сваю незалежнасць. Беларусы ўсё не адважваліся зрабіць тое самае.
23 сакавіка Івана і Антона Луцкевічаў уключылі ў Раду БНР (так пасля перайменавання называлася Рада Усебеларускага з’езда): яна базавалася ў Мінску, а браты жылі ў Вільні. У складзе дэлегацыі яны аператыўна прыехалі ў цяперашнюю сталіцу Беларусі і змаглі пераканаць калег у тым, што трэба абвясціць незалежнасць краіны. Ініцыятарам і аўтарам Трэцяй Устаўной граматы, у якой абвяшчалася незалежнасць БНР, быў менавіта Антон Луцкевіч.
Гэтая паездка ў Мінск вельмі дорага абышлася цяжкахвораму Івану — ён памёр ужо ў наступным, 1919-м, годзе ва ўзросце 38 гадоў. Антон працягнуў справу брата: нейкі час быў прэм’ер-міністрам БНР, займаўся культурнымі праектамі. Ён загінуў у сталінскіх лагерах у 1942-м. Але ўсё было не дарма: незалежнасць Беларусі ўжо была абвешчаная.
Нявыкарыстаны шанец Рамана Скірмунта
Улетку 1918 года сфармаваць урад Беларускай Народнай Рэспублікі даручылі Раману Скірмунту — адной з ключавых фігур у айчыннай гісторыі. Былы дэпутат Дзяржаўнай Думы і чалец Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі, ён быў адным з найбагацейшых жыхароў Беларусі. Скірмунт быў спадчыннікам маёнткаў Парэчча і Моладава на Піншчыне, віцэ-старшынёй Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і ўладальнікам найбуйнейшай беларускай суконнай фабрыкі, якая прадавала свае тканіны на шынялі афіцэрам царскай арміі праз уласную краму ў Маскве. Таксама ён валодаў вінакурнымі заводамі і акцыямі Віленскага зямельнага банка.
Гэта быў шанец для БНР. Нацыянальны рух у нашай краіне пачаў сур’ёзна развівацца толькі ў першым дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя (прыкметна пазней, чым у суседзяў). Таму большасці беларусаў быў характэрны нізкі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці. У краіне пакуль так і не сфармавалася нацыянальная дзелавая эліта, якая магла б быць зацікаўленая ў стварэнні сваёй дзяржавы і фінансавала б яе дзейнасць (у адрозненне ад элітаў краін Балтыі, якія адыгралі важную ролю ў абвяшчэнні іх незалежнасці). У найлепшым выпадку такія людзі (напрыклад, мецэнат, які прафінансаваў узвядзенне мінскага Чырвонага касцёла, Эдвард Вайніловіч) заставаліся мясцовымі, «краёвымі» патрыётамі, а ў дзяржаўным плане арыентаваліся на аднаўленне незалежнай Польшчы.
Сярод багатых беларусаў БНР падтрымлівалі фактычна толькі Скірмунт, князь Альбрэхт Радзівіл і Марыя Магдалена Завіша-Кежгайла (вядомая таксама як Марыя Магдалена Радзівіл). Але і яны падчас вайны страцілі значную частку сваёй маёмасці і капіталаў.

Тым не менш Скірмунт, нават маючы праблемы з фінансамі, мог прынесці вялікую карысць. Па-першае, БНР былі патрэбныя наогул любыя грошы: у гістарычны дзень 25 сакавіка 1918-га ў казне Народнага сакратарыята (урада) БНР было ўсяго 7 рублёў 50 капеек. Па-другое, Скірмунт карыстаўся аўтарытэтам сярод элітаў суседніх краін. Дзякуючы гэтаму БНР магла разлічваць на іх прызнанне.
Але, як адзначаў гісторык Аляксандр Пашкевіч, «беларускі рух арыентаваўся на ніжэйшыя слаі грамадства. Беларускія эсэры (сябры партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. — Заўв. рэд.) і іншыя палітычныя партыі прапаноўвалі забраць зямлю і падзяліць паміж сялянамі». Так, згодна з Другой Устаўной граматай БНР, прыватная ўласнасць на зямлю ў краіне ліквідавалася, уся зямля перадавалася тым, хто на ёй працуе. Пазней Скірмунт выступіў за захаванне прыватнай уласнасці і толькі за памяншэнне надзелаў памешчыкаў. Відавочна, што гэтае пытанне стала б адным з ключавых для незалежнай БНР, але да яго рэалізацыі на практыцы не дайшло. Праз разыходжанні ў поглядах з іншымі дзеячамі рэспублікі Скірмунта ўжо праз два тыдні пасля прызначэння адправілі ў адстаўку з пасады прэм’ер-міністра.
На думку Пашкевіча, калі б прапанаваныя дзеячамі левых поглядаў «радыкальныя праграмы былі рэалізаваныя, эліта страціла б усё, што мела. Таму ўсе людзі з грашыма бачылі ў беларускім руху не саюзніка, а ворага. У выніку нават магчымыя шанцы на поспех [БНР] аказаліся страчаныя».
Князь Альбрэхт Радзівіл памёр у 1935 годзе ў Варшаве практычна цалкам паралізаваны. Скірмунта ў 1939-м забілі пасля ўступлення ў Заходнюю Беларусь войскаў Чырвонай арміі. Магдалена Радзівіл памерла сваёй смерцю ў 1945-м у эміграцыі.
Нямецкая акупацыя, або Што не так з лістом кайзеру
Нагадаем, што абвяшчэнне незалежнасці БНР адбывалася ва ўмовах нямецкай акупацыі амаль усёй тэрыторыі Беларусі. Яна здарылася ў выніку няўдалай (для Расійскай імперыі) Першай сусветнай вайны. У 1915-м расійска-германскі фронт спыніўся на лініі Дзвінск (сучасны Даўгаўпілс) — Паставы — Баранавічы — Пінск і заставаўся ў такім выглядзе практычна нязменным тры гады.
Пасля звяржэння цара расійскі Часовы ўрад, які прыйшоў да ўлады, вырашыў працягнуць вайну (гэта стала адной з прычын яго краху). А вось бальшавікі зразумелі, што народ стаміўся ваяваць, таму імкнуліся выйсці з Першай сусветнай. Пачаліся перамовы, але ў нейкі момант яны былі сарваныя. Тады немцы перайшлі ў наступ і здолелі захапіць велізарныя тэрыторыі. У ноч на 19 лютага 1918 года бальшавікі эвакуяваліся з Мінска. Усе наступныя падзеі праходзілі ва ўмовах акупацыі.
Калі немцы 21 лютага занялі Мінск, то сутыкнуліся з Радай БНР і Народным сакратарыятам. Але яны прызналі апошні не ўрадам, а толькі прадстаўніцтвам беларускага насельніцтва, і менавіта такой устаноўкі прытрымліваліся далей.

25 красавіка — праз месяц пасля абвяшчэння незалежнасці — частка кіраўнікоў БНР падпісала тэлеграму нямецкаму імператару (іншая назва яго тытула — кайзер) Вільгельму II. У ёй яны падзякавалі яму «за вызваленьне Беларусі нямецкімі войскамі з цяжкага ўціску, чужога пануючага зьдзеку і анархіі» (цытуем паводле арыгіналу). «Рада Беларускае Народнае Рэспублікі дэкляравала незалежнасьць цэлае і непадзельнае Беларусі і просіць Вашую Імпэратарскую Вялікасьць аб абароне у яе кіраваньнях дзеля ўмацаваньня дзяржаўнае незалежнасьці і непадзельнасьці краю у сувязі з Германскай Імпэрыяй. Толькі пад абаронай Германскай Імпэрыі бачыць край сваю добрую долю у будучыні», — адзначалася ў дакуменце.
Стараннямі прапаганды (спачатку савецкай, а потым сучаснай беларускай) гэты дакумент ператварыўся ў нібыта бясспрэчнае сведчанне супрацоўніцтва БНР з захопнікамі. У рэальнасці немцы часоў Першай сусветнай ані не нагадвалі нацыстаў часоў Другой сусветнай з іх жахлівымі злачынствамі супраць беларусаў — яны былі звычайнымі акупантамі: не менш, але і не больш. Перад гэтым Германія прызнала незалежнасць Украіны і Літвы, чые тэрыторыі таксама былі ёю акупаваныя. Паколькі лідары БНР усімі сіламі спрабавалі стварыць незалежную беларускую дзяржаву, іх рашэнне было па-свойму апраўданым.
Але шанцаў на поспех у тых умовах не было. У нямецкіх вярхах амаль нічога не ведалі пра Беларусь, таму ніякага адказу на гэтую тэлеграму яе аўтары не атрымалі. Хутчэй, яны нанеслі шкоду самі сабе. Дакумент выклікаў востры палітычны крызіс. Прадстаўнікі партый, якія не падтрымлівалі супрацоўніцтва з Германіяй, выйшлі з Рады БНР. Раскалолася і Беларуская сацыялістычная грамада — найбуйнейшая нацыянальная партыя. Ды і ў цэлым прадстаўнікі Рады былі левымі сацыялістамі, а не кансерватарамі і хутчэй пагадзіліся б дамаўляцца з Уладзімірам Леніным і Масквой, чым з Берлінам — хоць бальшавікі былі такімі ж акупантамі, як і немцы.
Гэтая акалічнасць яшчэ больш яскрава паказвае, што ў тых умовах шанцаў на перамогу праекта БНР было няшмат. Берліну і заходнім дэмакратыям, на якія арыентаваліся «правыя», незалежная Беларусь была нецікавая. «Левыя» ж маглі знайсці саюзнікаў толькі сярод бальшавікоў. Але цаной такога супрацоўніцтва пазней стала сілавое ўключэнне нашай краіны ў склад камуністычнай імперыі.
Паездка ў Парыж і непрызнанне Захаду
Абараніць права свайго народа на незалежнасць можна было двума спосабамі. Адзін з іх — са зброяй у руках. На жаль, БНР так і не змагла стварыць сваё войска (хоць такія спробы неаднаразова рабіліся). Заставаўся другі спосаб — атрымаць прызнанне ад Захаду (зрэшты, тая ж Савецкая Расія выдатна існавала і без яго, але ў яе была Чырвоная армія).
Лёсы пасляваеннага свету вырашыліся на канферэнцыі ў Парыжы. Яна пачалася ў студзені 1919 года. Але выехаць у сталіцу Францыі аператыўна беларусы не змаглі: не было грошай.
16 лютага Антон Луцкевіч пісаў у дзённіку: «Прадстаўнікі майго ўраду <…> прыехалі ў Бэрлін з Украіны і прывезлі грошы, пазычаныя майму ўраду ўрадам Петлюры (тагачасны кіраўнік Украіны Сымон Пятлюра, мы рабілі пра яго асобны тэкст. — Заўв. рэд.). Дык ёсць магчымасць ехаць у Парыж на міравую канфэрэнцыю. Атрымаўшы гэту вестку, я мусіў развітацца з [братам] Іванам і Вільняй ды ехаць. <…> З трудом удалося праскачыць на падводах праз лінію фронта: якраз ажывіліся баявыя чыннасці з боку чырвоных войск, якія пайшлі наперад, хоць вельмі недалёка. У Горадні прабыў некалькі дзён, чакаючы на прыезд Цвікевіча (адзін з дыпламатаў БНР Аляксандр Цвікевіч, які і дамаўляўся з Пятлюрам пра крэдыт. — Заўв. рэд.) з Коўна, бо ён баяўся ехаць у Горадню, чакаючы наскоку палякаў. Гэтае чаканне дорага нам абыйшлося: калі я прыехаў у Бэрлін і з’явіўся ў нямецкі банк зрэалізаваць пераказ украінскага ўраду, здаецца на 1,5 мільёна марак (точна цыфру не памятую), дык аказалася, што за некалькі дзён да таго савецкі ўрад налажыў сэквэстр на ўсе сумы ўкраінскага ўраду ў нямецкіх банках, і немцы з гэтых сум ні ўкраінцам, ні нам нічога не выдалі».
Толькі ў апошнія дні траўня 1919 года Луцкевіч атрымаў грошы і ў чэрвені змог адправіцца ў Парыж. Раней, у першыя дні траўня, туды скіравалася некалькі чалавек з дэлегацыі БНР, у тым ліку генерал Кіпрыян Кандратовіч, які ехаў за свой кошт. Нагадаем, што канферэнцыя на той час ішла ўжо амаль паўгода. Спазненне сур’ёзна зменшыла шанцы нашых суайчыннікаў.

Беларуская дэлегацыя падала краінам-удзельніцам мемарандум з просьбай прызнаць БНР. Але поспеху гэтая ідэя не мела. Нацыянальны рух раздзіралі супярэчнасці: так, у Парыжы ад імені беларускага народа адначасова дзейнічала адразу некалькі дэлегацый.
Але галоўная праблема была ў тым, што эліты заходніх краін, якія пасля Першай сусветнай вайны вызначалі лёсы свету, папросту не ведалі пра існаванне Беларусі. Да таго ж Усходняя Еўропа трапіла ў сферу інтарэсаў Францыі. Гэтая краіна спадзявалася вярнуць велізарныя грошы, якія ёй заставалася вінная Расія, таму не была зацікаўленая ў развале гэтай краіны. У адной з сітуацый прэзідэнт гэтай краіны Жорж Клемансо ўдарыў па карце на тым месцы, дзе знаходзілася Беларусь, і вымавіў: «Тут будзе Расія!» Не маючы войска, з такім аргументам было складана спрачацца: удзел у Парыжскай канферэнцыі скончыўся для БНР нічым.
Раскол Рады і інтрыгі яе лідараў
Без расколаў не абыходзіцца практычна ніякая грамадская арганізацыя. Не пазбегла гэтага лёсу і Рада БНР. Але пра ўсё па парадку.
У канцы 1918 года ў Германіі адбылася рэвалюцыя. Кайзер адрокся ад трона, а неўзабаве краіна наогул капітулявала, вывеўшы войскі з Беларусі, — Першая сусветная вайна скончылася. На змену немцам прыйшлі бальшавікі, якія вырашылі перахапіць ініцыятыву ў сваіх праціўнікаў з БНР.
1 студзеня 1919 года яны абвясцілі ў Смаленску Сацыялістычную Савецкую Рэспубліку Беларусь (ССРБ, пазней перайменаваную ў БССР). Неўзабаве яна аб’ядналася з Літоўскай Савецкай Рэспублікай у ЛітБел (Літоўска-Беларускую Рэспубліку), але ўжо летам 1919-га тэрыторыю гэтай буфернай дзяржавы акупавала Польшча.
Наступныя два гады барацьбу за Беларусь вялі паміж сабой менавіта гэтыя дзве сілы. Масква імкнулася аднавіць кантроль над былымі тэрыторыямі Расійскай імперыі і саветызаваць іх. Глабальна ж яна марыла пра сусветную сацыялістычную рэвалюцыю, і таму яе войскі рухаліся на захад. Варшава ж імкнулася аднавіць Рэч Паспалітую (федэрацыю, у складзе якой да ХVIII стагоддзя жылі продкі беларусаў). Некаторыя палітыкі выступалі за поўнае ўключэнне беларускіх земляў у новую дзяржаву, іншыя — за стварэнне федэрацыі дзяржаваў пад гегемоніяй Польшчы.
Сярод беларускай эліты ўзнікла пытанне, як ставіцца да вайны паміж гэтымі краінамі і на каго арыентавацца ў спробах рэалізаваць ідэі БНР на практыцы. Да таго ж абедзве арміі (і польская, і бальшавіцкая) былі для мясцовага насельніцтва захопніцкімі.
У гэтых умовах Рада БНР у снежні 1919 года раскалолася на дзве арганізацыі.
Першая, Найвышэйшая Рада БНР, спрабавала рабіць стаўку на Польшчу. Яе лідарам быў прэм’ер-міністр Антон Луцкевіч, кіраўніком Рады БНР — Язэп Лёсік (дарэчы, родны дзядзька паэта Якуба Коласа). Гэтыя палітыкі сустракаліся з польскімі калегамі (Луцкевіч, напрыклад, вёў перамовы з лідарам узброеных сіл гэтай краіны Юзафам Пілсудскім). Яны прасілі абараніць Беларусь ад бальшавікоў і прызнаць незалежнасць краіны, падкрэсліваючы, што бачаць яе будучыню ў саюзе з Польшчай. У сітуацыі, калі Захад ігнараваў нашыя прапановы, саюз з Варшавай заставаўся ці не апошнім шанцам для БНР.
Але палякі так і не пагадзіліся на гэты варыянт — і фактычна ўзялі Луцкевіча ў палон. Палітыка, які ўжо быў у Парыжы, запрасілі на перамовы ў Варшаву з польскім прэм’ерам Ігнацыем Падэрэўскім. Той прыехаў, але менавіта тады яго польскі калега сам з’ехаў у Парыж. Калі ж Луцкевіч вырашыў вярнуцца ў сталіцу Францыі, то палякі раптам вырашылі не прызнаваць пашпарт БНР (хоць гэта рабілі іншыя еўрапейскія краіны) і адмовілі яму ў выдачы дыпламатычнай візы.
Луцкевіч і Лёсік займалі свае пасады ў яшчэ адзінай Радзе — да расколу. А вось група палітыкаў, якая выступіла супраць іх, назвала сябе Народнай Радай БНР і вырашыла арыентавацца на рэспублікі Балтыі. Прэм’ерам стаў Вацлаў Ластоўскі, Раду ўзначаліў Пётр Крэчэўскі. Палякі аператыўна арыштавалі першага з іх разам з некалькімі паплечнікамі, прымусіўшы затым эміграваць. Крэчэўскаму таксама давялося пакінуць Беларусь.

Народная Рада БНР змагалася супраць палякаў. Так, Ластоўскі ўдзельнічаў у арганізацыі антыпольскага партызанскага руху. Пры гэтым прадстаўнікі гэтай часткі руху абвінавачвалі Луцкевіча ў прапольскай палітыцы, хоць той быў фактычна ў палітычным палоне.
Раскол не прывёў ні да чога добрага. У канцы лютага 1920 года Антон Луцкевіч, пераканаўшыся ў бясплённасці спробаў дамовіцца з Варшавай, падаў у адстаўку і — ужо як прыватная асоба — з’ехаў у Вільню. Яго паплечнікі працягвалі супрацоўніцтва, але — забягаючы наперад — ветэран беларускай палітыкі меў рацыю.
Але моцна памыліліся і яго праціўнікі. У ліпені 1920 года Літва і Савецкая Расія падпісалі дамову, паводле якой частка беларускай тэрыторыі з гарадамі Гродна, Шчучын, Ліда, Ашмяны, Смаргонь, Паставы і Браслаў пераходзіла літоўцам. Супрацоўніцтва з Народнай Радай БНР іх больш не цікавіла.
А 12 кастрычніка 1920-га Польшча і Савецкая Расія падпісалі папярэднюю дамову пра мір (яе зацвердзілі ў наступным годзе ў Рызе), якой дзялілі Беларусь на дзве часткі. Стаўка Найвышэйшай Рады БНР на Варшаву таксама аказалася бітай.
У выніку 20 кастрычніка ў Рызе адбылася нацыянальна-палітычная нарада. На ёй прадстаўнік Найвышэйшай Рады ад імя сваёй арганізацыі прызнаў паўнамоцтвы канкурэнтаў. Застаўшыся адзінай, Народная Рада зноў стала называцца проста Радай БНР і працягнула барацьбу. Той раскол аслабіў нацыянальны рух, але чарговым разам паказаў, што беларусам трэба спадзявацца ў першую чаргу на саміх сябе.
Вялізная роля для Беларусі, нягледзячы на памылкі
Дзеянні кіраўнікоў БНР у ключавыя моманты часта былі няўдалымі альбо запозненымі. Але ўсё ж не варта цешыць сябе ілюзіямі: у тых умовах Беларуская Народная Рэспубліка амаль не мела шанцаў на поспех. Аднак з’яўленне БНР стала першай спробай абвясціць незалежнасць Беларусі. Грамадскія дзеячы, якія стаялі ля вытокаў гэтай ініцыятывы, былі першапраходцамі. Іншыя палітыкі ўжо ішлі пратаптанай імі дарогай, маглі абапірацца на досвед БНР і апеляваць да яе ідэй.
А яшчэ падзеі 25 сакавіка 1918-га не маглі застацца па-за ўвагай Масквы. Бальшавік Ісаак Рэйнгольд прызнаваўся ў наступным, 1919-м, годзе: «Існаванне Беларускай Рады прымусіла вылучыць Беларускую [Савецкую] Рэспубліку». Гэта яшчэ адно пацверджанне таго, што без БНР з вялікай доляй імавернасці не было б БССР: бальшавікі фактычна былі вымушаныя перахапіць ініцыятыву ў «нацыяналістаў», а значыць, прапанаваць беларусам не менш, чым яны. Калі б не было БССР, у 1991-м нашая краіна напэўна засталася б у складзе Расіі. Так што без падзей 25 сакавіка 1918 года не было б сучаснай незалежнай Беларусі.
Чытайце таксама


