Лукашэнка зноў нібыта хацеў зрабіць жанчынам камплімент, але ў выніку іх зняважыў і абразіў. Гэтым разам дасталася ўкраінкам
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Яшчэ да публікацыі поўнай версіі інтэрв'ю Аляксандра Лукашэнкі тэлеканалу «Россия 1» было зразумела, што ён нагаварыў шмат дзіўнага. Цяпер жа на YouTube з’явілася відэа размовы цалкам — і высветлілася, што насамрэч дзіўнага было нават больш. У прыватнасці, пад канец інтэрв'ю палітык нібыта паспрабаваў зрабіць украінскім жанчынам камплімент, але фактычна проста абразіў іх. Падобныя сітуацыі з ім ужо адбываліся — успамінаем і тлумачым, чаму гэта не проста крыўдна для жанчын, але і шкодна для ўсяго грамадства.

Александр Лукашенко в интервью для телеканала "Россия 1", август 2024-го. Скриншот YouTube
Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю для тэлеканала «Россия 1», жнівень 2024 года. Скрыншот YouTube

У канцы гутаркі Лукашэнка разважаў, чым скончыцца вайна для Украіны. Там, на ягоную думку, некалі зразумеюць, што на Захадзе «іх проста выкарысталі і кінулі».

— Усё роўна ўкраінцы будуць нашымі людзьмі, ніхто іх там не чакае, нікому яны не патрэбныя, — заявіў палітык. І дадаў: — Жанчыны будуць у іх падсцілкамі, як гэта цяпер адбываецца. Прыгажуні — украінскія жанчыны — яны проста прастытуцыяй там зарабляюць.

З аднаго боку, можа падацца, што палітык не хацеў сказаць нічога кепскага, бо ён назваў украінак «прыгажунямі». Але з іншага, Лукашэнка наўпрост абазваў іх «падсцілкамі» і абвінаваціў у гандлі сваім целам.

Раней ён ужо не раз выкарыстоўваў такі прыём на беларусках — змякчаў па сутнасці абразлівыя рэчы нібыта прыемнымі словамі. Яскравы прыклад такой рыторыкі — выступ Лукашэнкі перад прадстаўніцамі актыву Беларускага саюза жанчын у сакавіку 2024-га.

Там ён, напрыклад, называў жанчын «эфектыўнай дыпламатычнай зброяй» і таксама рабіў адсылкі да прыгажосці беларусак, што, відаць, мусіла ўспрымацца як камплімент слухачкам. Аднак фактычна гэта стала толькі чарговым прыкладам аб’ектывацыі, калі асоба жанчыны не стаіць на першым плане, а сама яна ўспрымаецца як зручны аб’ект, які выконвае патрэбную дзяржаве функцыю. Раней мы гаварылі пра гэта падрабязней.

Калі вам сорамна за чарговыя словы Лукашэнкі, гэта зразумела. Такія перакананні наконт украінак даўно прызнаныя ганебнымі (і скажаюць рэальнасць)

Стэрэатып пра тое, што ўкраінкі нібыта схільныя працаваць у індустрыі сэкс-паслуг, прыдуманы, вядома, не Лукашэнкам. Ён распаўсюджваецца ўжо доўгі час, і «пагарэлі» на ім нават вядомыя асобы.

Напрыклад, у пачатку 2024 года праз гэта здарыўся скандал на шведскім тэлебачанні. Журналістка Элаф Алі пажартавала, што ўкраінкі, «бландзінкі і блакітнавокія, зліваюцца з натоўпам, таму вы [жыхары Швецыі] не заўважаеце іх прысутнасці, акрамя як у бардэлях». Гэта не прайшло міма не толькі эмігрантак з Украіны, але і амбасадара гэтай краіны ў Швецыі Андрэя Плахатнюка. Ён раскрытыкаваў перадачу, у якой прагучала выказванне Алі, і запатрабаваў ад яе публічных прабачэнняў.

Падобна крыху раней спатыкнулася галівудская акторка Меган Фокс. У сваім допісе ў Instagram яна параўнала ўкраінак з надзіманымі сэкс-лялькамі, чым выклікала хвалю гнеўных каментароў ад жыхарак нашай краіны-суседкі.

Не варта забываць, што і ў серыялах, якія паказваліся на тэрыторыі Беларусі, асабліва ў нулявых, праскокваў гумар, які нібыта задумваўся смешным, але насамрэч нярэдка прыніжаў кагосьці. З украінкамі (ды і Украінай наогул) такое таксама адбывалася — у серыяле «Мая цудоўная няня».

У выніку, калі такія «жарты» і заявы гучаць адусюль, у грамадстве фарму.цца кагнітыўныя скажэнні, то-бок памылкі ўспрымання рэчаіснасці. Умоўна кажучы, чалавек можа пачаць успрымаць кожную ўкраінку як жанчыну, якая гандлюе сваім целам, яшчэ да таго, як наогул пазнаёміцца з ёй. Хоць цалкам відавочна, што гэта не адпавядае рэальнаму стану рэчаў.

Вядома, пазбаўляцца нейкіх стэрэатыпных установак — нават такіх, відавочна абразлівых — цяжка і доўга як для кожнага паасобку, так і для ўсяго грамадства (чаму так адбываецца, мы таксама ўжо тлумачылі). Таму калі такія фразы нібы мімаволі транслююцца з вуснаў палітыка, які лічыць сябе кіраўніком дзяржавы і мае аўтарытэт у некаторых слаёў грамадства, гэта не можа не выклікаць пытанняў. Бо, па сутнасці, ён толькі падмацоўвае шкодныя ўстаноўкі і спрыяе іх прасоўванню.

Асабліва цынічна гэта ўспрымаецца цяпер — калі праз поўнамаштабны напад Расіі на Украіну многія жанчыны з дзецьмі былі вымушаныя з’язджаць са сваіх дамоў не проста без дастатковай колькасці грошай і рэчаў, але і нярэдка без мужоў, якія засталіся невыязнымі або адразу ж паехалі на фронт.

— Сярод украінскіх мігрантаў мужчын вельмі мала, у асноўным жанчыны і дзеці, — адзначала для «Новай газеты. Балтыя» Эла Лібанава, дырэктарка ўкраінскага Інстытута дэмаграфіі і сацыяльных даследаванняў імя Птухі.

Становішча, у якім аказваюцца гэтыя эмігранткі, асабліва ўразлівае — і таму яны сапраўды могуць быць уцягнутыя ў сэкс-бізнес. Часта гэта адбываецца незаўважна для саміх ахвяр, бо завабліваюць у пастку іх, як правіла, нявіннай прапановай дапамогі. А калі на жанчыне ляжыць адказнасць за яе дзяцей, у яе няма працы і, магчыма, ведання замежнай мовы, то няцяжка ўявіць, на што яна будзе гатовая пагадзіцца і на якія «чырвоныя сцяжкі» закрые вочы, каб пракарміць сябе і сям’ю.

«Марыя нават не задумвалася, што на яе пост [пра дапамогу] могуць адгукнуцца людзі з нядобрымі намерамі. Пасля Марыупаля і абстрэлаў яе пачуццё небяспекі прытупілася. „Самае кепскае ўжо перажытае, што можа быць страшнейшае? — разважае яна. — Калі кожную хвіліну думаеш, у цябе прыляціць ці не ў цябе, выжывеш ці не выжывеш“», — пісала пра ўцякачку з Украіны расійскае выданне «Вёрстка».

Такія гісторыі здараюцца не толькі з тымі, хто збег з краіны. Увесну гэтага года, напрыклад, паведамлялася пра затрыманне мужчыны, які збіраўся вывезці ўкраінку для сэкс-працы ў Камбоджу. «Наём» адбываўся пад легендай працаўладкавання ў замежным «мадэльным агенцтве», а дзяўчына пагадзілася на гэта «праз вялікі доўг перад банкам і наяўнасць малога дзіцяці».

Тым не менш, мабыць, у любой краіне свету будзе пэўная колькасць людзей, якія аказваюцца ўцягнутымі ў сэкс-індустрыю. І выхадцы з Украіны сярод іх займаюць нават не першыя пазіцыі, паводле звестак Беларускага расследавальніцкага цэнтра. З Расіі, як выявілася, на сэкс-працу ў краіны Еўропы прыязджае яшчэ большая колькасць жанчын. Адзін з галоўных фактараў, якія спрыяюць траплянню людзей у сэкс-бізнэс, — беднасць (а зусім не іх асабістыя якасці ці жаданне).

Чытайце таксама